Лукашэнка ўпершыню прызнаў, што Беларусь удзельнічае ў вайне. І назваў вайну «спецаперацыяй»

Аляксандр Лукашэнка на чарговай нарадзе са сваімі сілавікамі ўпершыню публічна заявіў, што Беларусь з'яўляецца ўдзельнікам вайны ва Украіне. Пры гэтым многія заўважылі, што расійскую агрэсію ў суседняй краіне ён цяпер вайной не называе — выкарыстоўвае расійскі тэрмін «спецаперацыя».

8c6703b_b131b35_____.jpg

«Што тычыцца нашага ўдзелу ў спецыяльнай ваеннай аперацыі ва Украіне, мы ўдзельнічаем там. Мы гэтага не хаваем. Але мы нікога не забіваем. Мы нікуды не пасылаем сваіх вайскоўцаў. Мы не парушаем сваіх абавязацельстваў», — цытуе Лукашэнку дзяржаўная прапаганда.

Ён зноў паўтарыў наратывы пра тое, што Беларусі трэба «прыкраць спіну» расійцам, бо магчымы ўдар з боку краін НАТА — Польшчы, Літвы і Латвіі.

«Вось наш удзел», — сказаў Лукашэнка.

Таксама ён паўтарыў, што «ў Беларусі няма неабходнасці аб'яўляць мабілізацыю».

Адзначым, што з пункту гледжання міжнароднага права Беларусь удзельнічае ў вайне на баку Расіі з першага дня поўнамаштабнага ўварвання. Бо напад на Украіну і рэгулярныя абстрэлы яе гарадоў армія РФ здзяйсняе ў тым ліку з беларускай тэрыторыі.