За што сядзеў «вясковы лірнік»? Крымінальная справа Сыракомлі

Трапіць пад пераслед у Расійскай імперыі было проста. Асабліва калі ты знакаміты паэт з былой Рэчы Паспалітай, а твае погляды хоць крыху разыходзяцца з афіцыйным палітычным курсам. Нагляд паліцыі, допыты, зняволенне не мінулі і вядомага паэта Уладзіслава Сыракомлю.

Уладзіслаў Сыракомля. Літаграфія М. Фаянса

Уладзіслаў Сыракомля. Літаграфія М. Фаянса

Рэдкі творца з «забранага краю» можа пахваліцца адсутнасцю ў сваёй біяграфіі звестак аб пераследзе з боку ўлад Расійскай імперыі. Таемныя таварыствы, паўстанні, бясконцыя працэсы, атмасфера недаверу і праверкі на лаяльнасць цару — вось сімвалы жыцця нашага ХІХ стагоддзя. Калі праз сапраўдную сібірскую катаргу прайшлі сотні чалавек, то праз допыты, размовы ў паліцыі, таемны нагляд — тысячы і тысячы. Імперыя трымалася на страху перад так званай крамолай. Пры гэтым ад той сістэмы пакутавалі не толькі захопленыя землі, яны гэта адчувалі вастрэй, цярпелі і землі ўласна рускіх губерняў. У гэтым існасць імперыі.

Глядзіце таксама

Нядоўгае жыццё Уладзіслава Сыракомлі (Людвіка Кандратовіча; 1823–1862) прыпала на перыяд паміж паўстаннямі. У яго свядомым узросце ўжо пагас пажар лістападаўскага паўстання 1830-га, пакрысе спыняўся раскручаны махавік рэпрэсій, але выспявала новая хваля супраціву, якая ўзнімецца ў 1863 годзе. Гэтага паэт ужо не пабачыць. Сваіх поглядаў паэт ніколі не хаваў, што праўда, на публіцы, а тым больш у друку, быў абачлівы, лішняга не рабіў і не казаў. Але сітуацыя склалася так, што апошнія гады жыцця Сыракомлі прыйшлі пад знакам пераследу, пагроза арышту і высылкі віселі над ім да апошняга дня. Памёр ён, дарэчы, у статусе падследнага… Чым звярнуў на сябе ўвагу царскіх паліцэйскіх органаў паэт? Ці меў ён дачыненне да падрыхтоўкі паўстання, якога не дачакаўся?

Крамольны тост і — данос!

Як вядома, Рэч Паспалітую падзялілі паміж сабой Аўстрыя, Прусія і Расія. У кожнай частцы былі свае цэнтры нацыянальнага жыцця: Варшава і Вільня ў Расійскай імперыі, Кракаў і Львоў у Аўстрыі, у Прусіі — Познань. Але грамадзяне былой дзяржавы працягвалі падтрымліваць камунікацыю паміж сабой і перасоўвацца па землях, дзе гаспадарылі розныя дзяржавы. Канечне, пры наяўнасці тузіна паперак з дазволамі і пацвердзіўшы сваю лаяльнасць.

У перыяд жыцця з 1856 па 1858 гады Уладзіслаў Сыракомля шмат разоў выязджаў у Познань. Падчас аднаго з візітаў у чэрвені 1858 года супольнасць познаньскай інтэлігенцыі зладзіла ўрачысты абед у гонар паэта. На ім Сыракомля выступіў з імправізаваным тостам, у якім прагучалі канкрэтныя патрыятычныя матывы. Усё ж у тагачаснай Прусіі можна было быць больш смялейшым у выказваннях, чым у Расійскай імперыі. 

Царская паліцыя

Царская паліцыя

Яго прамова адгукнулася ў сэрцах прысутных, публіка не паскупілася на шчырыя авацыі. А потым усе пайшлі ў тэатр, дзе ставілася прэм’ера спектакля па яго ж п’есе «Хатка ў лесе». Гледачы вельмі ўзрадаваліся з’яўленню аўтара, пасля спектакля Сыракомля выйшаў на сцэну, яго віталі і адорвалі кветкамі…

Пакуль познаньская публіка вітала паэта з Літвы і ён купаўся ў промнях любові і славы, у Пецярбург ужо выпраўлялася адпаведнае данясенне: і пра абед, і пра тэатр, і дэталі таго, хто што каму казаў і як усё было ўспрынята. Са сталіцы імперыі прыйшоў загад устанавіць тайны паліцэйскі нагляд за паэтам.

Натуральна, Сыракомля нічога не ведаў і працягнуў вандроўку: Курнік, Кракаў, Львоў… 

Небяспечны абед з Сыракомлем

Наогул Сыракомля для царскіх улад лічыўся элементам небяспечным і падазроным. Пытанне яго арышту — пытанне часу і палітычнай кан’юнктуры. Красамоўнымі тут з’яўляюцца сведчанні, якія пакінуў у мемуарах удзельнік паўстання 1863-га палкоўнік Ян Стэла-Савіцкі.

Па адным толькі падазрэнні (!), што ён прысутнічаў на абедзе ў гонар Сыракомлі ў Коўне, яго па загадзе, падпісаным самім царом (!), перавялі служыць з Коўна ў Курск. Палкоўнік быў раз’юшаны і, каб апраўдацца, паехаў асабіста ў Пецярбург да генерал-кватэрмайстра барона Лівенава і спытаў, чаму яго перавялі ў Курск? На што Лівенаў адказаў: «Хіба ж вы пра гэта не ведаеце? Начальнік дывізіі данёс, што вы былі на абедзе, дадзеным паэту Кандратовічу, на якім ён чытаў вершы, непрыязныя для ўрада». 

Нягледзячы на тое, што Стэлу-Савіцкаму ўдалося даказаць, што ён быццам не прысутнічаў на гэтым абедзе, загад не быў адменены.

Стаўленне ўлад да паэта прадказальнае, трэба была толькі нагода.

Ракавая паездка ў Варшаву


Варшава, лагер расійскіх войскаў, 1861

Варшава, лагер расійскіх войскаў, 1861

І такая нагода доўга не прымусіла сябе чакаць.

Пачатак 1860-х — час бурлівы, у паветры лунаў дух паўстання. Пачыналася ўсё з маніфестацый. Самымі значнымі з іх былі маніфестацыі ў памяць аб гадавіне Лістападаўскага паўстання і асабліва гадавіны Грохаўскай бітвы. У Варшаве 27 лютага 1861 года падчас чарговай дэманстрацыі салдаты адкрылі агонь па натоўпе, у выніку чаго былі забіты пяць маніфестантаў: два землеўладальнікі, рамеснік, рабочы і студэнт. Яшчэ каля дзесяці чалавек атрымалі раненні.

Варшава, 1861. Маніфестацыя

Варшава, 1861. Маніфестацыя

Калі да Вільні дайшлі чуткі аб расстрэле патрыятычнай дэманстрацыі на Замкавай плошчы ў Варшаве, Сыракомля, нягледзячы на хваробу і статус «невыязнога», адразу ж пад чужым пашпартам едзе на месца крывавых падзей і прымае ўдзел у жалобных маніфестацыях і сходах.

Варшава, 1861. Разгон маніфестацыі

Варшава, 1861. Разгон маніфестацыі

Гэтыя весткі дайшлі да мясцовай паліцыі.

Даведаўшыся пра яго ўдзел у маніфестацыях, жандары з Вільні адразу ж адправіліся ўслед за Сыракомлем. Праз некалькі дзён ён быў арыштаваны па дарозе з Варшавы, у Сувалках, i кінуты ў адзіночную камеру цытадэлі. 

Відавочна, што на паэта была сабрана добрая тэчка матэрыялаў, справа следчымі раскручвалася. Яго чакалі Сібір і катарга. Гэта было ўжо вырашана…

Заступніцтва і хатні арышт

Сыракомля быў знакавым паэтам, яго затрыманне і зняволенне ўскалыхнулі супольнасць Вільні. Знайшліся ў яго і заступнікі, якія рызыкнулі звярнуцца да ўлад. Усё ж хадайнічаць за палітычнага «злачынцу» — справа небяспечная, бо можна самаму трапіць пад падазрэнне і аказацца з ім у адной камеры. 

Але тут справа склалася паспяхова. Выдавец і рэдактар, добры сябра паэта Адам Кіркор і доктар Сыракомлі Ю. Ціцюс вырашылі гэта пытанне. Лекар Ю. Ціцюс быў у добрых адносінах з Віленскім генерал-губернатарам Назімавым. Дактары тады мелі вагу і ўплыў.

Адам Кіркор

Адам Кіркор

Цікавыя падрабязнасці пра клопат за паэта ёсць у рукапісным дзённіку доктара Ю. Ціцюса. З запісаў вядома, што вызваленне Сыракомлі прайшло якраз дзякуючы лекару. Ён расказаў губернатару Назімаву пра цяжкі стан здароўя Сыракомлі, пра тое, што далёкае падарожжа (на катаргу) прыблізіла б яго смерць, што нават тут, дома, жыць яму засталося нядоўга, можа, не болей чым год.

Віленскі губернатар Назімаў

Віленскі губернатар Назімаў

У Віленскай турме Сыракомля правёў амаль месяц, пасля быў вызвалены пад нагляд паліцыі. Следства не спынілася, справа не была закрыта, чакаў яшчэ суд… У студзені 1862 года да суда паэта было вырашана саслаць у яго ж Барэйкаўшчыну без права прыязджаць у Вільню, акрамя як на лячэнне.

Вільня, панарама горада з гары Буфала, 1861.

Вільня, панарама горада з гары Буфала, 1861.


Жыццё пад следствам

Усё ж воля лепш, чым няволя. Сыракомля апынуўся ў складанай сітуацыі: з аднаго боку — нявызначанасць. Пастаянная пагроза паўторнага арышту, допытаў, высылкі… З іншага, сядзець без справы — не варыянт. Трэба паспець напісаць тое, што можаш, што задумаў. Справы глушылі хваляванні і дэпрэсію.

Барэйкаўшчына

Барэйкаўшчына

У сваёй ссылцы Сыракомля бярэцца за пяро і аддаецца творчай працы. З-пад яго рукі выходзіць цэлы шэраг новых паэтычных твораў, у якіх выявіліся новыя грані выдатнага таленту паэта. Таксама ён стварае новыя пераклады, рыхтуе да друку публіцыстычныя матэрыялы на літаратурныя і грамадска-палітычныя тэмы, а таксама этнаграфічныя замалёўкі. Асноўная накіраванасць гэтых артыкулаў — па-ранейшаму клопаты аб развіцці нашай культуры.

Глядзіце таксама

Месяц у халодных казематах Віленскай турмы даўся ў знакі. У паэта на неспрыяльным эмацыянальным фоне абвастрылася даўняя хвароба — сухоты. Прагноз доктара Ціцюса збыўся, Сыракомля не пражыў і года, сканаў 15 верасня 1862-га…

Дом, дзе памёр Сыракомля ў Вільні

Дом, дзе памёр Сыракомля ў Вільні

Пахаванне

Уладзіслава Сыракомлі не стала, следчыя дзеянні былі спынены, крымінальная справа фармальна закрыта. Але не ў Расійскай імперыі! Нябожчык Сыракомля таксама выклікаў заклапочанасць і інтарэс да сваёй спачылай асобы з боку паліцыі.

Захаваўся вельмі красамоўны дакумент з грыфам «сакрэтна». Гаворка аб данясенні падпалкоўніка Лосева аб масавай маніфестацыі:

«Считаю долгом довести до сведения, что в Вильне происходили торжественные похороны умершего знаменитого поэта Кондратовича. Стечение народа примерно было до 10 тысяч, даже из соседних губерний. Гроб несли молодые люди, одетые в чемарках и конфедератках. На кладбище были говорены частными лицами речи, но в смысле их ничего не заключалось против правительства.

Похороны г. Кондратовича окончились без изъявлений национальных чувств в больших размерах, как ожидалось; к спокойствию, может быть, послужили и принятые меры предосторожности местными властями, а также католическое духовенство было предупреждено, что оно будет отвечать, если произойдут беспорядки».

Нябожчыкі таксама былі пагрозай для імперыі…   

След паўстання 1863-га…

Адкрытым застаецца пытанне датычнасці Сыракомлі да паўстання 1863-га, да якога ён не дажыў літаральна некалькіх месяцаў. Гэту тэму актыўна падымаў і прасоўваў яшчэ ў савецкі час даследчык творчасці Сыракомлі Кастусь Цвірка. Усё ж трэба было пацвердзіць «дэмакратычна-рэвалюцыйны» настрой паэта, каб ён упісаўся ў тагачасную ідэалагічную мадэль. Ускосныя звесткі аб Сыракомлі і паўстанні сабраны цікавыя! Вось як пра гэта піша шаноўны Кастусь Цвірка:

«Ёсць звесткі, што Сыракомля часта ездзіў у Познань, каб арганізаваць дастаўку на Літву нелегальных выданняў. Гурток Е. Урублеўскага, да якога былі блізкія правадыры паўстання З. Серакоўскі, К. Каліноўскі, Я. Дамброўскі, доўга яшчэ карыстаўся тымі сувязямі, што наладзіў Сыракомля.

Сыракомля ў час падрыхтоўкі паўстання 1863 года схіляўся да шляхецкіх рэвалюцыянераў — «чырвоных» i, паводле аднадушнага сведчання многіх сучаснікаў, прыняў бы ўдзел у паўстанні, калі б заўчасная смерць не спыніла яго жыцця. 

Урэшце, Сыракомля i прыняў гэты ўдзел у паўстанні, паколькі многія творы яго, як беларускія, так і польскія і пасля яго смерці добра служылі паўстанцам. Напрыклад, такі смелы, адкрыта антыцарскі верш паэта, як «Нас, сабраных усіх разам, цар бачыць не зычыць...», напісаны ў 1861 годзе, быў апублікаваны ў рэвалюцыйным польскім друку якраз у студзені 1863 года перад самым выбухам паўстання».

Магіла Уладзіслава Сыракомлі

Магіла Уладзіслава Сыракомлі