Крыніцы: Лукашэнка ўжо прыняў рашэнне аб мабілізацыі ў Беларусі
Як стала вядома «Н*шай Ніве», Аляксандр Лукашэнка прыняў прынцыповае рашэнне аб правядзенні схаванай мабілізацыі ў Беларусі для даўкамплектацыі баявых часцей. Яна будзе ісці пад выглядам праверкі баяздольнасці.
На першым этапе мабілізацыя не будзе закранаць вялікія гарады, мабілізоўваць будуць найперш сельскае насельніцтва. Даўкамплектацыя баявых часцей робіць сцэнар эскалацыі на мяжы Беларусі з Украінай імаверным.
Пра мабілізацыю «НН» паведамілі некалькі не звязаных паміж сабой
крыніц. Колькасць людзей, якіх
плануюць мабілізаваць, пакуль невядомая.
Лукашэнка вырашыў не заяўляць пра мабілізацыю
публічна. Гэта было зроблена з улікам наступстваў такога рашэння ў Расіі.
«Схаваная мабілізацыя» будзе праходзіць пад выглядам праверкі баяздольнасці
часцей і выкліку ваеннаабавязаных на зборы, якія ў народзе вядомыя як «набор у
партызаны».
Пра мэты мабілізацыі можна будзе меркаваць, ведаючы лічбу сабраных.
«Набор да 2000 чалавек гаварыў бы пра даўкамплектацыю
асобных часцей пад вузкія баявыя задачы, напрыклад, артылерыйскія», — сказаў афіцэр Узброеных сіл Беларусі.
«Трывогу трэба будзе біць, калі лічба мабілізаваных
пераваліць за пяць тысяч. Гэта будзе азначаць стварэнне ўдарнай групоўкі на
нейкім кірунку. Калі пераваліць за 10 тысяч — некалькіх груповак», — дадае
суразмоўца.
Даставерна вядома, што пакуль позвы атрымліваюць
толькі жыхары невялікіх раёнаў Беларусі. Вялікія гарады першая хваля «схаванай
мабілізацыі» пакуль не закранае.
«Найбольшая ўстаноўка на тыя ваенна-ўліковыя спецыяльнасці,
якіх дэфіцыт у расійскай арміі», — кажуць абазнаныя крыніцы.
Адна з крыніц кажа, што «на зборы» выклікаюць кіроўцаў.
Іншая — «кухараў, кіроўцаў, тэхнічны і тылавы персанал». Магчыма, гаворка ідзе
пра набор на першым этапе таго абслугоўваючага персаналу, які зможа забяспечыць
падрыхтоўку саміх мабілізаваных і тэхнікі для іх.
«З 12 кастрычніка па 12 лістапада вайсковыя камісарыяты
праводзяць зверку ўліковых даных з мясцовымі распараджальна-выканаўчымі
органамі і прадпрыемствамі», — гэта ўжо публічна кажуць у эфіры прапагандысцкіх
СМІ ваенкамы. Раней такія зверкі аднамомантна не праводзіліся.
Публічна Лукашэнка, а за ім і генералы заяўляюць,
што Беларусь уступіць у вайну толькі ў выпадку нападу на яе тэрыторыю.
Адначасова прапаганда праграмуе сілавікоў і насельніцтва, што такі напад з боку
Украіны, маўляў, абавязкова адбудзецца, бо да гэтага нібыта ўлады Украіны
падштурхоўвае Захад.
Пры гэтым Лукашэнка заявіў, што ў Беларусь прыбудзе
«не адна тысяча» рускіх салдат, і прызнаў удзел Беларусі ў «спецыяльнай ваеннай
аперацыі», што робіць нашу краіну легітымнай цэллю для акрэплай украінскай
арміі.
Раней крыніцы выдання паведамлялі, што на беларускія
палігоны чакаецца прыбыццё значнай колькасці расійскіх мабілізаваных.
«Па маёй інфармацыі, ідзе падрыхтоўка для прыняцця расійскіх
мабілізаваных на беларускіх палігонах, у вучэбных цэнтрах і вайсковых часцях. У
нас ёсць і месцы для трэніровак, і інструктары. Магчыма, Расія патрабуе ад
Лукашэнкі, каб навучанне часткі мабілізаваных расійскіх вайскоўцаў праходзіла ў
Беларусі і праводзілі яго беларускія сілавікі», — выказваў раней меркаванне
адзін з нашых суразмоўцаў.
Іншыя суразмоўцы звяртаюць увагу на паветраныя ўдары з
паветранай прасторы Беларусі і спробу захапіць Кіеў і поўнач Украіны ў лютым
2022 года, што былі здзейснены з тэрыторыі нашай краіны.
«Украінцы маюць усе падставы не дапусціць другога паходу на
Кіеў, які, мяркуючы па ўскосных прыкметах, можа цяпер рыхтавацца. У той жа час
любы прэвентыўны ўдар па рускіх у Беларусі можа быць інтэрпрэтаваны як напад на
Беларусь», — кажа наш суразмоўца.
Перад нападам Расіі Лукашэнка прагназаваў, што
вайна скончыцца перамогай рускіх «за тры-чатыры дні». Правал Расіі на першым
этапе вайны стаў нечаканасцю для лукашэнкаўцаў. Прапаганда Мінска працягвала
гаварыць пра непазбежнасць перамогі Расіі і асвятляла падзеі ў тым жа духу, што
і расійскі афіцыёз. Сам Лукашэнка не раз казаў, што «Расія не можа прайграць».
А беларуская разведка, мяркуючы па ўсім, не чакала і таго, што ўкраінцы
пяройдуць у контрнаступ на поўдні.
У Мінску ўсё яшчэ вераць, што перамога будзе за «саюзнай
дзяржавай Беларусі і Расіі». Кіраўнік Камітэта дзяржаўнай бяспекі Іван Церцель
у нядаўнім выступленні перад супрацоўнікамі БелАЗа нават канкрэтызаваў дату пачатку
«пералому» — лістапад 2022-га. Калі схаваная мабілізацыя пачнецца зараз, то
акурат да сярэдзіны лістапада яна будзе скончана.