Рэвалюцыя ў Іране пачалася?

Ужо амаль тры тыдні ў Іране адбываюцца падзеі, якія знешнія назіральнікі разглядаюць як пачатак рэвалюцыі, здольнай прывесці да падзення кансерватыўнага рэжыму ісламскага духавенства, што пануе ў краіне з 1979 года.

© Getty Images

© Getty Images

Як унутраная, так і знешняя палітыка іранскага кіраўніцтва робіць такі вынік шмат для каго прывабным, а для тых грамадстваў, якія знаходзяцца ў падобных да іранцаў умовах, гэта яшчэ і прыклад змагання супраць аўтарытарнага рэжыму, што, натуральна, падвышае інтарэс да гэтых падзей. І, канечне, ключавым з’яўляецца пытанне: ці атрымаецца на гэты раз у іранцаў, ці «будзе старонка перагорнутай»?
Усё пачалося 16 верасня, калі з’явілася паведамленне пра смерць 22-гадовай дзяўчыны Махсы Аміні. Нягледзячы на высілкі прадстаўнікоў улады, амаль адразу сталі вядомымі абставіны гэтай трагедыі. Дзяўчына, якая прыехала ў Тэгеран з іранскага Курдыстана, была затрымана мясцовай паліцыяй нораваў на падставе яе «непрыстойнага адзення». Ахоўнікам маральнага парадку прыйшлося не даспадобы, як у дзяўчыны быў павязаны хіджаб — хустка, якая мусіць прыкрываць валасы і шыю жанчыны ў публічнай прасторы. Нашэнне хіджаба з’яўляецца абавязковым для ўсіх жанчын у Іране з часоў Ісламскай рэвалюцыі, але тыя часцяком даволі вольна ставяцца да гэтага атрыбуту, у выніку чаго ён не хавае прыгажосць іх прычосак.
Для Махсы гэтая вольнасць была фатальнай. Яе арыштавалі, а праз пэўны час з пастарунка адвезлі ў шпіталь, дзе яна і памерла. Хоць тое, што адбылося, бачылі толькі «праваахоўнікі», ад сведак (а сведкі знойдуцца заўжды, кім бы ні былі злачынцы, якія б пасады яны ні займалі, якія б пагоны ні насілі і за якімі б платамі ні хавалі сваю дзейнасць) грамадскасць даведалася, што Махсу ўдарылі галавой аб аўтобус, а потым білі па галаве дручкамі. Гэта і прывяло да смерці дзяўчыны.

 Махса Аміні ў шпіталі пасля затрымання (twitter.com/AlinejadMasih)

 Махса Аміні ў шпіталі пасля затрымання (twitter.com/AlinejadMasih)

Адразу пасля гэтага выбухнулі пратэсты. Спачатку сярод тых, хто сабраўся побач са шпіталем, у якім памерла Махса. Далей яны перакінуліся ў Курдыстан, а потым ахапілі іншыя правінцыі і гарады Ірана. Па ўсёй краіне жанчыны зрываюць з сябе хіджабы і паляць іх на вуліцах гарадоў. Шмат хто з іх пастрыгае валасы ў знак пратэсту супраць становішча жанчын у Іране. І калі першапачаткова ўдзельніцы пратэстаў патрабавалі адмяніць абавязковае нашэнне хіджабаў, у далейшым пачалі гучаць патрабаванні больш шырокіх правоў для жанчын, а з 18 верасня загучаў лозунг «Смерць дыктатару!». На ўвазе маецца аятала Хаменеі, які з’яўляецца вярхоўным кіраўніком Ірана.
Дзеянні пратэстоўцаў падтрымліваюць шматлікія прадстаўнікі навукі, культуры, спорту і шоу-бізнесу. Так, знакаміты іранскі рэжысёр Асган Фархадзі, які двойчы атрымліваў «Оскар» за свае фільмы, заклікаў людзей па ўсім свеце падтрымаць іранскіх пратэстоўцаў. І варта адзначыць, што сусветная падтрымка таксама мае досыць шырокі маштаб. Напрыклад, 1 кастрычніка ў Таронта на мітынг у падтрымку патрабаванняў іранцаў сабраліся 50 000 чалавек.
У чацвер свой унёсак у падтрымку пратэстоўцаў зрабілі гульцы нацыянальнай зборнай па футболе. На выкананне гімнаў перад таварыскай гульнёй са зборнай Сенегала, якая праходзіла ў сталіцы Аўстрыі, яны паверх сваёй белай формы апранулі чорныя курткі і падчас гучання музыкі стаялі, абняўшы адзін аднаго за плечы. Адзін з лідараў каманды — Сердар Азмун (форвард, гуляў за шэраг расійскіх клубаў, а цяпер выступае ў нямецкім «Баеры») — яшчэ да матча выказаў у твітары падтрымку барацьбы іранскіх жанчын за свае правы. Пасля ягоны акаўнт знік, і шмат хто апасаўся, што Азмун падвергнецца рэпрэсіям. Але ў гульні з Сенегалам ён усё ж выйшаў на поле. На падобных пазіцыях стаяць і легенды іранскага футбола папярэдніх дзесяцігоддзяў — Алі Даеі і Алі Карымі. Падтрымка з боку футбалістаў мае вялікае значэнне, бо ў Іране гэты від спорту карыстаецца вялікай папулярнасцю.

fdkanelwaaa79lo__1__650x410.jpg


Зараз маніфестацыі ў Іране не спыняюцца, хоць паліцыя для разгону пратэстоўцаў выкарыстоўвае агнястрэльную зброю. Так, учора была інфармацыя пра страляніну ў тэхналагічным універсітэце імя Шарыфа ў Тэгеране. На сёння ёсць неафіцыйная інфармацыя пра 133 забітых і сотні параненых. Прычым ахвяры ёсць з абодвух бакоў, хоць пратэсты і носяць, у цэлым, мірны характар.


Варта адзначыць, што сам факт пратэстаў не з’яўляецца ўнікальным для цяперашняга Ірана. Яны ідуць хвалямі ўжо некалькі гадоў: у 2017-2018-м, 2019-2020-м, 2021-2022-м. Але шмат хто з замежных аналітыкаў кажа пра ўнікальнасць цяперашняй сітуацыі. У першую чаргу — па лідарскай ролі ў іх жанчын, у другую — па характары патрабаванняў. Падставамі для папярэдніх пратэстаў былі эканамічныя праблемы, з якімі жыхары Ірана сутыкаюцца ўсё ў большых маштабах. Нягледзячы на тое, што некаторыя расійскія медыярэсурсы спрабуюць падаць Іран як прыклад паспяховага процістаяння заходнім санкцыям, рэчаіснасць выглядае зусім па-іншаму. Эканамічныя даныя сведчаць, што сучасныя паказчыкі ВУП застаюцца на ўзроўні дзесяцігадовай даўніны, а ВУП на душу насельніцтва адкаціўся да паказчыкаў 2004-2005 гадоў. Нават тыя аналітыкі, якія стаяць на кансерватыўных пазіцыях, прызнаюць, што 95% іранцаў усур’ёз заклапочаны фінансавымі праблемамі, што ўплываюць на іхнюю будучыню і будучыню іх  дзяцей. Як гаворыцца, прывітанне тым, хто спадзяецца за кошт супрацы з Іранам выцягнуць з яміны сваю эканоміку.


Але на фоне эканамічных патрабаванняў гучалі і іншыя. У тым ліку — адмяніць абавязковае нашэнне хіджабаў. Асабліва моцным быў рух 2017-2019 гадоў, хоць ён і не дасягнуў такога напалу, як цяперашні.
І іранскія жанчыны далёка не ў першы раз выходзяць на пратэсты. Яны ў мінулым былі для іх ледзь не адзінай магчымай формай удзелу ў грамадскім жыцці, чым яны і карысталіся з другой паловы ХІХ ст. Ад часу гэтак званых «Тытунёвых пратэстаў», якія адбываліся ў пачатку 90-х гг. ХІХ ст., засталіся сведчанні пра маніфестацыі, што складаліся цалкам з жанчын і маленькіх дзяцей. Гэтыя маніфестацыі праходзілі пад вокнамі шахскага палаца, і пры гэтым жанчыны выкрыквалі зняважлівыя фразы ў адрас самога шаха. Пратэсты тады, дарэчы, дакаціліся і да шахскага гарэма, калі жонкі і наложніцы шаха адмовіліся ад спажывання тытуню.
Актыўны ўдзел жанчын быў адзначаны і падчас рэвалюцыі 1979 года. Нягледзячы на тое, што за часам Махамеда Рэзы Пехлеві іранскія жанчыны атрымалі значныя свабоды — нават з’явілася першая ў гісторыі краіны жанчына-міністарка (ейны лёс быў трагічным: у 1980 годзе яе расстралялі новыя ўлады) — яны далучыліся да агульнага антышахскага руху ў разліку на дэмакратызацыю краіны. Праўда, сярод удзельнікаў той рэвалюцыі шмат хто падзяляў падобныя чаканні. Вынік моцна ад іх адрозніваўся.
Тым не менш, адрозненні прысутнічаюць. Перш за ўсё — у стане і настроях грамадства. Як бы мы не ўяўлялі яго скрозь рэлігійным (зыходзячы з нашых уяўленняў пра Іран, якія будуюцца, у асноўным, на нейкіх састарэлых штампах і адсутнасці сапраўднай інфармацыі), іранскае грамадства робіцца ўсё больш секулярным. Паводле сацыялагічных апытанняў (так, умовы для працы сацыёлагаў там амаль такія ж, як і ў нашай краіне, але нейкае ўяўленне пра стан рэчаў яны даюць), толькі траціна іранцаў кажа, што шыіцкі кірунак ісламу з’яўляецца чымсьці блізкім іхнім поглядам і веры. Яшчэ траціна называе сабе атэістамі ці сцвярджае, што яны далёкія ад рэлігійных поглядаў. Астатнія атаясамліваюць сябе з зараастрыйцамі, сунітамі, суфіямі, спірытуалістамі, хрысціянамі, гуманістамі і г.д. Такім чынам, кансерватыўнае клерыкальнае кіраўніцтва «павісае ў паветры», не маючы надзейнага апірышча ў грамадстве. У цэлым, іранцы мала адрозніваюцца ад іншых народаў сучаснага свету. Адзінае, што знаходзяцца яны ў надзвычайных умовах. Праўда, як ведаем, не адны яны.
Дык ці варта ў такой сітуацыі чакаць ператварэння цяперашніх пратэстаў у рэвалюцыю, якая паставіць кропку ў рэжыме аятолаў? А вось на гэта пытанне адказ, хутчэй за ўсё, будзе адмоўны. Нягледзячы на маштабы пратэстаў і радыкальнасць лозунгаў, іранскі рэжым відавочна валодае пакуль сілавымі рэсурсамі для задушэння пратэстаў. Пра гэта сведчыць, у тым ліку, той факт, што супраць маніфестантаў не выкарыстоўваецца Корпус Вартавых Ісламскай Рэвалюцыі — самая моцная і эфектыўная сілавая структура рэжыму, задача якой — абараняць гэты рэжым ад знешніх і ўнутраных ворагаў. Нават той факт, што некаторыя пратэстоўцы, як і паліцыя, выкарыстоўваюць агнястрэльную зброю, не надта напружвае ўладу. Бо гэта толькі ў рамантычных уяўленнях летуценнікаў з’яўленне ў пратэстоўцаў зброі аўтаматычна прыводзіць да пазітыўных палітычных перамен. У рэале гэта завяршаецца, як правіла, традыцыйным закатваннем пратэстаў у асфальт — толькі з большымі ахвярамі. Працуе і практыка запалохванняў: звальнення з працы, арышту, на крайні выпадак — смяротнага прысуду, які іранскія суддзі выносяць досыць ахвотна.
Яшчэ адзін істотны момант, які робіць іранскія пратэсты малаэфектыўнымі для змены ўлады — адсутнасць адзінага лідара. Як бы мы ні верылі ў здольнасць людзей да самаарганізацыі і паспяховай дзейнасці супраць аўтарытарных рэжымаў, практыка, у тым ліку іранская, паказвае ўтапічнасць гэтых уяўленняў. Арганізацыя і адзінае кіраўніцтва ўсё роўна патрэбныя, бо без іх няма магчымасці пастаноўкі адзінай мэты, аб’яднання і каардынацыі дзейнасці людзей, каб іх высілкі прынеслі максімальны эфект. Гэта, дарэчы, цудоўна разумее і іранскае кіраўніцтва, якое прыклала шмат намаганняў для дыскрэдытацыі і вынішчэння арганізаванай апазіцыі. У выніку цяпер на маніфестацыі на вуліцах іранскіх гарадоў аяталам можна глядзець адносна спакойна.
Але таксама застаецца зразумелым, што кулі і дручкі не вырашаць тых праблем, якія назапасіліся ў Іране і якія выводзяць людзей на пратэсныя акцыі. Іранскае грамадства відавочна перарасло рэжым кансерватыўных клерыкалаў, і звяржэнне гэтага рэжыму — пытанне толькі часу. Прычым не такога ўжо і аддаленага.