Валерый Карбалевіч: Хто баіцца — у таго ўваччу дваіцца

Палітычны аглядальнік у сваім блогу на «Радыё Св*бода» разважае, чаму беларускія ўлады раптам ахапіў мілітарысцкі чад. І прыходзіць да высновы, што ўсё гэта — не ад добрага жыцця і самаадчування.

photo_2022_10_18_13_00_27.jpg


Улады Беларусі бачаць для сябе небяспеку ў выпадку, калі будуць рэалізаваныя два найбольш неспрыяльныя для іх сцэнары: параза расійскіх войскаў у вайне і лёгкае прасоўванне ўзброеных беларускіх добраахвотнікаў з Украіны па тэрыторыі Беларусі ў кірунку Мінска і рэзідэнцыі Лукашэнкі.


Ваяўнічая рыторыка

У Беларусь прыбываюць 9 тысяч расійскіх вайскоўцаў і вайсковая тэхніка. Гэтаму спадарожнічае выклік на вайсковыя зборы вялікай колькасці вайсковаабавязаных. На такім фоне заявы беларускіх афіцыйных асоб становяцца ўсё больш ваяўнічымі.

17 кастрычніка памочнік міністра абароны Валерый Равенка зачытаў заяву Міністэрства абароны, паводле якой Рэспубліка Беларусь «пакідае за сабой права прымянення комплексу прэвентыўных захадаў стратэгічнага стрымлівання з мэтай недапушчэння нападу або нейтралізацыі ўнутранага ўзброенага канфлікту».

Гатоўнасць прымяніць «прэвентыўныя захады» азначае, што кіраўніцтва Беларусі можа здзейсніць напад на суседзяў, не чакаючы нейкіх адпаведных дзеянняў з іх боку. Такая заява робіцца ўпершыню. Гэта насцярожвае.

Што ўсё гэта азначае? Ці збіраецца Лукашэнка ўцягнуць Беларусь у паўнавартасную вайну?

На мой погляд, гэты мілітарысцкі чад закліканы вырашыць дзве задачы.


Апраўданне расійскай вайсковай прысутнасці

Па-першае, апраўдаць, легітымізаваць «другое прышэсце» (першае было ў лютым-сакавіку) расійскіх войскаў на беларускую тэрыторыю ў момант рэзкай эскалацыі вайны.

Мяркуючы па ўсім, адмовіцца ад гэтага нашэсця афіцыйны Мінск ужо не ў стане. Бо так вырашылі ў Крамлі.

Гэта балючая для Лукашэнкі праблема. Справа нават не ў тым, што ў розных каментарах зноў паўстае пытанне аб расійскай акупацыі Беларусі, аб тым, што яна страціла вайсковы суверэнітэт, а Лукашэнка цалкам падпарадкоўваецца загадам Пуціна, стаў ягонай марыянеткай. Больш важна тое, як на гэта паглядзіць беларуская наменклатура. Ці не стане яна паварочвацца ў бок новага гаспадара, Пуціна?

І вось для апраўдання, абгрунтавання гэтай інтэрвенцыі прыдумалі два прапагандысцкія канструкты.

Першы — традыцыйны: новыя абвінавачванні ў адрас Украіны і Захаду, якія, маўляў, вось-вось збіраюцца напасці на Беларусь. Абсурд сітуацыі ў тым, што чым больш незалежнасці Беларусі пагражаюць з Усходу, тым больш абвінавачваюць у гэтым Захад.

Другі канструкт нібыта лагічна выцякае з першага. Войскі РФ з’яўляюцца ў Беларусі пад выглядам разгортвання сумеснай беларуска-расійскай рэгіянальнай групоўкі.

У гэтым разгортванні бачацца нейкія элементы імітацыі, чагосьці несапраўднага. Бо калі сапраўды надышоў «пагражальны перыяд», узнікла пагроза нападу на Беларусь з захаду ці поўдня, то варта было б абвесціць ваеннае становішча, паўнавартасную мабілізацыю. Але пакуль гэтага няма.

Паводле беларускай ваеннай дактрыны (пункт 43 главы 8), «у перыяд нарастання ваеннай пагрозы ствараецца Аб’яднанае камандаванне рэгіянальнай групоўкай войскаў». Сфармулявана дакладна: менавіта «ствараецца», без усялякіх варыянтаў кшталту «можа быць створана». І гэта лагічна. У рэальнай вайсковай групоўкі не можа быць двух камандзіраў. Такая прырода войска. Але ў нашай сітуацыі адзіная групоўка ёсць, а адзінага камандавання няма. Ва ўсялякім разе пра гэта нічога не чуваць.

Таму ўся гэтая гісторыя з разгортваннем сумеснай рэгіянальнай групоўкі войскаў падобная на аперацыю прыкрыцця. Трэба ўвесці сюды расійскіх вайскоўцаў і неяк легалізаваць іхняе знаходжанне тут. Вось і выцягнулі з архіва гэтую згадку аб адзінай групоўцы.

01_24_2048x1366.jpg



Страхі і траўмы

Але ёсць і другая задача, якую выконвае гэтая эскалацыя ваеннай напружанасці. У згаданай вышэй заяве Міністэрства абароны звяртае на сябе ўвагу згадка аб прэвентыўных захадах дзеля «нейтралізацыі ўнутранага ўзброенага канфлікту». Здавалася б, пры чым тут Міністэрства абароны да ўнутранага канфлікту, тым больш узброенага? Для яго нейтралізацыі існуюць МУС, унутраныя войскі. Але гэтую ж думку выказаў і міністр абароны Віктар Хрэнін падчас выступлення на Мінскім трактарным заводзе 17 кастрычніка: «Людзі ў пагонах не дапусцяць развязвання ўзброенага канфлікту на тэрыторыі Беларусі». Дык пра што гаворка?

Кропкі над «і» расставіў старшыня КДБ Іван Церцель падчас выступлення на тым жа МТЗ. Паводле яго слоў, сілавыя ведамствы непакоіць стварэнне беларускіх узброеных фарміраванняў на тэрыторыі краін-суседак, найперш Украіны. І гэтыя фарміраванні актыўна рыхтуюцца «да вырашальнай фазы».

Церцель гаворыць: «Калі яна можа надысці? Некаторыя з іх разлічваюць, што гэта будзе лістапад бягучага года. Гэта шмат у чым увязваецца са спецыяльнай ваеннай аперацыяй Расіі на тэрыторыі Украіны. Яны разлічваюць, што Расія не зможа аказаць Беларусі садзейнічання ў рамках саюзніцкіх адносін, пацярпіць паразу, вымушана будзе пайсці на саступкі, і ў гэтых умовах яны змогуць зайсці з тэрыторыі Украіны на тэрыторыю Беларусі прыкладна ў маларыцкім кірунку. Групоўка складзе ад 100 да 300 баевікоў з сучасным узбраеннем, паводле іх планаў, павінна будзе захапіць найбліжэйшы населены пункт, пажадана райцэнтр. Затым да іх далучацца найміты з іншых краін на аснове добраахвотнікаў з Украіны. Паступова, наносячы страты нашым праваахоўнікам, яны будуць прасоўвацца да Мінска».

Вось, аказваецца, у чым справа. І ўся гэтая гісторыя з «контртэрарыстычнай аперацыяй», выкрыццё на БТ «тэрарыстаў», мабілізацыйныя мерапрыемствы для праверкі боегатоўнасці, вучэнні МУС па вызваленні райцэнтра павінны прадухіліць «вызваленчы паход» палка Каліноўскага. Пра беларускія фарміраванні ва Украіне ўжо рэгулярна згадвае Лукашэнка.

Аказваецца, улады ўспрымаюць гэтую пагрозу вельмі сур’ёзна. Адметна, што небяспеку яны бачаць, дапускаючы два сцэнары: паразу расійскіх войскаў у вайне і лёгкае прасоўванне беларускіх добраахвотнікаў з Украіны па тэрыторыі Беларусі. Абедзве пагрозы ўлады разглядаюць як рэальныя. Апошняя асабліва ўражвае.

«Групоўка ў складзе ад 100 да 300 баевікоў... наносячы страты нашым праваахоўнікам, яны будуць прасоўвацца да Мінска».

А што ж войска, тэрытарыяльная абарона, народнае апалчэнне, КДБ, МУС, восем структур з правам аператыўна-вышуковай дзейнасці, супрацоўнікі Міністэрства надзвычайных сітуацый, якім нібыта раздалі зброю? А таксама леснікі, паляўнічыя і рыбаловы, якія таксама мабілізаваны на абарону рэжыму? Яны ўсе разбягуцца, паўцякаюць, убачыўшы 100 баевікоў?

Старшыня КДБ выказаў няўцямныя страхі, якія заселі ў свядомасці палітычнага кіраўніцтва ў 2020 годзе. А хто баіцца, у таго, як вядома, уваччу дваіцца. Усё ж такі якія моцныя траўмы атрымалі гэтыя людзі два гады таму!

У любым выпадку процідзеянне магчымаму наступу беларускіх вайскоўцаў з Украіны становіцца важным кірункам дзяржаўнай палітыкі.