Макей раскрыў планы Лукашэнкі

Палітолаг Павел Усаў разважае пра тое, што даручэнне Лукашэнкі пра нейкую контртэрарыстычную аперацыю ўсё ж ёсць, але самае страшнае, што пра змест яе грамадства не апавясцілі, відаць, каб не выклікаць панікі.

nehvaltouny_pratest_belarus2020_novy_czas_dzmitryj_dzmitryeu14.jpg

Макей раскрыў планы Лукашэнкі ў сваім інтэрв'ю «Известиям», гэта выклікала імгненную рэакцыю і хваляванне ў краіне. Цяпер ён спрабуе апраўдацца і супакоіць становішча.

Але не вельмі атрымліваецца. Макей заявіў: «Ёсць даручэнне прэзідэнта, якое было агучана, у тым ліку публічна, правесці мерапрыемствы контртэрарыстычнага характару».

Інакш кажучы:

1. Даручэнне Лукашэнкі ёсць. Вуснае або пісьмовае, з якім зместам — мы не ведаем.

2. Што ў ім прапісана або агучана, мы не ведаем і наўрад ці даведаемся, таму што гэта выкліча яшчэ большую паніку. Як і паняцця не маем, што такое гэтыя мерапрыемствы «контртэрарыстычнага характару».


3. У краіне разгортваецца расійская групоўка ў рамках аб'яднанай рэгіянальнай групоўкі войскаў.

4. Ваенная і палітычная адміністрацыя адпраўлена ў калектывы для прамывання мазгоў і забеспячэння інфармацыйнай падтрымкі для дзеянняў ваеннага характару.

5. У краіне ідзе ці то прыхаваная мабілізацыя, ці то «інвентарызацыя» ваеннага рэзерву.

6. Украіне выстаўленая нота з абвінавачваннямі ў правядзенні дзеянняў варожага характару супраць Беларусі.

7. Афіцыйная прапаганда актыўна падсоўвае агрэсіўную прарасійскую вайсковую рыторыку і істэрыю ў Беларусі, а таксама адкрыта абвінавачвае (услед за Лукашэнкам) NATO ў падрыхтоўцы ледзь ці не ўварвання ў Беларусь.

8. КДБ атрымлівае права ўводзіць абмежаванні на выезд з краіны для фізічных асоб.

9. Лукашэнка ўскладае на сябе функцыі кіраўніка КДБ.

10. Дэлегацыя Лукашэнкі падтрымлівае Расію ў пытанні галасавання па рэзалюцыі супраць анексій тэрыторый Украіны ў ААН.

Іншымі словамі, краіна практычна знаходзіцца на ваенным становішчы без якіх-небудзь заяў і публічных указаў. Рашэнні будуць прымацца кулуарна і без інфармавання грамадства.

Пытанне ўступлення ў Узброеных Сіл РБ у прамую канфрантацыю застаецца адкрытым і ніхто не скажа сёння, што гэтага не будзе. І разам з тым, незалежных аналітыкаў абвінавачваюць у тым, што яны сеюць паніку і скажаюць рэальнасць.

Гэта значыць, я так разумею, што для многіх грамадзян гэта нармальнае становішча спраў, а для некаторых аналітыкаў — хітрая гульня Лукашэнкі, каб не ўступіць у вайну.