Арцём Шрайбман: Беларуская дыяспара — гэта феномен, які навукоўцы будуць даследаваць

Аналітык Арцём Шрайбман мяркуе, што за апошнія паўтара года якасныя змены адбыліся не толькі з грамадзянскай супольнасцю ў Беларусі, але і з беларускай дыяспарай.

shraibma08.jpg

— Такога прытоку беларускай грамадзянскай энергіі вонкі, у колькасным і якасным ключы, не было ў нашай гісторыі, — прыводзіць словы палітычнага аналітыка «Салідарнасць» са спасылкай на Media IQ. — Такіх хваляў эміграцыі не было ні пасля рэвалюцыі, ні пасля Другой сусветнай вайны, ні пасля далучэння Заходняй Беларусі і т. д.

Мне здаецца, гэта самая масавая хваля эміграцыі менавіта актыўнай часткі грамадства. Гэта наогул феномен, які будуць даследаваць. Навукоўцы, якія ўжо даследуюць, адзначаюць, што беларуская дыяспара — самая жывая, з пункту гледжання насычанасці і ўстойлівасці, таму што ўжо ўсё ж такі паўтара года прайшло з моманту масавых ад'ездаў людзей, і, тым не менш, жыццё працягваецца і нават, я б сказаў, усё развіваецца.

Далёка не кожная дыяспара можа так доўга існаваць у такім актыўным рэжыме.

Паводле розных ацэнак, беларуская дыяспара — гэта ад 200 да 500 тысяч чалавек, якія пакінулі Беларусь. Шрайбман дапускае, што значная частка гэтых людзей вернецца назад, але пры пэўных умовах.

— Вельмі важна, каб гэтыя людзі заставаліся беларусамі і захоўвалі сваю ідэнтычнасць. Гэта, можна сказаць, культурны актыў краіны, патэнцыял нацыі. Чым больш гэтых людзей зможа і захоча вярнуцца, тым лепшыя будуць перспектывы ў Беларусі.

Заклад вяртання — калі хочаце, «беларускі сіянізм», калі ты глядзіш на сваю краіну, як на месца, куды твая жыццёвая мэта вярнуцца. Чым больш людзей зробіць выбар на карысць гэтага, а не школ для дзяцей, наладжанага побыту, каранёў, якія ты ўжо пусціў у дыяспары, тым лепш для краіны.

Але непазбежна нейкі адсотак людзей застанецца на баку гэткага матэрыяльнага камфорту. І чым даўжэй доўжыцца эміграцыя, тым большы будзе гэты працэнт.

Я думаю, адным з фактараў таго, чаму беларуская грамадзянская дыяспара ўсё яшчэ нацэлена на вяртанне, на працу, з'яўляецца вера ў тое, што перамены ў Беларусі не за гарамі.

Можна, вядома, парыраваць, што мы сябе падманваем гэтак жа, як падманвала сябе белая руская эміграцыя пачатку XX стагоддзя. Але ў адрозненне ад маладога бальшавіцкага рэжыму, наш рэжым ужо сапраўды не малады. І ў гэтым сэнсе шанцаў на тое, што нейкія вокны магчымасцяў будуць адкрывацца для вяртання людзей у агляднай будучыні, рэальныя.

Некалькі гадоў пасядзець у рэжыме чакання вяртання лягчэй, чым дзесяцігоддзямі заставацца без радзімы і без дома. Таму ад часу будзе залежаць многае.

Але ёсць і яшчэ адзін важны фактар. Наўрад ці цяпер агонь у людзях, настальгія па хаце падтрымліваюцца неяк штучна. Усё ж такі гэта шчырая вера людзей у тое, што ў іх дома ёсць перспектывы, што ім будзе куды вяртацца.

І адна справа, вяртацца ў краіну, якую можна адбудаваць. Іншая справа, асабліва для непалітызаваных людзей, вяртацца ў такую вялікую «ДНР», што будзе не самым прывабным варыянтам.

Тут многае залежыць ад таго, наколькі глыбока беларуская ўлада паспее пагрузіць краіну да моманту свайго фінальнага падзення, — падсумаваў Арцём Шрайбман.