Пратэст не садзьмуўся, ён проста выйшаў папаліць

Нават цяпер, праз два гады пасля прэзідэнцкіх выбараў 2020-га, ні ўлады, ні дэмакратычныя сілы, ні эксперты не могуць з упэўненасцю сказаць, што «пратэст садзьмуўся». Вядома, калі глядзець на працяг рэпрэсій і штодзённую руціну навінавых стужак, так можа падацца. Але вялікае бачыцца на адлегласці.

5509.jpg


Менавіта гэтаму самаму «незаўважнаму вялікаму» прысвечаны новы праект беларускіх аналітыкаў — «Беларускі трэкер пераменаў». Шэсць экспертаў сабраліся разам, каб у штодзённым інфармацыйным патоку вылучыць устойлівыя і доўгатэрміновыя трэнды. Вынікам гэтай селекцыі стане аналітычны даклад, які яны будуць прэзентаваць раз на тры месяцы.

Першыя вынікі працы былі агучаныя 27 чэрвеня. Своеасаблівы «сціслы позірк» на сітуацыю ў краіне і свеце гэтым разам ахоплівае больш, чым вясну — туды дадалася вайна ва Украіне, якая пачалася 24 лютага. Менавіта тую дату эксперты назвалі своеасаблівай кропкай адліку для сваёй дзейнасці. І адзін з галоўных унутраных беларускіх вынікаў — выснова, што пратэст, які нарадзіўся ў 2020 годзе, на самай справе нікуды не знік. А большасць беларусаў, нягледзячы на масавыя рэпрэсіі і «закручванне гаек», не толькі не запалалі любоўю да Лукашэнкі, але і працягваюць супраціў «рознай ступені цяжкасці». Гэта маленькія факты ў штодзённай зводцы навін, але вялікая хваля, калі паглядзець на іх на працягу трох месяцаў.


Вайна як фактар палітызацыі

Палітычны аналітык Арцём Шрайбман, які з'яўляецца адным з ініцыятараў праекта «Беларускі трэкер пераменаў» канстатаваў правал трэнду да «дэпалітызацыі грамадства», на які скіраваная ўся дзяржаўная машына з часоў жніўня 2020-га. Безумоўна, уладам хацелася б, каб беларусы, як да 2020-га, жылі па прынцыпе «чаркі і скваркі». Гэтую дэпалітызацыю не пахіснуў нават рэферэндум па Канстытуцыі, які прайшоў у Беларусі 27 лютага 2022 года. Улада зрабіла ўсё, каб гэтая падзея прайшла ціха, спакойна і максімальна дэпалітызавана — напярэдадні яго «зачышчалі» незалежных назіральнікаў, а ў прынцыпе ў грамадстве ніхто не верыў у тое, што гэты рэферэндум вырашаў нейкія пытанні і вёў да нейкіх зменаў.

У выніку, па дадзеных сацыёлагаў, рэферэндум, хутчэй за ўсё, можна назваць несапраўдным. Паводле звестак апытанняў, на яго прыйшлі крыху больш за палову грамадзян, якія маюць права голасу. А гэта значыць, што ніякі з варыянтаў адказу не набраў больш за палову галасоў ад спісачнага складу выбаршчыкаў.

Праўда, па словах Шрайбмана, і кампанія дэмакратычных сіл «два крыжыкі» (просьба да людзей перакрэсліць абодва адказы ў рэферэндумным бюлетэні) таксама не была асабліва паспяховай. Удзел у ёй не быў такім масавым, як разлічвала апазіцыя, прынамсі, значна менш людзей, чым чакалася, даслалі фота бюлетэняў на платформу «Голас».

Але трэнд дэпалітызацыі быў сарваны нападам Расіі на Украіну і ўдзелам у гэтым нападзе Беларусі. Гэтая палітызацыя выявілася ва ўспышцы антываенных пратэстаў, якія прайшлі як 27 лютага, так і ў наступныя дні, яна перайшла ў акцыі партызанскага грамадзянскага супраціву, і ў некаторай частцы — нават у сілавое супрацьстаянне.

Палітызацыяй і масавым абурэннем беларусаў наконт саўдзелу Беларусі ў вайне скарысталіся дэмакратычныя сілы. Святлана Ціханоўская абвясціла, што бярэ на сябе адказнасць за лёс краіны ў якасці нацыянальнага лідара, стварае свой кабінет (альтэрнатыўны ўрад), заклікала ўступаць у добраахвотніцкія батальёны і перашкаджаць руху ваенных эшалонаў па тэрыторыі Беларусі. У тым ліку, яна заклікала да пратэстаў. «Гэта адзін з першых разоў, калі Святлана Ціханоўская адкрыта заклікала да пратэстаў, назвала дату і час, і, уласна, яны і адбыліся ў той час і ў тых кропках, пра якія яна казала», — адзначыў Шрайбман. Мабілізацыйныя заклікі, са слоў Шрайбмана, рэалізаваліся ў той ці іншай ступені, — нягледзячы на тое, што некаторыя ідэі, кшталту альтэрнатыўнага ўраду, да канца даведзеныя пакуль не былі.

«Адным з урокаў злому трэнду на дэпалітызацыю стала тое, што пратэстны патэнцыял у грамадстве застаецца, і пытанне аб яго актывізацыі — у сіле раздражняльніка, які можа актывізаваць людзей, вывесці гэты патэнцыял у бачную рэальнасць», — лічыць Шрайбман.

Прадказальна на хвалю мабілізацыі ўлада адказала рэпрэсіямі: «выбліск» арыштаў і штрафаў у сакавіку зафіксавалі праваабаронцы. І, вядома, прадоўжылася зачыстка рэшткаў «трэцяга сектару» ў Беларусі — у агляданы перыяд пад яго трапілі незалежныя прафсаюзы і адвакацкі сектар.


Беларусы ў вайне: лічбы і факты

Ці сапраўды пратэст у Беларусі «не садзьмуўся»? На гэтае пытанне з лічбамі і аргументамі адказаў Генадзь Коршунаў, які ў гэтым даследаванні выступіў у ролі эксперта па «трэцім сектары» ў Беларусі і за яе межамі. На яго думку, беларуская грамадзянская супольнасць цяпер — гэта не толькі тыя, хто знаходзіцца ў Беларусі. Цяпер яна значна шырэйшая, яна існуе не толькі ва ўсіх краінах Еўропы, але і на ўсіх кантынентах. І, акрамя таго, грамадзянская супольнасць — гэта не толькі арганізацыі, НДА, але і людзі, платформы, якія самаарганізуюцца па-за інстытуцыйным полем.

Перад вайной грамадзянскую супольнасць у Беларусі была фактычна зруйнаваная — абсалютная большасць незалежных медыя альбо была знішчана, альбо выціснута за межы краіны. Больш за 500 недзяржаўных арганізацый ліквідавана, дзясяткі тысяч чалавек прайшлі праз турмы, і толькі палітвязняў у краіне — больш за паўтары тысячы. «У такіх умовах можна было б чакаць поўнага знікнення грамадзянскай актыўнасці на тэрыторыі Беларусі. Але спалучэнне рэферэндуму і пачатку вайны ва Украіне далі велізарны штуршок для аднаўлення і пратэстнай, і антываеннай актыўнасці, якія фактычна супалі» — адзначыў Генадзь Коршунаў.

Як і ў выпадку 2020 года, галоўнай рухаючай сілай гэтай хвалі стала «нізавая арганізацыя», і гэтым разам — практычна без якой-небудзь інстытуцыйнай падтрымкі на тэрыторыі краіны. Таму адбылося перафарматаванне дзейнасці: людзі перайшлі ад маштабных адкрытых супольнасцяў, ад відавочных акцый да невялікіх ячэек, абіралі больш спантанны і менш бачны фармат акцый. Выключэннем, вядома, стаў дзень рэферэндуму, калі выйшла, па словах Коршунава «велізарная колькасць людзей для Беларусі ў сучасных умовах».

275095656_5189278207801611_1529698069803911093_n.jpg


Далейшая пратэстная актыўнасць праходзіла ў «партызанскім фармаце», галоўным кірункам якога стала праява антываенных настрояў, выказванне салідарнасці з народам Украіны і падтрымка ўкраінскіх уцекачоў. Прычым, падтрымка ўцекачоў, па інфармацыі Коршунава, была не толькі на ўзроўні, які дэманстравала беларуская дзяржава, але часам і пераўзыходзіла аб'ёмы гэтай самай дзяржавы. Таму «ўлады зрабілі ўсё, каб адціснуць гэтую дапамогу спантанных груп і актывістаў, каб сканцэнтраваць дэкларатыўную падтрымку ў рамках Беларускага Чырвонага Крыжа».

Акцыі прамой падтрымкі Украіны, якія ў Беларусі небяспечныя цалкам рэальнымі крымінальнымі тэрмінамі, таксама былі. Па-першае, гэта збор інфармацыі аб расійскіх войсках на тэрыторыі Беларусі, галоўным агрэгатарам якіх стаў тэлеграм-канал «Беларуску Гаюн». Па інфармацыі Коршунава, па стане на травень больш за 12 тысяч (!) чалавек даслалі ў гэты канал больш за 40 тысяч паведамленняў. Улічваючы небяспеку, якой падвяргаліся людзі, якія займаюцца такой актыўнасцю — гэта найвелізарны аб'ём.

І, вядома ж, комплекс практык, які атрымаў назву «рэйкавая вайна». Гэта і нябачная кібервайна, і сабатаж, наўпроставае знішчэнне і падпалы чыгуначнай інфраструктуры, на якую ўлада адрэагавала вельмі жорстка. Сілавікам прыйшлося выстаўляць нават баявую ахову ў ключавых кропках чыгункі і страляць па людзям на паразу.

У выніку, канстатаваў Коршунаў, «кіраўніцтва Расійскай чыгункі забараніла рух ваенных эшалонаў па тэрыторыі Беларусі ў начны час, грузы перасталі маркіравацца, сталі перавозіцца без указання класа небяспекі. А 19 сакавіка чыгуначныя зносіны паміж Беларуссю і Украінай фактычна спынілася, за што кіраўнік “Укрзалізніцы” Аляксандр Камышын падзякаваў партызанам асобна».

Такім чынам, нават цяпер, праз два гады пасля прэзідэнцкіх выбараў, ніхто не можа сцвярджаць, што «пратэст садзьмуўся». Пратэст не садзьмуўся, ён проста выйшаў папаліць. І калі ён вернецца — гэта, на думку аналітыкаў, толькі пытанне «трыгеру», які закране беларускае грамадства. Такім трыгерам можа быць, напрыклад, паўнавартаснае ўступленне Беларусі ў гэтую вайну. Ці яшчэ што-небудзь вельмі неспадзяванае. Што будзе гэтым трыгерам — эксперты прадказаць не бяруцца, дый яны і не прарокі. Калі гэта будзе, — таксама ніхто сказаць не ў стане. Але тое, што супраціў захоўваецца — гэта бачны на адлегласці факт, з якім не паспрачаешся.