У Беларусі незаўважна ўвялі рэжым контртэрарыстычнай аперацыі?
Пра яшчэ больш моцнае "закручванні гаек" у Беларусі паведаміў кіраўнік МЗС Уладзімір Макей.

Прычым здарылася гэта ў «эксклюзіўным» інтэрв’ю расійскаму выданню «Известия» ў артыкуле «Калі не спынімся, то гэта дакладна дойдзе да трэцяй сусветнай». Паводле словаў Макея, гэта зроблена з-за нейкіх «паведамленняў аб магчымых правакацыях з боку бліжэйшых дзяржаў».
«Сёння, на жаль, свет стаў такім непрадказальным, што мы не можам нікому верыць. Таму мы павінны клапаціцца пра сваю ўласную бяспеку, зыходзіць з таго, што, як сказаў прэзідэнт Беларусі, мы павінны абараніць сваіх людзей і зрабіць так, каб ні на адзін метр нашай зямлі не ступала нага акупанта. Кіраўнік нашай краіны правёў шэраг нарад з сілавымі структурамі, уведзены рэжым контртэрарыстычнай аперацыі. Сапраўды, была інфармацыя аб тым, што з боку асобных, сумежных дзяржаў плануюцца правакацыі, звязаныя ледзь не з захопам асобных участкаў тэрыторыі Беларусі», — заявіў Макей расійскім журналістам.
У Беларусі ніякага абвяшчэння пра ўвядзенне рэжыму контртэрарыстычнай аперацыі не было.

Дарадца ўкраінскага міністра ўнутраных спраў Антон Герашчанка пракаментаваў гэта паведамленне так: «Відавочна, Пуцін не спыняе ціснуць на Лукашэнку ў спробах уцягнуць яго ў поўнамаштабнае супрацьстаянне з Украінай.
Ва ўмовах контртэрарыстычнай аперацыі сілавікі атрымліваюць значна больш правоў. Можна даглядаць людзей, абмяжоўваць перамяшчэнні грамадзян і любога транспарту, можна без ордэраў урывацца ў жыллё — проста паведаміўшы, што сілавікі пераследуюць і шукаюць злачынцаў. Зрэшты, усе гэта ў Беларусі сілавікам фактычна дазволена і так, без нібыта афіцыйнага абвяшчэнне нейкай контртэрарыстычнай аперацыі.
Пазней, раніцай 14 кастрычніка, кіраўнік МЗС Беларусі заклікаў не панікаваць з-за контртэрарыстычнай аперацыі, піша ТАСС: «Выхапілі гэтую фразу і вакол яе за ноч раскруцілі канспіралагічныя тэорыі. Не трэба падымаць ніякай панікі, ёсць даручэнне прэзідэнта, якое было агучана ў тым ліку публічна, правесці мерапрыемствы контртэрарыстычнага характару. Пра гэта і ідзе гаворка», — заявіў Макей.