У сакавіку ў Грузію прыехалі амаль 20 тысяч беларусаў

У сакавіку 2022 года ў Грузію прыехалі амаль 20 тыс. грамадзян Беларусі, большасць з іх там і засталіся. Статыстыку перасячэння мяжы прааналізаваў Тбіліскі інстытут развіцця свабоды інфармацыі (IDFI).

bez_nazvanija_99.jpg

За сакавік у Грузію заехалі 19 898 беларусаў. Большасць прыбыла праз аэрапорт у Тбілісі (53%). Адмоўлена ва ўездзе было толькі 16 грамадзянам нашай краіны, або 0,08%.

Частка прыехаўшых затым выехала, але 14 030 чалавек на канец сакавіка заставаліся ў Грузіі. Тады як у сакавіку 2019 года (да пандэміі, пратэстаў і вайны) колькасць тых, хто ўехаў, і тых, хто выехаў, была прыкладна роўнвй, а сама колькасць прыбылых беларусаў была на 555% менш.

Для параўнання, за гэты ж перыяд у Грузію прыехалі 43 152 грамадзяніна Расіі і 16 669 — Украіны, засталіся 17 201 расмец і 8151 грамадзянін Украіны. Колькасць забаронаў уезду ў людзей з гэтых краін вышэйшая, чым у беларусаў: на мяжы Грузіі развярнулі 340 расійцаў (0,75%) і 65 украінцаў (0,38%).

Статыстыку наконт мэтаў уезду ў краіну, прычынах адмовы ва ўездзе МУС не падало. Аднак, як канстатуюць у інстытуце развіцця свабоды інфармацыі, прычынай выбуховага росту колькасці тых, хто прыехаў у Грузію для расійцаў і беларусаў стала расійска-ўкраінская вайна, палітычныя рэпрэсіі, а таксама імкненне пазбегнуць санкцый.

На канец сакавіка ў Грузіі заставаўся 31 231 грамадзянін Расіі і Беларусі. Эксперты лічаць гэта «сур'ёзнай праблемай з пункту гледжання бяспекі краіны».