Беларусь у перадваенным стане

Калі ў першым акце на сцяне вісіць ружжо, у трэцім яно павінна стрэліць — гэта закон тэатральнага жанру. І па гэтым законе складаецца ўражанне, што беларускае грамадства рыхтуюць да вайны. Менавіта вайной абумоўлены прадстаўлены экспертамі чарговы «Беларускі трэкер перамен».

Гэты лозунг больш неактуальны?

Гэты лозунг больш неактуальны?


«Беларускі трэкер перамен» — гэта своеасаблівы экспертны агляд тэндэнцый, што былі ў Беларусі і за яе межамі, датычныя Беларусі, якія робяць шэсць экспертаў. Ён уключае ўнутраную і знешнюю палітыку, эканоміку і настроі ў грамадстве. «На ўваходзе» эксперты адразу папярэдзілі: агляд падрыхтаваны за лета, а таму не ўключае ў сябе ані поспехі Украіны на фронце, ані прарасійскія рэферэндумы на акупаваных Расіяй тэрыторыях, ані абвешчаную Пуціным мабілізацыю. Мінулы «трэкер перамен», нагадаем, быў арыентаваны на вясну.


Палітыка

Безумоўна, вайна паўплывала на знешнюю палітыку і стаўленне да беларусаў, адзначыў Павел Слюнькін. Калі раней Беларусь уяўлялася ў рэчышчы самастойнага актара, з уяўным падзелам на грамадзян і рэжым Лукашэнкі, то цяпер свет пакрысе вяртаецца да ранейшай мадэлі, пры якой краіна атаясамліваецца з Лукашэнкам. Яскрава гэта было бачна па жаданні некаторых краін увесці візавыя забароны для грамадзян Сінявокай.

Аднак такая прапанова, як адзначыў Слюнькін, не была прынята менавіта дзякуючы наяўнасці альтэрнатыўных прадстаўнікоў Беларусі ў дыпламатычным асяроддзі.

Асобна Слюнькін адзначыў стварэнне Аб’яднанага пераходнага кабінета ў выніку канферэнцыі дэмакратычных сіл, абвешчанай Святланай Ціханоўскай. Важным ён назваў тое, што госці і ўдзельнікі канферэнцыі збольшага пагадзіліся: мірныя спосабы барацьбы з рэжымам Лукашэнкі аказаліся неэфектыўнымі, і цяпер падаецца нармальным рабіць стаўку на падрыхтоўку сілавых сцэнарыяў па змене ўлады ў Беларусі. «Такім чынам адбылася змена кантэксту з мірнай барацьбы за перамены ў Беларусі на сілавую барацьбу за свабоду Беларусі», — адзначыў ён.

Арцём Шрайбман назваў унутраную палітыку на працягу лета «фазай мілітарызацыі». Што тычыцца ўлады, гэта было відавочна: выдача стралковай зброі супрацоўнікам МНС, стварэнне «народнага апалчэння» ці не ў кожным сельсавеце, прапанова раздаць зброю леснікам.

img_0873_myzne.jpg


Адначасова з гэтым значна ўзмацняецца «ідэалагічны фронт»: раней рэпрэсіі тычыліся недзяржаўных грамадска-палітычных СМІ, а цяпер рэпрэсіі зазналі сродкі масавай інфармацыі, якія даўно адышлі ад «палітычнай павесткі». У азначаны перыяд было арыштавана кіраўніцтва партала аб аўтамабілях abw.by, ІТ-партала dev.by, Канстанціну Залатых, дырэктару выдання «Беларусы і Рынак», прад’явілі абвінавачванне ў распальванні варожасці, а сайт выдання заблакіравалі. І заблакіравалі партал гарадскіх навін «CityDog».


Эканоміка

Кацярына Барнукова заўважыла цікавы момант у беларускім гандлі. Як вядома, санкцыі, уведзеныя адносна Беларусі, распаўсюджваюцца і на такую сферу, як нафтапрадукты. І, калі глядзець на статыстыку ЕС, беларуская «нафтанка» туды сапраўды не пастаўляецца. Аднак беларускія нафтаперапрацоўчыя заводы сталі пачуваць сябе значна лепш — гэта бачна па іх справаздачах, напрыклад, аб заробках.

«Куды ідуць гэтыя нафтапрадукты, на жаль, я вам адказаць не магу, бо, па звестках ЕС, яны нашы нафтапрадукты не набываюць», — сказала Барнукова. І дадала, што беларускія нафтапрадукты маглі б прадавацца пад маркай іншай краіны.

А можа быць, усё проста: ствараюцца стратэгічныя запасы паліва «на выпадак вайны»? Альбо шмат беларускіх нафтапрадуктаў ідзе на ваенныя патрэбы Расіі? А можа і тое, і другое.

А ў астатнім у эканоміцы ўсё прадказальна кепска, адзначыў Леў Львоўскі. ВУП працягнуў падзенне, і нават больш рэзка, чым увесну — да мінус 10% у ліпені і сцішыўся да мінус 3% у жніўні, але дзякуючы сезоннаму фактару — «бітве за ўраджай». Калі гэты фактар прыбраць, то падзенне ў жніўні склала 6,5%. Тэмпы падзення ВУП сталі больш павольнымі, але само падзенне не спынілася.

За ВУП, канешне, падалі рэальныя заробкі: у ліпені яны былі на 5,9% ніжэй, чым у мінулым годзе. І самым цікавым тут стала падзенне заробкаў у ІТ-сектары, а таксама падзенне самой дабавачнай вартасці ў ІТ-сферы.


Грамадства

У гэтым раздзеле — самыя цікавыя, але і найбольш трывожныя звесткі. Па-першае, як адзначыў сацыёлаг Філіп Беканаў, у Лукашэнкі скончыўся рэсурс «шэрай зоны». Увесну Лукашэнку ўдалося «прадаць» нейтральнай частцы грамадства тэзіс пра тое, што «ўсё магло быць яшчэ горш». Групы прыхільнікаў рэжыму, праціўнікаў рэжыму і так званых «нейтралаў» практычна не змяніліся. Гэта значыць, што падтрымкі ў Лукашэнкі не пабольшала. «Рэжым вычарпаў тэмпы росту за кошт нейтральнай часткі грамадства», — сказаў Беканаў, і калі не здарыцца чаго-небудзь звышнатуральнага, то чакаць росту падтрымкі рэжыму не выпадае.

І калі рост падтрымкі рэжыму ўвесну быў звязаны з вайной, то ўлетку беларусы ўсё менш падтрымлівалі вайну.

Апроч таго, грамадства вельмі палярызавалася. Канфлікт паміж прыхільнікамі Лукашэнкі і яго праціўнікамі, па меркаванні Беканава, трансфармуецца з палітычнага канфлікту в канфлікт сацыяльны і ў нечым нават светапоглядны. Гэта бачна на графіку, вядомым як шкала Багардуса — яна прызначана для вымярэння сацыяльнай дыстанцыі, што існуе паміж сацыяльнымі і этнічнымі групамі. Самыя прыязныя адносіны (аж да шлюбу) выяўляюцца ў ёй 1 балам. Самыя непрыязныя — аж да адмовы жыць у адной краіне — 7 баламі.

bezymjannyj2.png


І, як мы бачым, паміж прыхільнікамі і праціўнікамі Лукашэнкі розніца ў светаўспрыманні не толькі ўлады і яе прадстаўнікоў, але і па цэлым шэрагу пытанняў, амаль што не супрацьлеглыя паказчыкі: стаўленне да пэўных нацый, сацыяльных груп і падзей кшталту вайны ва Украіне.

Дарэчы, сацыёлагі запыталіся двума спосабамі, што беларусы думаюць наконт сілавога сцэнарыя змены ўлады ў краіне. З аднаго боку, пытанне задавалася кшталту: «што вы думаеце з гэтай нагоды»? А з іншага,  сацыёлагі прасілі рэспандэнтаў уявіць нейкага сябра ці блізкага чалавека і спрагназаваць, што ён думае і ці стаў бы ён падтрымліваць гвалтоўныя дзеянні. Добры псіхалагічны прыём — зазвычай на гэтага «ўяўнага» чалавека мы пераносім свае думкі і меркаванні.

Выявілася, што агульны ўзровень падтрымкі сілавых дзеянняў — 40-50%. Вось табе і «мы, беларусы, мірныя людзі».

bezymjannyj3.png


Дарэчы, Генадзь Коршунаў, які, як і мінулым разам, выступіў у ролі «эксперта па рэпрэсіях», зазначыў іх пэўную мілітарызацыю. Гэта тычыцца і іх «рэгіянальнасці»: улетку было больш выпадкаў рэпрэсій у паўднёвых рэгіёнах Беларусі, што бліжэй да Украіны, і ў іх кірунку. Прынамсі, сілавікі паведамлялі пра большую колькасць судоў і затрыманняў грамадзян, якія ў сацсетках выказвалі жаданне ваяваць за Украіну. І, канешне, гэта ціск на сваякоў людзей, якія служаць цяпер ва Украіне ў «палку Каліноўскага».

Ускосна сюды можна запісаць і «войны памяці» — разбурэнне манументаў салдатам Арміі Краёвай і знішчэнне так званых «польскіх магіл» у заходніх рэгіёнах краіны.


Як вынік…

Калі лічыць, што эксперты рыхтавалі свае даклады незалежна адзін ад аднаго (а нават калі так і не лічыць), то тэндэнцыя вымалёўваецца даволі трывожная. Чатыры з шасці экспертаў (за выключэннем эканамістаў) так ці інакш адзначылі мілітарызацыю беларускага дыскурсу і яго накіраванасць на сілавыя дзеянні. Больш за тое, тыя самыя «сілавыя дзеянні» перасталі быць табу для вырашэння ўнутраных беларускіх праблем.

Зразумела, што і сама дзяржава размахам рэпрэсій і сілавых дзеянняў гэтаму паспрыяла, бо шмат у каго ўзнікае пытанне: «Калі можна ім, чаму нельга мне»? А пастаяннае педаляванне «знешняй пагрозы», бясконцыя ваенныя вучэнні, акцэнтаванне на тым, што «навокал ворагі», і стварэнне квазімілітарысцкіх утварэнняў унутры грамадзянскіх службаў — усё гэта толькі падлівае алею ў агонь. Прынамсі, робіць уражанне, што сілавы варыянт рашэння праблем — гэта нармальна.

Ці можна гэта лічыць стрэльбай, якая вісіць на сцяне? Верагодна, так. Але пакуль ніхто не спрабуе сцішыць ваяўнічую рыторыку ў краіне. І гэта можа кепска скончыцца.

Нагадаю, што перад нападам Расіі на Украіну пра гэты напад пастаянна гаварылі прыкладна месяцы з тры, калі не болей. Вось яно і…