Жонкі заблакаваных на «Азоўсталі»: Мы гатовы стаць жывым шчытом дзеля эвакуацыі людзей

Жонкі, сёстры і матулі ўкраінскіх ваяроў, заблакаваных у Марыупалі, прыехалі ў Кіеў, каб прасіць урад пра больш актыўныя дзеянні. Яны кажуць, што гатовы выступіць у ролі жывога шчыта, калі гэта дапаможа эвакуяваць людзей у бяспечнае месца, піша ВВС.

Ваяры, пра якіх ідзе гаворка, знаходзяцца ў аблозе на тэрыторыі металургічнага камбіната «Азоўсталь». Нядаўна прэзідэнт РФ Уладзімір Пуцін загадаў атачыць тэрыторыю завода войскамі так, каб «муха не праляцела».

Сваякі заблакаваных вайскоўцаў кажуць, што мужчыны знясілены, запасы ежы і вады заканчваюцца, піша журналістка ВВС Сара Рэнсфорд. Сем'і больш за ўсё занепакоены тым, што ў перамовах з Масквой пра эвакуацыю з завода гаворка галоўным чынам ідзе пра лёсы мірных жыхароў, а не салдат.

«Калі кажуць пра зялёныя калідоры ці эвакуацыю, кажуць пра грамадзянскіх, а не пра вайскоўцаў, і я вельмі занепакоена. Вайскоўцы таксама людзі», — кажа украінка Вольга, жонка аднаго з заблакаваных на «Азоўсталі» мужчынаў.

«Мы не павінны падзяляць салдатаў і мірных жыхароў: усе яны нашы ўкраінцы. Усе яны павінны жыць. Мы не вінаваты, што на нас напалі», — кажа іншая суразмоўніца ВВС.

Жанчыны заклікаюць улады ўзмацніць ціск і запатрабаваць стварэння гуманітарнага калідора для ўсіх людзей, якія захраслі ў Марыупалі. Прапануюць выклікаць святароў, прэсу, нават расійскія СМІ, калі гэта дапаможа, каб гарантаваць бяспеку на маршруце. Але яны падкрэсліваюць, што час ідзе.

Дакладны лік тых, хто хаваецца ў Марыупалі, невядомы, але мяркуецца, што іх сотні, у тым ліку некалькі дзяцей.

Паводле «Еўрарадыё».

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

  • Апошняе на сайце
,
Больш цікавага на «Новым Часе»: