Футбол замест бомбаў. Нягледзячы на вайну ва Украіне пачынаецца чэмпіянат — беларусы сярод удзельнікаў

Шэсць месяцаў ідзе вайна ва Украіне. Зона баявых дзеянняў лакалізаваная, але на гарады, у тым ліку з беларускай тэрыторыі, працягваюць ляцець ракеты. Гінуць мірныя жыхары, руйнуюцца інфраструктура і жылыя кварталы. Аднак жыццё трывае, і адной з такіх прыкмет рыхтуецца стаць футбол.

1__12__3.jpg


23 жніўня ва Украіне распачнецца нацыянальны чэмпіянат. Што ён будзе сабой уяўляць? Ці не надта рызыкоўна ганяць мяч пасярод вайны? І колькі беларусаў прымуць у гэтым удзел? «НЧ» адказвае на галоўныя пытанні.

Дзе і як будуць гуляць?

Літаральна мінулай ноччу расійцы абстралялі Днепрапятроўшчыну. Загінула 45-гадовая жанчына, яе параненага мужа адвезлі ў бальніцу. Зразумела, што мясцовы клуб «Дняпро» ў такіх умовах не можа праводзіць хатнія матчы на сваім стадыёне.
З тых жа меркаванняў нельга гуляць у Харкаве і Крывым Рогу, Палтаве і Адэсе. Украінская футбольная федэрацыя, па вялікім рахунку, выбару тут не мела. Вышэйшую лігу цалкам вынеслі ў больш-менш бяспечную частку краіны — у Кіеў і Кіеўскую вобласць ды ў заходнія Львоў і Закарпацце.
Зразумела, што «прылёты» магчымыя і туды: да ўкраінскай сталіцы, напрыклад, добра дабівае расійская артылерыя з тэрыторыі Беларусі. Але на гэты выпадак рэгламент прадугледжвае надзвычайныя захады. Пры першым жа папярэджанні супрацьпаветранай абароны гульня прыпыняецца, а каманды шпарка хаваюцца ў бяспечнае месца. Рашэнне аб дагульванні прымаюць кампетэнтныя людзі, калі сірэна сціхне.
Футбол падчас вайны — гэта, канешне, футбол без гледачоў на трыбунах. Нічога новага: да пустых стадыёнаў свет прывык у пандэмію каранавіруса. Бомбы страшней за кавід, таму тут усё норм. Тым больш гульню ўлюбёнай каманды заўсёды можна паглядзець па тэлевізары ў прамым эфіры.
Выбухі, ракеты, бамбасховішчы… Занадта экстрэмальна для спорту ў 21-м стагоддзі? Напэўна. Тым больш пуцінская армія езуіцкая, што абавязкова возьме ў прыцэл які-небудзь стадыён.
Але адмяняць футбол наогул — гэта значыць, рваць усе «лагістычныя ланцужкі». Вывальвацца з еўракубкавай сеткі УЕФА, выводзіць з гульні зборную, адпраўляць дадому легіянераў. Узнаўляць чэмпіянат потым было б вельмі складана. Давялося б гэта рабіць фактычна з нуля.
Таму ва Украіне вырашылі: гуляць — лепш, чым не гуляць. У Генштабе далі дабро. «Праводзіць чэмпіянат мы можам, дзякуючы УСУ», — сказаў віцэ-прэзідэнт адэскага «Чарнаморца» Уладзімір Генінсон і меў рацыю.

Хто з беларусаў згуляе

Чэмпіянат Украіны — досыць моцны, але не топавы ў Еўропе. У іншыя часы тут абдымкамі сустракалі беларускіх гульцоў, колькасць якіх даходзіла да 10+, а асобныя (як Валянцін Бялькевіч і Аляксандр Хацкевіч) былі кумірамі заўзятараў ажно кіеўскага «Дынама».
Але мінулі часы. Украінская прэм’ер-ліга мацней не стала, але крытычна здрабнеў беларускі футбол. У выніку сёння (і вайна тут не пры чым) гэты ўзровень мала хто з айчынных майстроў можа пацягнуць.
Уласна, пацягнуў толькі адзін — абаронца Мікалай Золатаў. 27-гадовы ўраджэнец Віцебска выступае за «Колас» з Кіеўскай вобласці. Натуральна, хлопец на светлым баку ў развязанай Расіяй вайне і раней падпісаў Антываенную дэкларацыю Беларускага фонду спартыўнай салідарнасці. Праз гэта яго, канешне, больш не паклічуць у зборную як нядобранадзейнага, але каму сёння патрэбная тая лукашэнкаўская зборная, якая скрозь усім прайграе?

Мікалай Золатаў

Мікалай Золатаў

Ёсць ва ўкраінскай прэм’ер-лізе яшчэ беларусы — трэнеры, і яны таксама супраць расійскай агрэсіі і за лепшую долю Беларусі. Усе яны працуюць у Львове.
Мясцовы аднайменны клуб узначальвае Алег Дулуб — дасведчаны, удумлівы спецыяліст, які некалі падымаў на элітны ўзровень мінскіх «Крумкачоў». У яго штабе працуе Васіль Хамутоўскі — у мінулым класны галкіпер, а цяпер сам трэнер варатароў. Абодва яны ў 2020 годзе падтрымалі імкненне беларусаў да перамен, і таму да сыходу Лукашэнкі на радзіме застануцца незапатрабаванымі. Не бяда: замест лаяльнасці ў гэтых беларусаў ёсць прафесіяналізм, таму яны і маюць кантракты за мяжой.

 Алег Дулуб

 Алег Дулуб

І, канешне, нельга абысці ўвагай Леаніда Кучука, які кіруе львоўскім «Рухам». Чалавек з багатай біяграфіяй, некалі ён паспяхова трэніраваў у Расіі, але вайну сустрэў ва Украіне. «Рух» — яго трэці ўкраінскі клуб. У красавіку падчас інтэрв’ю Кучук не змог стрымаць слёзы і назваў генацыдам тое, што робіць расійскае войска ў краіне.
Варта ўзгадаць яшчэ двух трэнераў, якія рыхтуюцца да чэмпіянату пасярод вайны. Яны ўкраінцы, але добра вядомыя беларускім заўзятарам. Абодва працавалі ў салігорскім «Шахцёры» і былі на заўважных ролях. Раман Грыгарчук зараз узначальвае адэскі «Чарнаморац», Юрый Вернідуб кіруе крыварожскім «Крыўбасам».

Юрый Вернідуб

Юрый Вернідуб

У лютым, калі Расія развязала вайну, 56-гадовы Вернідуб уступіў ва УСУ, а перад тым услых паслаў Пуціна на вядомы адрас. Яшчэ пасля анэксіі Крыма ён даў публічны зарок: ніколі і ані за якія грошы не працаваць у Расіі.
Калі на франтах паспакайнела і федэрацыя анансавала новы футбольны сезон, Вернідуб атрымаў запрашэнне трэніраваць «Крыўбас». Падпісваць кантракт з клубам ён прыехаў у вайсковым камуфляжы.

Навошта ўкраінцам футбол пасярод кровапраліцця

Зараз будзе хвілінка пафасу, з якім важна не перабраць. Агульныя словы на паверхні, і яны, безумоўна, гучаць ва Украіне ў гэтыя лёсавызначальныя часы.
Футбол — гэта аддушына, прыкмета мірнага жыцця, па якім людзі засумавалі. Уключыць ТБ і крыху забыцца на смерці дзяцей і дарослых. Убачыць гол лепшага нападаючага і ненадоўга адцягнуць увагу ад таго, што твой дом у Марыупалі разбураны, а суседзям у акно заляцела ракета. Паглядзець на спартыўным партале турнірную табліцу замест чарговага жудаснага відэа ў тэлеграме.
Святаслаў Вакарчук з «Акіяна Эльзы» зараз ездзіць па розных гарадах (не толькі ўкраінскіх), каб усцешыць суайчыннікаў сваімі песнямі. У гэтым той жа сэнс. Гумарыстычны «Вячэрні Квартал» збірае гледачоў у метро альбо дзесьці яшчэ і жартуе на тэмы, якія могуць падацца блюзнерскімі. Зала смяецца, і гэта той жа эфект.Украінцы вар’яцкі любяць футбол, і вось-вось ужо ён ім дасць тое, што крыху сцішыць боль.
На гэтым стоп, бо нядоўга дайсці да пошласці і заявіць нешта накшталт таго, што ў футбалістаў свой фронт і яны таксама змагаюцца за агульную перамогу. Нешта такое дзе-нідзе праслізгвае ў інтэрв'ю гульцоў, і тады прэса іх злосна абрывае. Маўляў, не будзе трагедыяй, калі ўкраінскі футбол заўтра знікне, ён не варты аніводнага згубленага жыцця.
З гэтым не паспрачаешся, але цяжка аспрэчыць і іншыя меркаванні. Кшталту рэплікі ўкраінскага журналіста Ігара Бурбаса пра тое, то «мы распачнём чэмпіянат пад гукі сірэн, а скончым залатым матчам на "Данбас-Арэне"».
Але ў любым выпадку трэба памятаць, што футбол — гэта ўсяго толькі гульня, якая вартая таго, каб яе глядзець. У любыя часы, нават самыя змрочныя і бесчалавечныя.