Беларускія мясціны Вільні: ад Міцкевіча да Тарашкевіча

Міцкевіч і Багушэвіч, Манюшка і Шырма, Каліноўскі і Тарашкевіч, Сыракомля ды Купала і шмат іншых выдатных дзеячаў жылі ў Вільні, вучыліся, кахалі, хадзілі віленскімі вуліцамі і сядзелі ў віленскіх кавярнях. Пра мясціны, звязаныя з жыццём ды творчай дзейнасцю некаторых знакамітых беларусаў, мы раскажам у гэтым артыкуле.

kryzh_paustancam_yerchak_logo.jpg


Ёсць адчуванне, што больш за ўсё мемарыяльных дошак у Вільні ўсталявана нашаму знакамітаму земляку з Наваградчыны, вялікаму «паэту трох народаў» Адаму Міцкевічу. Значная частка жыцця галоўнага класіка польскага рамантызму звязана з Вільняй. Тут у 1815-1819 гадах ён вучыўся спачатку на фізіка-матэматычным, а потым на гісторыка-філалагічным факультэце Віленскага ўніверсітэта. Адзін з дворыкаў універсітэта зараз носіць імя Міцкевіча. Трапіць туды можна праз браму ў доме на вуліцы Замкавай (Pilies), 13. Над брамай усталявана мемарыяльная шыльдачка ў гонар паэта.


Пасля сканчэння ўніверсітэта Міцкевіч з'язджае ў Коўна, дзе працуе настаўнікам, але ж перыядычна наведвае Вільню. У 1822 годзе ён займае пакой у доме па вуліцы Бернардынскай (Bernardinu, 11), дзе піша паэму «Гражына» (аб чым сведчыць мемарыяльная дошка на будынку). Зараз тут месціцца музей Міцкевіча, які належыць Вільнюскаму ўніверсітэту. Калекцыя ўключае больш за 200 экспанатаў — партрэты паэта, частка яго кнігазбору, кніга рэгістрацыі студэнтаў 1815 года (у ёй Міцкевіч значыцца пад нумарам 93), столік і крэсла, якімі карыстаўся паэт, лісты да яго філаматаў, першыя выданні ягоных твораў.
Тады ж, у 1822 годзе, у друкарні Завадскага (былой друкарні езуіцкай акадэміі, Šv. Jono, 4) пабачыла свет першая кніга Міцкевіча, зборнік «Балады і рамансы», якая адразу зрабіла маладога паэта зоркай. Пра гэта нагадвае памятная таблічка на будынку друкарні.


У 1823 годзе Міцкевіч спыняўся ў доме ў Літаратурным завулку (Literatų, 5), які належыў бацькам ягонага сябра Казіміра Пясэцкага. Тут ён піша II і IV часткі «Дзядоў», тут жа яго арыштоўваюць па справе філаматаў.
Наступныя паўгады, з кастрычніка 1823-га па красавік 1824 года, Міцкевіч разам з некаторымі іншымі філаматамі знаходзіцца ў вязніцы, пад якую расійскія ўлады прыстасавалі памяшканні Базыльянскага кляштара (Aušros Vartu, 7а). Пазней ён апіша гэтае зняволенне ў ІІІ частцы «Дзядоў».
Падкупіўшы вартаўнікоў, вязні па начах сустракаліся ў келлі, дзе ўтрымліваўся Міцкевіч. У гонар галоўнага героя «Дзядоў», якога атаесамляюць з самім Міцкевічам, гэтае памяшканне атрымала назву «келлі Конрада». На сцяне былога кляштара, дзе зараз месціцца гатэль, можна пабачыць чарговую мемарыяльную дошку, а ў будынку побач у 2009 годзе з’явiлася экспазіцыя, якая імітуе камеру, дзе ўтрымлівалі паэта. Дарэчы, у браме, якая вядзе ў панадворак былога кляштару, усталявана мемарыяльная шыльда ў гонар яшчэ аднаго філамата, нацыянальнага героя Чылі Ігната Дамейкі, якога таксама трымалі ў Базыльянскіх мурах.


Апошні віленскі адрас Міцкевіча (і яшчэ адна дошка) — вуліца Вялікая (Didzioji), 22. Адсюль у кастрычніку 1824 года паэт з’язджаў у высылку ў Расію, назаўжды пакідаючы Вільню.


Акрамя дошак у Вільні ёсць некалькі помнікаў Міцкевічу. Першы з іх, бронзавы бюст, усталявалі ў паўднёвым нефе касцёла Св. Янаў у 1899, да стагоддзя са дня нараджэння паэта. Паставіць помнік на вуліцах Вільні ў той час не дазвалялі расейскія улады, але, як ні дзіўна, не з'явіўся ён і ў міжваенны час, калі Вільня была часткай другой Рэчы Паспалітай. Існаваў спецыяльны камітэт па ўсталёўванні помніка, неаднойчы праводзіліся конкурсы на праект помніка, але ж далей за драўляны макет, які зрабілі ў 1924 годзе па праекце скульптара Збігнева Праношкі, справа так і не пайшла.
Макет стаяў на беразе Віліі, недалёк ад месца, дзе зараз мост караля Міндаўга і былы палац спорту, і падчас паводак яго неаднойчы змывала. Як жартавалі віленчукі, «Міцкевіч сказаў "Літва — мая Айчына", кінуўся ў рэчку і паплыў у Коўна» (на той момант — сталіцу Літоўскай Рэспублікі). Сапраўдны ж помнік, працы скульптара Якубоніса, з'явіўся толькі ў 1984 годзе, побач з касцёлам Святой Ганны. Дарэчы, помнік па праекце Праношкі таксама ўсё ж паявіўся ў Вільні — у 2021 годзе шасціметровую статую па эскізах стогадовай даўніны паставілі на прыступках Віленскай ратушы ў межах выставы «Нерэалізаваныя праекты Вільнюса ў 20 стагоддзі», а ўвосень 2022 года яе перанеслі ў сквер імя Свірыдаса, побач з будынкам польскай амбасады.



Напэўна, галоўным спадкаемцам і прадаўжальнікам справы філаматаў у наступным пакаленні быў Станіслаў Манюшка. Непарыўная сувязь з імі ўскосна ці прама праходзіць праз усё жыццё кампазітара, дырыжора, стваральніка беларускай і польскай нацыянальнай класічнай оперы. Манюшка вельмі любіў творчасць Міцкевіча, быў асабіста знаёмы з Тамашам Занам (у Мінску яны абодва жылі ў «доме масонаў»). На вершы Яна Чачота Манюшка напісаў больш за ўсё твораў. І як і ў філаматаў, жыццё Манюшкі таксама неразрыўна звязанае з Вільняй.
Тут у доме свайго цесця Мюлера на вуліцы Нямецкай (Vokieciu, 26) ён жыў з 1840 па 1858 год. У доме ў гэты час ладзіліся спектаклі, канцэрты мясцовых і замежных артыстаў, маскарады. Падчас Другой сусветнай вайны будынак згарэў і быў адноўлены ў спрошчаным выглядзе. Сёння на ім усталявана мемарыяльная дошка ў гонар кампазітара.


З канцэртамі Манюшка нярэдка выступаў ў гэтак званай «Акадэміі Ромераў» (Bokšto, 10) — мастацкай майстэрні, што належала старажытнаму шляхецкаму роду Ромераў, некалькі прадстаўнікоў якога былі жывапісцамі. Першая пастаноўка Манюшкавай оперы «Галка» адбылася ў 1854 годзе ў тагачасным Гарадскім тэатры — зараз гэта будынак ратушы (Didžioji, 31).
У скверы ля касцёла Святой Кацярыны (Vilniaus, 30) у 1922 годзе ўсталявалі помнік Манюшку. Ён з'явiўся на пастаменце, што застаўся ад эвакуяванага падчас Першай сусветнай у Расiю помнiка Пушкіну. Яшчэ адзін бюст кампазітара стаіць у касцёле Святых Янаў, дзе Манюшка некалькі год працаваў арганістам.  



Сябрам Манюшкі быў, бадай, адзiн з самых недаацэненых у Беларусі паэтаў — «лірнік зямлі беларускай» Уладзіслаў Сыракомля (Людвік Кандратовіч, «Сыракомля» — назва радавога герба). Яны пазнаёміліся ў маладосці, сябравалі і творча супрацоўнічалі ўсё жыццё. Вершы Сыракомлі трапілі ў «Хатні спеўнік» Манюшкі — агромністы зборнік у некалькі сотняў песень на «вершы найлепшых нашых паэтаў, што найбольш выявілі ў сабе мясцовы характар і каларыт».
Сам Сыракомля нават стаў хросным бацькам аднаго з сыноў Манюшкі. У 1852 годзе пасля асабістай трагедыі — падчас эпідэміі за адзін тыдзень памерлі тры ягоныя дачкі — Сыракомля пераязджае ў Вільню. Некалькі месяцаў ён жыве ў свайго сябра ў тым жа доме Мілера на Нямецкай вуліцы, а ўвесну 1853 года здымае ў графа Бенедыкта Тышкевіча фальварак Барэйкаўшчына ў 15 кіламетрах ад Вільні, у напрамку на Ашмяны ды Мінск, і пераязджае з жонкай і сынам туды. У Барэйкаўшчыне Сыракомля правядзе (з некаторымі перапынкамі) апошнія дзевяць гадоў свайго жыцця, самыя прадуктыўныя ў літаратурным плане. Зараз у маёнтку дзейнічае музей паэта.


Барэйкаўшчына была побач з Вільняй нават па мерках ХІХ стагоддзя, і Сыракомля часта прыязджаў у Вільню на некалькі дзён, а часам і тыдняў — так, увосень 1854 года ён з-за пагаршэння здароўя паўтары месяцы жыў пад наглядам віленскіх лекараў у сваго сябра, гісторыка-этнографа і выдаўца Адама Кіркора, — а восенню 1856 года фактычна пераехаў сюды. Нагодай стала заняцце Сыракомлем пасады рэдактара «новага тыднёвіка», які планаваў выдаваць Кіркор.
Паэт пасяліўся недзе ў віленскім прадмесці Папоўшчына (раён сучасных вуліц Полацкай і Філарэтаўскай) — дакладны адрас невядомы, — а вясной 1857 года перавёз сюды і сям'ю (у Барэйкаўшчыне застаюцца ягоныя бацькі). У гэты час ён больш блізка знаёміцца з жонкай Кіркора Геленай Маеўскай, былой актрысай Віленскага тэатру. Настолькі блізка, што, калі Кіркор з'ехаў у Пецярбург, каб дабіцца дазволу на выданне таго самага «Тыгодніка літэрацкего віленьскего», то па вяртанні жонкі ў хаце не знайшоў — тая сышла да Сыракомлі.


Раман Сыракомлі з Маеўскай і іх сыход з сем'яў ускалыхнулі грамадства Літвы і сустрэлі жорсткую крытыку. Гэта быў скандал вялікага размаху, пра які гаварылі ва ўсіх салонах Вільні. У выніку Гелена з'ехала да маці ў Кракаў, дзе аднавіла акторскую кар'еру ў кракаўскім тэатры. Сыракомля некаторы час заставаўся ў Вільні, але ўлетку 1858 года паехаў у Познань (у той час тэрыторыя Прусіі), дзе гастраляваў кракаўскі тэатр, і спаткаўся там з каханай. Услед за Маеўскай Сыракомля ездзіў па гастрольным маршруце кракаўскага тэатра, пакуль не атрымаў паведамленне пра цяжкую хваробу бацькі і не вымушаны быў вярнуцца на радзіму. Бацьку ён у жывых не застаў, Маеўская, не дачакаўшыся яго назад, праз нейкі час напісала аб расставанні, і Сыракомля вярнуўся да жонкі.

У 1859 годзе ён зноў пераязджае ў Вільню і некаторы час жыве на Нямецкай вуліцы, ужо не ў Манюшкі (той з'ехаў у Варшаву ў 1857-м), а ў доме Шульца — гэты будынак быў разбураны падчас Другой сусветнай. У 1860 годзе паэт уладкаваўся на працу ў рэдакцыю адноўленага і значна рэфармаванага Адамам Кіркорам часопіса «Віленскі кур'ер» (так, нягледзячы на гісторыю з Маеўскай, яны захавалі сяброўскія адносіны). Рэдакцыя месцілася ў былым палацы Пацаў ды Сапегаў на вуліцы Святога Яна (Šv. Jono, 3). У верасні 1860 года Сыракомля пераехаў на свой апошні віленскі адрас, на вуліцу Батанічную ля кафэдральнай плошчы (зараз Barboros Radvilaites, 3).

У Познань Сыракомля ездзіў не толькі з-за каханай, а і каб сустрэцца там з дзеячамі нацыянальна-вызваленчага руху, чым прыцягнуў да сябе ўвагу паліцыі. Калі ў красавіку 1861-га ён выступіў на патрыятычнай маніфестацыі ў Коўне з вершамі, а пасля нелегальна, з чужым пашпартам (ягоны ўласны быў ануляваны) выехаў у Варшаву, то на зваротным шляху яго арыштавалі. Ужо цяжка хворы на сухоты паэт амаль месяц правеў у турме. Пасля вызвалення яго спачатку змясцілі пад хатні арышт у Барэйкаўшчыне, а потым дазволілі жыць у Вільні. Тут, у доме на сучаснай вуліцы Барбары Радзівіл, ён і памёр ад сухотаў у верасні 1862 года, аб чым сведчыць мемарыяльная дошка, усталяваная яшчэ напачатку ХХ стагоддзя. Развітанне з паэтам сабрала, па звестках віленскай паліцыі, каля 10 тысячаў чалавек, не толькі з Вільні, але нават з суседніх губерняў. Пахаваны «вясковы лірнік» на могілках Росы. У 1908 годзе ў касцёле Святых Янаў усталявалі помнік Сыракомлю.

Сыракомля памёр за некалькі месяцаў да пачатку Студзеньскага паўстання 1863 года, у беларускай гістарыяграфіі больш вядомага як паўстанне Кастуся Каліноўскага. Хаця «Яська, гаспадар з-пад Вільні» у самой Вільні стала ніколі не жыў, паўстанне неразрыўна і назаўсёды звязала нацыянальнага беларускага героя з гэтым сакральным для беларусаў горадам. Увосень 1862 года ў Вільні быў створаны Літоўскі правінцыйны камітэт (ЛПК), які займаўся падрыхтоўкай паўстання на тэрыторыі былога ВКЛ.
Адбылося гэта ў доме Даўкшы на Дамініканскай вуліцы (Dominikonų g. 14). Сам Каліноўскі ўвосень 1862 пасяліўся на кватэры ўдавы віленскага губернскага архітэктара Юзэфы Грэгатовіч на Зарэччы, насупраць касцёла святога Барталамея (недзе побач з Uzupio, 17). Каліноўскага тады ўжо шукала паліцыя за распаўсюд «Мужыцкай праўды», таму жыве ён пад пад імем «настаўніка Макарэвіча». Напачатку студзеня 1863 года Кастусь з’язджае з Зарэчнай і перабіраецца ў кватэру недзе каля касцёла Баніфратараў (S. Daukanto a. 1), у доме Кільчэўскай — звестак пра дакладны адрас, на жаль, няма. Тут яго заспявае навіна аб пачатку ў Варшаве паўстання, падставаю да якога паслужыў рэкруцкі набор.



Пасля пачатку паўстання Літоўскі правінцыяльны камітэт (ЛПК) быў ператвораны ў Часовы правінцыяльны ўрад Літвы і Беларусі (яго таксама ўзначаліў Каліноўскі). Праўда, дзейнічаў ён нядоўга, ужо ў сакавіку 1863 года варшаўскі Часовы нацыянальны ўрад распусціў ЛПК, а Каліноўскага накіраваў камісарам на яго родную Гарадзеншчыну. Вярнуўся ён у Вільню ў чэрвені 1863 года, калі лёс паўстання быў ужо амаль вырашаны. Тут ён уваходзіць у наваствораны Выканаўчы аддзел Літвы, а хутка, пасля арышту Якуба Гейштара, узначальвае яго, фактычна стаўшы і галоўным кіраўніком паўстання. Аднак на той момант яно ўжо было амаль падаўлена, а асноўныя сілы паўстанцаў — разбітыя.

Каліноўскі жыў у Вільні пад рознымі прозвішчамі, сярод якіх былі ўжо згаданы Макарэвіч, Хамовіч, потым Ігнацій Вітажэнец. Адна з найгалоўнейшых канспіратыўных явак Каліноўскага была ў кватэры Ямантаў (дачка якіх, Марыя Ямант, «Марыська чарнаброва», была нявестай Кастуся) «у доме Шышкіна па вуліцы Вялікай» — дакладны адрас таксама невядомы. У кастрычніку 1863 года Каліноўскі пад імем Вітажэнца здымае кватэру ў «гімназіяльным доме пры Замкавай вуліцы», што непасрэдна прымыкае да касцёла святых Янаў (Pilies, 21). Тут 9 лютага 1864 года яго і арыштоўваюць царскія жандармы.
Апошнія паўтары месяца свайго жыцця Каліноўскі праводзіць у Дамініканскіх мурах — прыстасаваным пад вязніцу былым дамініканскім кляштары. Тут ён піша сваё палiтычнае завяшчанне беларусам — «Лісты з-пад шыбеніцы», а таксама апошні ліст-верш да каханай Марысі Ямант. На сцяне кляштара з боку вуліцы святога Ігната (Sv. Ignoto, 11) у 1993 годзе была ўсталявана мемарыяльная дошка памяці Каліноўскага. Мемарыяльны крыж і пліта ў гонар Кастуся і яго паплечніка Зігмунта Серакоўскага ўсталяваныя на Лукішскай плошчы, дзе кіраўніка паўстання павесілі 22 сакавіка 1864 года.

Каб не дапусціць паломніцтва да магілаў, расейскія ўлады таемна пахавалі Каліноўскага і яшчэ 20 пакараных смерцю ў 1863-1864 гадах у Вільні паўстанцаў на Замкавай гары, дзе тады месціўся расейскі вайсковы гарнізон. У 2016 годзе на гэтай гары здарыўся апоўзень, пасля чаго яе дэталёва даследавалі археолагі, якія знайшлі магілы. 22 лістапада 2019 года ў Вільні адбылася ўрачыстая цырымонія перапахавання астанкаў Каліноўскага ды іншых паўстанцаў на могілках Росы, у капліцы.


Адным з удзельнікаў паўстання Каліноўскага быў будучы айцец-заснавальнік новай уласнабеларускай літаратуры, яе ідэолаг і першы класік, а ў 1863 годзе — нядаўні выпускнік Віленскай мужчынскай гімназіі, малады школьны настаўнік Францішак Багушэвіч. Лёс двойчы надоўга звязваў ягонае жыццё з Вільняй. Спачатку ў 1852-1861 гадах, калі юны Францішак вучыўся ў сценах Віленскага ўніверсітэта, што памяталі філаматаў ды філарэтаў.
Праўда, вучыўся ён не ва ўніверсітэце, які расейскія ўлады закрылі пасля паўстання 1831 года, а ў І-й Віленскай мужчынскай гімназіі — адной з дзвюх мужчынскіх гімназіяў, што месціліся ў былых універсітэцкіх карпусах і былі нашчадкамі падрыхтоўчай школы пры ўніверсітэце. Аднакласнікамі Багушэвіча былі будучыя паплечнікі Каліноўскага Цітус Далеўскі і Юльян Чарноўскі, у старэйшых класах вучыліся Канстанцін Далеўскі ды Ігнат Здановіч. Увогуле, сярод вучняў дзвюх віленскіх гімназіі розных часоў шмат знакамітых асобаў — Адам Кіркор, Яўстах Тышкевіч, Сімонас Даўкантас, Юзаф Пілсудскі, Фелікс Дзяржынскі, Пётр Сталыпін, Міхаіл Бахуін, Браніслаў Тарашкевіч ды іншыя.


Пасля сканчэння гімназіі Багушэвіч спачатку з'ехаў у Пецярбург, дзе паступіў на фізіка-матэматычны факультэт універсітэта. Але ж яшчэ да пачатку навучання, пасля ўдзелу ў студэнцкіх хваляваннях, забраў дакументы і вярнуўся ў Беларусь, дзе працаваў настаўнікам у вясковай школе на Лідчыне. У 1863 годзе ён далучыўся да паўстанцкага атраду Людвіка Нарбута, сына знакамітага аматара гісторыі Тэадора Нарбута. Пасля паразы паўстання, ратуючыся ад турмы ды ссылкі, Францiшак патаемна пераехаў ва Украiну. Там ён атрымаў юрыдычную адукацыю, доўга быў судовым следчым ва Украiне i ў Расіi. На радзіму ж вярнуцца змог толькі пасля шырокай амністыі з нагоды каранацыі Аляксандра ІІІ.

Увесну 1884 года Багушэвіч з сям'ёй пераязджае ў Вільню. Тут ён працуе адвакатам ў акруговым судзе, што месціўся ў былым палацы Тышкевічаў на вуліцы Трокскай (Traku, 1) — гэты будынак мы ўжо не аднойчы згадвалі. Жыве ў доме на вуліцы Коннай (сённяшняя Arklių g, 18). «Мужыцкi адвакат» Багушэвіч найперш браўся за справы сялянаў і гарадскiх беднякоў. «Аднапавярховы дом на рагу вуліцы Коннай, што прылягаў да базару, складаўся з некалькіх лепшых кватэр і цэлага шэрагу меншых, якія злучаліся з дваром заезнага дому для сялянаў, — апісваў жытло Багушэвіча віленскі журналіст Напалеон Роўба. — Адну з кватэр ад вуліцы Коннай займаў Ф. Багушэвіч з жонкай і двума дзецьмі. Лёгка было распазнаць гэтую кватэру, бо асабліва ў базарныя дні каля яе парога ажно раілася ад сялянаў…»

На жаль, дом гэты, дзе былі створаны «Дудка беларуская» і «Смык беларускі», напісаны і сёння як ніколі актуальныя словы «не пакідайце ж мовы нашай беларускай, каб не ўмёрлі», і дзе «Мацей Бурачок» жыў да 1898 года, да нашых часоў не датрываў. На месцы, дзе ён стаяў, у 2010 годзе адкрылі памятную дошку ў гонар Багушэвіча.

Напрыканцы жыцця, атрымаўшы спадчыну ад варшаўскага сваяка, ужо цяжка хворы Багушэвіч разлічыўся з даўгамі і з'ехаў аднаўляць радавую сядзібу ў Кушлянах, дзе і памёр у 1900 годзе.


Жыў в Вільні, хоць і не вельмі доўгі час, і галоўны беларускі класік, паэт, пясняр і прарок Янка Купала. Першы ягоны віленскі перыяд — з восені 1908 года па снежань 1909-га. Іван Луцэвіч тады на грамадскіх пачатках працаваў у «Нашай Ніве», а на жыццё зарабляў (і адначасова самаадукаваўся) ў віленскай бібліятэцы-чытальні «Веды» на тагачасным Георгіеўскім праспекце (зараз Gedimino, 2). Уласнікам бібліятэкі і заснавальнікам выдавецтва «Наша хата», якое месцілася там жа, быў грамадскі i культурны дзеяч, актыўны ўдзельнік беларускага руху Барыс Даніловіч. Жыў у гэты час Купала ў віленскім раёне Звярынец, на кватэры ў беларускага настаўніка Сымона Караля — маладога педагога, які ў той час быў загадчыкам царкоўна-прыхадской школы на Звярынцы і атрымаў ад яе кватэру на вуліцы Старой (зараз Treniotos, 5).


27 студзеня 1913 года Беларускі музычна-драматычны гурток ставіць у клубе «Сокал» на вуліцы Віленскай (Vilniaus, 39) купалаўскую п'есу «Паўлінка». Гэта прэм'ерны паказ, на які ў Вільню з Пецярбурга прыязджае сам аўтар. Пецярбургская прэм'ера адбылася праз месяц, у лютым.  

У кастрычніку 1913 года Купала зноў пераязджае ў Вільню і ўладкоўваецца сакратаром Беларускага выдавецкага таварыства (яно ў той час месцілася на вуліцы Каштанавай, зараз Kaštonu, 5), фундатарам якога выступіла княгіня Магдалена Радзівіл. У 1914 годзе паэт становіцца галоўным рэдактарам «Нашай Нівы», а пасля прызыву Аляксандра Уласава ў расійскае войска і да самага закрыцця газеты з-за набліжэння фронту да Вільні ў 1915 — таксама і яе выдаўцом. Рэдакцыя ў гэты час знаходзілася на вуліцы Віленскай (Vilniaus, 14) і там жа жыў сам Купала, аб чым сведчыць мемарыяльная шыльда.

Адносна побач, на першым паверсе дома нумар 12 на былым Георгіеўскім праспекце з пачатку ХХ стагоддзя і да Другой сусветнай вайны знаходзілася ўлюбёная кавярня Купалы, легендарны «Чырвоны Штраль». Паэт даволі часта бавіў там час.



Вышэй мы згадвалі, што сярод вучняў дзвюх віленскіх гімназій быў у тым ліку Браніслаў Тарашкевіч. Будучы аўтар першай беларускай граматыкі вучыўся тут (калі дакладна, то ў ІІ-й гімназіі) у 1906-1911 гадах, скончыў навучанне са срэбным медалём. Пасля гэтага Браніслаў з'язджае вучыцца ў Пецярбург (дзе знаёміцца і сябруе з Купалам), потым жыве ў Петраградзе ды Менску (быў там у момант абвяшчэння БНР), але ж сваю знакамітую «Беларускую граматыку для школ» выдае ў 1918 годзе ў Вільні, у друкарні Марціна Кухты на Татарскай вуліцы (Totorių, 20).



У 1920 годзе Тарашкевіч пераязджае ў Вільню, у 1921 становіцца дырэктарам Віленскай беларускай гімназіі, а таксама адным з заснавальнікаў і кіраўнікоў Таварыства беларускай школы. Ініцыятарам стварэння Віленскай беларускай гімназіі быў Іван Луцкевіч, свае дзверы яна адчыніла 1 лютага 1919 года ў будынку былога базыльянскага кляштара (так званых Базыльянскіх мурах, Aušros Vartu, 7а). Тут у розны час выкладалі Максім Гарэцкі, Антон Луцкевіч, Рыгор Шырма, Барыс Кіт, Язэп Драздовіч, Францішак Аляхновіч, Аляксандр Коўш і іншыя выдатныя навукоўцы, літаратары, грамадскія дзеячы.
Дырэктарамі, акрамя Тарашкевіча, цягам існавання гімназіі былі Барыс Кіт, Адам Станкевіч (ён таксама быў стваральнікам прытулку для дзяцей-сіротаў, што дзейнічаў пры гімназіі), Міхаіл Кахановіч, Францішак Грышкевіч. Акрамя гімназіі ў Базыльянскіх мурах у міжваенны час месціўся Віленскі беларускі музей імя Івана Луцкевіча, створаны на аснове сабранай Луцкевічам калекцыі помнікаў беларускай даўніны, Беларускае навуковае таварыства, Беларуская драматычная майстроўня пад кіраўніцтвам Аляхновіча. Пэўны час тут жа была сядзіба Таварыства беларускай школы. Сёння на ўваходзе ў былую гімназію з боку Святатраецкай царквы вісяць мемарыяльныя шыльды выкладчыку і дырэктару ксяндзу Адаму Станкевічу, выкладчыку, паэту Максіму Гарэцкаму і вучаніцы, паэтцы Наталлі Арсенневай.

Некаторыя супрацоўнікі гімназіі жылі ў гэтым жа кляшторным будынку ці побач (так, у памяшканні непасрэдна над брамай, што вядзе на Вострабрамскую вуліцу, жыў спачатку Максім Гарэцкі, а потым, у сярэдзіне 20-х гадоў, — дырыжор і кампазітар Рыгор Шырма, які ў той час быў настаўнікам спеваў у гімназіі). Але Тарашкевіч жыў у іншым месцы. Спачатку, у 1921-1922 гадах, у доме на вуліцы Бакшта (Bokšto, 21). Будынак захаваўся да нашага часу, але выглядае не вельмі прэзентабельна і, верагодна, крыху перабудаваны.  

З 1923 па 1926 год Тарашкевіч, на той момант пасол (дэпутат) польскага сейму, старшыня Беларускага пасольскага клубу, жыве ў кватэры № 7 на вуліцы Віленскай, 12 (сёння Vilniaus, 37). У той час гэты будынак быў сапраўдным цэнтрам радыкальнага заходнебеларускага палітычнага руху. Справа ў тым, што спачатку даволі паланафільскі настроены Тарашкевіч пад уплывам прыгнятальніцкай, паланізатарскай палітыкі польскіх уладаў у дачыненні да беларусаў перайшоў на значна больш радыкальныя пазіцыі.
У 1925 годзе ён стварае Беларускую сялянска-работніцкую грамаду (БСРГ) — рэвалюцыйна-дэмакратычную нацыянальна-вызваленчую арганізацыю, што налічвала каля 120 000 чальцоў. У будынку на Віленскай месціліся рэдакцыі шматлікіх радыкальных газет і часопісаў, якія выдавала БСРГ (назвы іх увесь час мяняліся, бо польскія ўлады канкрэтныя выданні рэгулярна забаранялі), бюро Таварыства беларускай школы, Школьная рада, Беларускі студэнцкі саюз. Акрамя Тарашкевіча нейкі час тут жылі кампазітар Антон Грыневіч і мастак Язэп Драздовіч. Зараз на фасадзе будынка размешчана мемарыяльная дошка з барэльефам Тарашкевіча.
У 1927 годзе польскія ўлады забаранілі БСРГ. Тарашкевіча, як і шмат іншых кіраўнікоў ды актывістаў Грамады арыштавалі. Тры гады ён правёў у турме на Лукішках, а пасля вызвалення з'ехаў з Вільні ў Гданьск. У 1931 годзе зноў быў арыштаваны і ў 1933 годзе польскія ўлады абмянялі яго на Францішка Аляхновіча, які з 1927 года адбываў дзесяцігадовы тэрмін на Салаўках. Кажуць, што, сустрэўшыся на памежным пераходзе паміж Польшчай і СССР, яны павіталіся, і Аляхновіч скрушна прамовіў: «Куды ты, Бронюсь, ідзеш?». Правёўшы амаль сем гадоў «у капцюрах ГПУ», ён ведаў, што казаў: у 1937 годзе Тарашкевіча арыштуюць па сфабрыкаванай справе «Беларускага нацыянальнага цэнтру» і ў 1938 ці то расстраляюць, ці то заб'юць да смерці падчас катаванняў у НКУС.

Фігуруе Вільня і ў біяграфіі сябра Тарашкевіча, знанага беларускага кампазітара ды харавога дырыжора, народнага артыста БССР ды СССР, старшыні Саюза кампазітараў БССР, збіральніка і прапагандыста беларускага песеннага фальклору Рыгора Шырмы. Ён пераехаў у Вільню ў 1926 годзе. Працаваў ў сакратарыяце БСРГ (пры гэтым, па парадзе Тарашкевіча, афіцыйна ў яе не ўступаючы), выкладаў у Віленскай беларускай гімназіі спевы і кіраваў арганізаваным тамака хорам. Як мы пісалі вышэй, жыў у той час наўпрост над уваходнай брамай Базыльянскіх муроў.
У 1927 годзе Шырма ўзначаліў Таварыства беларускай школы і заставаўся яго кіраўніком аж да забароны арганізацыі ў 1936 годзе. Наладжваў гурткі ТБШ і хары, беларускія школы, аб’ехаў па гэтых справах усю Заходнюю Беларусь. Адначасна служыў рэгентам хора ў віленскім Прачысценскім саборы, ад якога атрымаў кватэру ў доме насупраць сабора, на вуліцы Святой Ганны (зараз Maironio, 14), дзе жыў з 1928 па 1939. На гэтым будынку, праект якога, дарэчы, належыць беларускаму архітэктару Лявону Вітану-Дубейкаўскаму, у 1994 годзе павесілі памятную дошку.


Пералічаныя намі знакамітыя беларусы — безумоўна не ўсе важныя постаці беларускай гісторыі, што так ці інакш былі звязаныя з Вільняй. Тут бываў Якуб Колас і жыла ягоная будучая жонка, Марыя Каменская, двойчы (у 1913-1914 і 1919-1922) жыў Максім Гарэцкі, большую частку жыцця правяла Алаіза Пашкевіч (Цётка) — на жаль, з месцаў, звязаных з ей захаваліся толькі будынак жаночай гімназіі на вуліцы Якштаса, дзе яна вучылася, ды шпіталь на вуліцы Ковенскай, у якім працавала сястрой міласэрнасці ў час Першай сусветнай вайны (і дзе, дарэчы, ляжаў паранены на фронце Гарэцкі).
Згадвалі мы ў мінулых матэрыялах святароў і грамадскіх дзеячаў Аляксандра Каўша ды Адама Станкевіча (апошні жыў у Зарэччы на вуліцы Полацкай, 9), айцоў-заснавальнікаў БНР братоў Луцкевічаў і прэм'ер-міністра ўраду БНР Вацлава Ластоўскага. У Вільні жылі літаратурны крытык, філосаф Уладзімер Самойла (які, дарэчы, першым ацаніў геній Янкі Купалы) і выдавец ды публіцыст Янка Пазняк (дзед Зянона Пазняка), мастак Пётра Сергіевіч і архітэктар Лявон Вітан-Дубейкаўскі. Напісаць пра ўсіх падрабязна ў межах аднаго матэрыяла, на жаль, немагчыма.


Фота Яўгена Ерчака