Карбалевіч: беларускія «мабілізаваныя» будуць абслугоўваць расійскі тыл

Палітолаг Валерый Карбалевіч — пра «контртэрарыстычную аперацыю» і прыхаваную мабілізацыю, якую нібыта праводзіць рэжым.

Валерый Карбалевіч

Валерый Карбалевіч


Нядаўна Уладзімір Макей у інтэрв'ю заявіў, што ў Беларусі абвешчаны рэжым контртэрарыстычнай аперацыі. КДБ яго заяву абвергла, а Лукашэнка паведаміў пра ўвядзенне рэжыму павышанай тэрарыстычнай небяспекі.
— Я думаю, тут адбылося непаразуменне, — каментуе сітуацыю палітолаг Валерый Карбалевіч. — Макей няўдала сфармуляваў сітуацыю, яго паправілі. Тут цікава, як Макей спалохаўся, што аж два разы абвяргаў: маўляў, гэта СМІ ўсё наблыталі і вінаватыя яны. Яго спалох быў бачны, і ён не мог яго схаваць.
Гэта значыць, што на вярхах вельмі нервовая стрэсавая абстаноўка. І зразумела, што ва ўмовах стрэсу прымаць нейкія вывераныя рашэнні вельмі складана, адсюль і розныя супярэчнасці, узаемавыключальныя заявы.
Гэта сведчыць пра тое, што Лукашэнка і яго каманда знаходзяцца ў напружанай сітуацыі і нават не могуць гэтага схаваць.
Нягледзячы на тое, што апошнім часам сілавы блок усё часцей стаў разважаць пра вайну і яе пераломныя моманты, Карбалевіч лічыць, што Лукашэнка па-ранейшаму ўтрымлівае ўсе рычагі ўлады.
— Захаваўся практычна рэжым асабістай улады. Сілавы блок не атрымаў большай улады Лукашэнкі, ён з'яўляецца інструментам. Яны проста слепа паўтараюць тое, што кажа Лукашэнка, нават не задумваючыся. А тое, што яны шмат гавораць, дык гэта па даручэнні Лукашэнкі супакоіць народ. І яны спрабуюць гэта рабіць як умеюць.
Апошнім часам мы часта чуем, што ў Беларусі гавораць пра схаваную мабілізацыю, якая нібыта праводзіцца зараз. Справа ў тым, што мужчынам з рэгіянальных гарадоў усё часцей сталі прыходзіць позвы. Эксперт лічыць, што гэта не сведчыць пра мабілізацыю, максімум — пра мабілізацыйныя мерапрыемствы.
— Людзей выклікаюць на вайсковыя зборы. Любыя зборы — нядоўгія, праз некаторы час людзі вяртаюцца дадому. Называць гэта мабілізацыяй складана. Мы бачым, што людзей выклікаюць у правінцыі. У Мінску і буйных гарадах людзей пакуль што імкнуцца не чапаць. Гэта таксама сведчыць, што ўлады асцерагаюцца незадаволенасці, якая якраз можа быць у вялікіх гарадах. Цяжка чакаць нейкага пратэсту ў вёсцы, напрыклад. Я б назваў гэта нейкімі мабілізацыйнымі мерапрыемствамі, але не больш. Ажыццяўляюцца нейкія праверкі спісаў. Гэта значыць праверкі ёсць, а поўнамаштабнай мабілізацыі я пакуль што не бачу.
Хутчэй за ўсё, тут ідзе гаворка пра забеспячэнне інфраструктуры расійскіх войскаў, якія знаходзяцца ў Беларусі. Паводле афіцыйнай інфармацыі, у Беларусь павінна прыбыць каля дзевяці тысяч расійскіх вайскоўцаў, якія будуць тут трэніравацца, навучацца і гэтак далей. І вось для іх знаходжання тут і патрэбныя нейкія дадатковыя спецыялісты тылавога забеспячэння. Хутчэй за ўсё, гэтую функцыю і будуць выконваць людзі, якіх цяпер выклікаюць на зборы.

Паводле «Салідарнасці»