Украінскі эксперт: УСУ застаяліся на мяжы з Беларуссю, ужо рвуцца ў бой, іх спыняюць нашы генералы
Украінскі вайсковы эксперт Раман Світан пракаментаваў заявы Лукашэнкі аб тым, што яны з РФ будуць аб'ядноўвацца ў вайсковыя групоўкі, бо Украіна нібыта пагражае Беларусі. Пра гэта ён заявіў у інтэрв'ю «УНІАН».
«Можна сказаць, што гэта апошні ход падрыхтоўкі да зліцця Расіі і Беларусі. І ён можа быць таксама прымеркаваны да гэтых перамоў. Ствараецца пэўны палітычны кейс, якім будуць гандлявацца на гэтых перамовах. Таму Пуцін, што называецца, надзімае шчокі. Гэта значыць, павялічвае ў медыйным плане свой ваенны складнік. За кошт Беларусі ён, вядома, нічога не павялічыць, паколькі беларуская армія ніколі не ваявала ні з кім і ў яе няма баявога вопыту. Яны не будуць ваяваць з Украінай. Адзінае, што яны могуць зрабіць — гэта даць сваю тэрыторыю расійскім войскам», — сказаў эксперт.
Світан упэўнены, што Лукашэнка баіцца прэвентыўнага ўдару з
боку УСУ.
«Таму што як толькі мы зразумеем, што ў наш бок
рыхтуецца нейкае наступленне, мы нанясём удар ужо па тэрыторыі Беларусі. Тады
пад ударам будуць усе ваенныя аб'екты, уключаючы Мазырскі нафтаперапрацоўчы
завод, аэрадром у Зябраўцы. Пад нож пойдуць Ліда, Баранавічы, іншыя важныя беларускія аэрадромы. Тады Лукашэнка наогул застанецца без авіяабароны. Такія крокі медыйнага плана не створаць ніякіх праблем для ўкраінскай арміі. Армія
гатова сустрэць любое войска з Поўначы. Армія «закапана» ўздоўж
мяжы, прамініравана, узведзены пэўныя інжынерныя збудаванні, прамініраваны ўсе
танканебяспечныя напрамкі. Гэта значыць, быў выкананы поўны комплекс абарончых
мерапрыемстваў. Гэта выконвалася не адзін месяц з таго моманту, як толькі стала
пытанне аб закрыцці мяжы з паўночнага боку. Там ужо, як кажуць, коні
застаяліся — сілы на паўночнай мяжы ўжо рвуцца ў бой. Іх спыняюць нашы генералы.
Лукашэнка можа гэта прагназаваць, дарэчы», — заявіў эксперт.
Ён прагназуе, што любая праблема ва Украіне можа сарваць
гэтыя часткі, размешчаныя ўздоўж мяжы Беларусі, і яны зачысцяць лукашэнкаўскі рэжым.
«Ёсць яшчэ батальёны беларускіх добраахвотнікаў, якія таксама размешчаны на беларускай мяжы. А іх дакладна ўжо ніхто не спыніць, нават нашы каманды. Яны могуць проста пайсці вызваляць тэрыторыю Беларусі. Рух менавіта такога плана Лукашэнка прагназуе. Яны разумеюць, што ад гэтага яны ніяк не зачыняцца, таму спрабуюць прыкрыць сваю тэрыторыю гіпатэтычнай наяўнасцю нейкай сілы. Але мы яе не бачым там наогул нідзе. Яны ў нас боўтаюцца ўжо паўгода на поўдні, і мы іх проста нішчым кожны дзень — па батальёне на канцэрт да Кабзона адпраўляем. Натуральна, Лукашэнка разумее, што за некалькі тыдняў ад ягонага рэжыму можа нічога не застацца. Таму ён больш баіцца. Гэта такая абарончая рэакцыя на меркаваную пагрозу з боку Украіны», — дадаў Світан.
Нагадаем, Лукашэнка 10 кастрычніка паведаміў аб разгортванні
агульнай групоўкі войскаў Расіі і Беларусі на мяжы з Украінай «у сувязі з
абвастрэннем на заходніх межах Саюзнай дзяржавы».
Паводле звестак украінскага Генштаба, прыкмет фарміравання наступальных
груповак на тэрыторыі РБ і перамяшчэння войскаў на мяжы з Украінай не
назіраецца.
11 кастрычніка ў Беларусі пачалі праверку войска. Яна мае
комплексны характар і ахоплівае важнейшыя пытанні праверкі гатоўнасці да
выканання задач па прызначэнні.