Пратэсты у Іране: забітыя 185 чалавек, у тым ліку 19 дзяцей

Нягледзячы на рэпрэсіі ўладаў, у Іране працягваюцца масавыя пратэсты. Праваабаронцы заяўляюць пра 185 забітых пратэстоўцаў, сярод іх ёсць дзеці.

У Іране жанчыны працягваюць пратэставаць супраць мясцовай улады. Фота: TASS

У Іране жанчыны працягваюць пратэставаць супраць мясцовай улады. Фота: TASS


Антыўрадавыя пратэсты, якія пачаліся 16 верасня пасля забойства 22-гадовай Махсы Аміні ў горадзе Сакез, ператварыліся ў самы вялікі выклік духоўным лідарам Ірана за апошнія гады: пратэстоўцы заклікалі да звяржэння аяталы Алі Хаменяі.
«Па меншай меры 185 чалавек, у тым ліку 19 дзяцей, былі забітыя ў ходзе агульнанацыянальных пратэстаў па ўсім Іране. Найбольшая колькасць забойстваў адбыліся ў правінцыі Сістан і Белуджыстані. Афіцыйная статыстыка падае ўдвая менш лічбаў», — паведаміла іранская праваабарончая арганізацыя, якая базуецца ў Нарвегіі.


Улады краіны ахарактарызавалі пратэсты як «змову ворагаў Ірана» — уключна з ЗША. Яны абвінавацілі ўзброеных пратэстоўцаў у гвалце, у выніку якога, як паведамляецца, загінулі каля 20 супрацоўнікаў сіл бяспекі.
У сённяшніх пратэстах па ўсім Іране прынялі ўдзел сотні старшакласніц і студэнтак. Для падаўлення пратэстаў супраць іх выкарыстоўваюцца слёзатачывы газ, дубінкі і ў многіх выпадках баявыя патроны, паведамілі праваабарончыя арганізацыі. Пры гэтым іранскія ўлады адмаўляюць, што сілы бяспекі страляюць баявымі кулямі.
У Іране абмежаваны доступ у інтэрнэт. Пасля заклікаў да забастоўкі некаторыя крамы перасталі працаваць. Агенцтва «Reuters» паведамляе, што іранская паліцыя нападае на вучняў сярэдніх школ па ўсёй краіне. Міністэрства ўнутраных спраў краіны палохае ўдзельнікаў пратэстаў «суровымі прысудамі».
Нагадаем, масавыя пратэсты ў Іране пачаліся 16 верасня пасля таго, як стала вядома пра смерць 22-гадовай Махсы Аміні. Яна была арыштаваная за «непрыстойнае адзенне»: мясцовай «паліцыі нораваў» не спадабалася, як яна павязала хіджаб. Аміні памерла ў бальніцы пасля таго, як яе ўдарылі галавой аб аўтобус і білі дручкамі па галаве.


Пасля гэтага па ўсёй краіне жанчыны пачалі зрываць з сябе хіджабы і паліць іх на вуліцах гарадоў, пастрыгаць валасы на знак пратэсту супраць становішча жанчын. Спачатку ўдзельніцы пратэстаў патрабавалі адмяніць абавязковае нашэнне хіджабаў, але цяпер яны скандуюць «Смерць дыктатару!» — аяталу Хаменяі, які з’яўляецца вярхоўным кіраўніком Ірана.
Злучаныя Штаты і Канада ўжо ўвялі санкцыі супраць іранскіх уладаў, Еўрапейскі Саюз разглядае магчымасць замарожвання актываў і забароны на паездкі іранскіх чыноўнікаў.