Сапраўдны герой Беларусі
Гэты чалавек марыў пра незалежную будучыню для народаў былой Рэчы Паспалітай і найперш — для сваіх суайчыннікаў-беларусаў. Кастусь пражыў кароткае, але яскравае гераічнае жыццё, аддадзенае змаганню за свабоду і справядлівасць.
З роду «Калінова»
Будучы паўстанцкі камандзір нарадзіўся 2 лютага 1838 года ў беларускай вёсцы Мастаўляны на беразе Свіслачы. Вёска спрадвеку была ў Гарадзенскім павеце, але цяпер яна знаходзіцца ў Падляшскім ваяводстве Польшчы. У Мастаўлянах, што зусім побач з мяжой Беларусі, і ў нашы дні гавораць па-беларуску.
Беларускі шляхецкі род Каліноўскіх, вядомы ад XVII стагоддзя, карыстаўся гербам «Калінова». Хлопчыка ахрысцілі двойчы, і ён меў два імя, але ў паўсядзённым жыцці яго заўсёды называлі адным — Кастусь.
Кастусёў бацька Сымон валодаў ткацкай фабрыкай, а пазней і маёнткам Якушоўка паблізу мястэчка Свіслач. Сымон Каліноўскі быў руплівым і заможным гаспадаром: абрусы, сурвэткі, бялізна з ягонай фабрыкі добра прадаваліся па ўсёй Гарадзеншчыне. Маці нашага нацыянальнага героя Вераніка таксама паходзіла са шляхты. Яна пакінула гэты свет, калі сыну было ўсяго пяць гадоў. Кастусь меў дзесяць родных братоў і сясцёр, але бальшыня з іх рана памерла ад хваробаў. Больш за ўсіх пражыў Кастусь, хоць і яму выпаў кароткі век — усяго 26 гадоў.
Спачатку хлопчык вучыўся ў хатняга настаўніка-«дарэктара», а потым скончыў знакамітую Свіслацкую гімназію, дзе жыла моцная памяць пра філаматаў і філарэтаў. Там спасцігалі навуку шмат вядомых пазней людзей — мастакоў, пісьменнікаў, вучоных. У гэтай навучальні крыху раней за Каліноўскага займаліся Рамуальд Траўгут, Уладзіслаў Малахоўскі, Адольф Белакоз ды іншыя юнакі з навакольных шляхецкіх сем’яў, якія потым сталі ўдзельнікамі і кіраўнікамі збройнага змагання з царызмам. Гімназіст Каліноўскі вылучаўся удумлівасцю і стараннасцю, а таксама тым, што ніколі не цярпеў хлусні і несправядлівасці.
Пасля гімназіі Кастусь тры гады дапамагаў бацьку на маянтковай гаспадарцы ў Якушоўцы, куды з Мастаўлянаў пераехала і ткацкая фабрыка. Ён быў працавітым і кемлівым юнаком, але імкнуўся вучыцца далей — ва ўніверсітэце. У вольныя ад працы хвіліны Кастуся найчасцей можна было ўбачыць з кнігамі і сшыткамі. Апрача таго, Сымон Каліноўскі ажаніўся другі раз, а з мачахай стасункі ў Кастуся былі не надта цёплыя: ён не мог забыць чуласць і клапатлівасць матулі Веранікі.
Брат Віктар
Найлепшым сябрам Кастуся стаў старэйшы на пяць гадоў брат Віктар. Той ужо быў студэнтам Маскоўскага ўніверсітэта. Вучыўся на медыцынскім факультэце, хацеў стаць доктарам і ратаваць людзей ад хваробаў, бо з дзяцінства памятаў, як памірала маці, як згасалі ад немачаў браты і сёстры. Аднак сам захварэў на невылечныя тады сухоты (туберкулёз) і мусіў зноў і зноў перапыняць навучанне. Урэшце Віктара выключылі з універсітэта, але не праз слабое здароўе, а таму, што ўзяў на сябе віну іншага студэнта, абвінавачанага ў распаўсюдзе забароненых антыўрадавых кніг.
У Маскве старэйшы брат Кастуся зарабляў на жыццё тым, што на замовы ліцвінскіх магнатаў і шляхты збіраў звесткі пра іхнія радаводы. Дзеля гэтага трэба было працаваць у архіўных сховішчах. Туды расейскія каланізатары звозілі з Літвы-Беларусі ўсе каштоўныя гістарычныя дакументы, у тым ліку і шляхецкія архівы. Віктар захапіўся мінулым роднага краю, найперш тымі часамі, калі ліцьвіны-беларусы мелі сваю незалежную дзяржаву. Грунтоўна займаўся ён і вывучэннем межаў тэрыторыі, дзе гавораць па-беларуску. Цікавасць да гісторыі ён перадаў і Кастусю. Малодшы брат пераехаў у Маскву і рыхтаваўся да ўніверсітэцкіх уступных экзаменаў, адначасова дапамагаючы старэйшаму ў архіўнай працы.
Маскоўскія гістарычныя росшукі Віктара Каліноўскага заўважыла і высока ацаніла Віленская археалагічная камісія. Яе для вывучэння беларускай даўніны стварылі гісторыкі Яўстах і Канстанцін Тышкевічы з аднадумцамі. Камісія замовіла Віктару пошук нашых старадаўніх дакументаў у Пецярбурзе. Разам з братам у сталіцу Расейскай імперыі накіраваўся і Кастусь.
Асноўным месцам працы старэйшага Каліноўскага была Пецярбургская публічная бібліятэка. Ён бываў там штодня і заслужыў у сяброў мянушку Бібліятэкар. Віктар пісаў, што асабліва радаваўся, калі знаходзіў дакументы «на гаворцы крывіцкай, якую можна называць беларускай». Ён жыў вельмі сціпла, а большую частку заробленых грошай траціў на кнігі, сабраўшы цэлую бібліятэку з двухсот тамоў пра гісторыю Вялікага Княства Літоўскага.
Але Віктар Каліноўскі меў важныя справы і за сценамі архіваў і бібліятэк. Яго нездарма называлі другім Тамашом Занам. Як і кіраўнік таемнага таварыства філарэтаў, Віктар самааддана працаваў у падпольных суполках, рыхтаваў да ўступлення ў іх моладзь. Сярод ягоных выхаванцаў быў сын расейскага купца-мільянера Мікалай Уцін. Ён потым стаў адным з важакоў рэвалюцыйнага таварыства «Зямля і воля».
У жніўні 1862 года над Віктарам навісла пагроза арышту. Тым часам дактары паведамілі, што сухоты пакідаюць яму ўсяго некалькі месяцаў жыцця. Каліноўскі-старэйшы вярнуўся ў бацькоўскі дом, дзе і прайшлі ягоныя астатнія дні. Віктар пахаваны ў мястэчку Свіслач. Цяпер у гонар брата нашага нацыянальнага героя там штогод святкуецца Дзень памяці паўстанцаў.
Вольнае сэрца
Канстанцін Каліноўскі вучыўся на юрыдычным факультэце Пецярбургскага ўніверсітэта. Першыя два гады ён не мог ганарыцца добрымі адзнакамі, бо амаль увесь вольны ад лекцый час мусіў зарабляць грошы на жыццё прыватнымі ўрокамі. Але ў выніку скончыў універсітэт выдатнікам.
Выкладчыкі і не здагадваліся, што здольны студэнт разам з братам Віктарам уваходзіць у таемны рэвалюцыйны гурток суайчыннікаў — афіцэраў Генеральнага штаба расейскай арміі. На чале суполкі стаялі будучыя кіраўнікі вызвольнага паўстання 1863 года Зыгмунт Серакоўскі і Яраслаў Дамброўскі.
Кастусь таксама ненавідзеў царскую ўладу ды імперскія парадкі. Пэўны час у гады студэнцтва ён, пратэстуючы супроць казённых універсітэцкіх правілаў, хадзіў не ў вызначаным адзенні, а ў сурдуце і ботах, а замест гальштука завязваў на шыю прывезены з дому беларускі ручнік.
Каліноўскі марыў пра вызваленне Айчыны і рыхтаваўся да барацьбы. Ён пакляўся прысвяціць гэтай справе ўсё жыццё. Ягонае сэрца прагнула здабыць волю не толькі для сябе, але і для ўсяго народа. Агіду і абурэнне выклікала ў Кастуся прыгоннае права, што набліжала сялянаў да становішча рабоў.
На пачатку 1861 года Каліноўскі здаў выпускныя іспыты, абараніў дысертацыю і атрымаў навуковую ступень кандыдата права. Выбар далейшага шляху быў ужо зроблены. Ён вяртаецца ў родную Літву-Беларусь і спрабуе ўладкавацца на службу да самога віленскага генерал-губернатара. Менавіта з былой сталіцы Вялікага Княства Кастусь плануе пачаць стварэнне сеткі паўстанцкіх суполак і падрыхтоўку збройнага змагання. Але, нягледзячы на рэкамендацыі ўплывовых сяброў і самога губернатарскага ад’ютанта, свайго будучага баявога паплечніка Людвіка Звяждоўскага, Кастусю няма даверу, і ён паўсюль атрымлівае адмову.
Каліноўскі вярнуўся на Гарадзеншчыну. Для прыкрыцця сваёй дзейнасці ён хацеў уладкавацца на працу следчым, але і гэтым разам у начальства ўзніклі сумневы. Трапіць на дзяржаўную службу зноў не атрымалася, аднак галоўная мэта не дазваляла марудзіць. Каліноўскі хутка стварыў моцную Гарадзенскую таемную арганізацыю і стаў сябрам віленскага цэнтра падрыхтоўкі паўстання.
«Мужыцкая праўда» кліча да зброі
Улетку 1862 года ў беларускіх вёсках і мястэчках пачалі знаходзіць невялікія друкаваныя аркушы. У хвіліны адпачынку іх можна было разгладзіць на каленях, а пачытаўшы — лёгка схаваць. Гэта была першая ў гісторыі беларуская газета — «Мужыцкая праўда». Прачытаўшы яе назву, пісьменны селянін вадзіў пальцам па радках і здзіўлена адкрываў для сябе, што газета на зразумелай мове сапраўды гаворыць пра мужыцкую долю.
«Мужыцкую праўду» выдавалі Кастусь Каліноўскі з аднадумцамі — Феліксам Ражанскім, Станіславам Сангінам і Валерам Урублеўскім. Пад кожным нумарам газеты, якая выходзіла лацінскімі літарамі, стаяў подпіс — «Яська-гаспадар з-пад Вільні». Тым таямнічым Яськам назваўся сам Каліноўскі, які быў аўтарам і рэдактарам бальшыні нумароў. Ён сам займаўся і пашырэннем газеты: развозіў па паселішчах, раскідваў на дарогах.
Кастусь меў яскравы літаратурны талент. Дзякуючы гэтаму «Мужыцкая праўда» чыталася лёгка і проста, хоць і вяла гаворку пра зусім няпростыя рэчы. Газета тлумачыла беларусам, як царская ўлада іх падманвае і прыгнятае, як адбірае ў іх не толькі цяжка заробленыя грошы, але і родную мову ды бацькоўскую веру.
У першым нумары Яська-гаспадар пісаў: «Дзецюкі! Цяпер настаў такі час, што мы самі можам пісаць такую праўду справядлівую, як Бог на небе. Загрыміць нашая праўда і, як маланка, праляціць па свеце! Няхай спазнаюць, што мы можам не толькі карміць сваім хлебам, але яшчэ і вучыць сваёй мужыцкай праўдзе...». Словы Каліноўскага рабіліся крылатымі. Шмат якія з іх і сёння, праз паўтара стагоддзя, гучаць як надзённыя.
«Мужыцкая праўда» разляталася па ўсім абшары Беларусі. «У нас, дзецюкі, адно вучаць ў школах, каб ты знаў чытаці па-маскоўску, а то для таго, каб цябе саўсім перарабіці на маскаля… — звярталася газета да чытачоў. — За тое, што мы цару 25 гадоў на войнах служым без людскае стравы і адзежы, не дае нават кавалка зямлі… Ён, перакупіўшы многа папоў, плаціў грошы, каб толькі пераходзілі на праваслаўе, і адабраў ад нас нашу справядлівую вуніяцкую веру і пагубіў нас перад Богам навекі».
Усяго з ліпеня 1862 года да красавіка 1863-га пабачылі свет сем нумароў газеты. Яна мела сярод сялян значны водгук. Шмат хто таемна чытаў «Мужыцкую праўду» непісьменным аднавяскоўцам, пакідаў газетныя аркушы ў людных месцах, каля капліц і крыжоў на раздарожжах, прыносіў у цэрквы і касцёлы.
Апошні нумар «Мужыцкай праўды» выйшаў ужо ў час паўстання. Там гучаў адкрыты заклік да збройнага змагання з каланізатарамі: «Падумайце добра ды, памаліўшыся Богу, станьма дружна разам за нашу вольнасць! Трэба нашым хлопцам спяшаць з віламі ды з косамі туды, дзе дабіваюцца волі ды праўды».
Няўлоўны, як вецер
Кастусь Каліноўскі быў бліскучым канспіратарам. Ён безліч разоў абводзіў вакол пальца царскіх жандараў, якія часта ўжо ішлі за ім па пятах і былі ўпэўненыя, што вось-вось «асабліва небяспечны злачынец» будзе ў іхніх руках.
У кастрычніку 1862 года, калі да пачатку паўстання заставаліся лічаныя месяцы, Кастусь ехаў са Слоніма ў Ваўкавыск. У Слоніме ён сустракаўся з афіцэрамі артылерыйскай батарэі, якія падтрымлівалі вызвольны рух, а таксама з сябрамі патрыятычнай суполкі, што для прыкрыцця сваёй дзейнасці збіраліся пад выглядам чытачоў у гарадской бібліятэцы. Па дарозе Кастусь, як заўсёды, паўсюль пакідаў свежыя нумары «Мужыцкай праўды». Яны трапілі ў мястэчкі Ружаны і Падароск ды ў навакольныя вёскі. Весткі пра гэта дайшлі да слонімскага жандарскага прыстава. На паштовай станцыі, дзе падарожнік наймаў коней, прыстаў высветліў, што з «крамольнай газеткай» ехаў шляхціч Каліноўскі.
Рапарт пра гэта паляцеў гарадзенскаму губернатару, які загадаў жандарам неадкладна арыштаваць «смутьяна». Дзясяткі жандараў пачалі допыты і ператрусы ў дамах, дзе спыняўся Кастусь. Пра вынікі пошукаў яны мусілі данесці самому царскаму міністру ўнутраных справаў. Тым часам няўлоўны Каліноўскі ў клопатах пра сваю таемную арганізацыю паспеў наведаць Вялікую Бераставіцу і Гародню, дзе не раз спакойна праходзіў каля губернатарскага дома.
Сакрэтны паліцэйскі нагляд усталявалі за маёнткам Каліноўскіх — Якушоўкай, але Кастусь здолеў таемна завітаць і туды, каб сустрэцца з бацькам і наведаць магілу нядаўна памерлага брата Віктара. Жандары атрымалі звесткі, што далей Каліноўскі накіраваўся ў Вільню, а той быў ужо у Пецярбурзе: вёў перамовы пра падтрымку з таемным таварыствам «Зямля і воля».
У часе самога паўстання жандары таксама мелі некалькі магчымасцяў схапіць правадыра змагароў, але ён заўсёды вырываўся з расстаўленых пастак. Аднаго разу ўзімку паліцыя ўварвалася ў віленскую кватэру на Зарэчнай вуліцы, дзе начаваў Кастусь. Ён паспеў у адной бялізне выслізнуць у вакно. Некалькі гадзін праляжаў на халодным, нібы лёд, даху, гледзячы на зоркі, але не выдаў сябе ніводным рухам. Калі няпрошаныя госці пайшлі, Кастусь быў з заінелымі валасамі і настолькі змерзлы, што ледзьве варушыў рукамі і нагамі. Аднак яго грэла думка, што застаўся на волі і не навёў бяды на гаспадароў, якія далі яму прытулак.
Некалькі разоў, загрымаваны і апрануты як царскі службовец, Каліноўскі знаходзіўся ў віленскіх кавярнях адначасова з царскімі жандарамі. Тыя мелі падрабязнае апісанне аблічча паўстанцкага правадыра, але і ўявіць не маглі, што той п’е каву за суседнім сталом...
У канспірацыі выдатна дапамагала Кастусю веданне моваў: апрача беларускай і польскай ён добра валодаў расейскай, французскай і нямецкай.
Дзеля будучыні Айчыны
Яшчэ ўвосень 1862 года Каліноўскі ўзначаліў Літоўскі правінцыйны камітэт, які рыхтаваў збройную барацьбу супроць царскай улады ў Літве-Беларусі. Пасля пачатку паўстання Літоўскі камітэт абвясціў сябе Часовым урадам. Каліноўскі не хацеў падпарадкоўвацца варшаўскаму кіраўніцтву і патрабаваў раўнапраўя Вільні з Варшавай.
Кастусь і яго аднадумцы, якіх называлі «чырвонымі», выступалі за роўнасць усіх жыхароў краю і за перадачу зямлі сялянам. Часовы ўрад рассылаў паўстанцкім камандзірам інструкцыю, якая патрабавала судзіць найбольш жорсткіх прыгнятальнікаў сялян ваенным судом і караць іх смерцю. Каліноўскі лічыў, што ў будучым народы Рэчы Паспалітай, разарванай на кавалкі агрэсіўнымі суседзямі, павінны самі вырашаць свой лёс. Ён быў прыхільнікам таго, каб дзяржаўным ладам новых вольных краін была рэспубліка. «Белыя» дзеячы ў кіраўніцтве паўстання баяліся простага народу і найперш хацелі аднавіць колішнюю дзяржаву ў межах, якія яна мела да трох падзелаў. У той дзяржаве са сталіцай у Варшаве рэй павінны былі весці палякі.
«Белым» удалося адхіліць Каліноўскага ад кіраўніцтва. Кастусь стаў паўстанцкім камісарам Гарадзенскай губерні. Ён прыцягнуў да паўстання шмат сялянаў, што таксама не падабалася ягоным праціўнікам.
Каліноўскі аб’язджаў павет за паветам. Ён інспектаваў аддзелы патрыётаў і натхняў іх на далейшае змаганне. Тыя, хто вылучыўся ў баях з расейскім карнікамі, атрымлівалі з рук камісара ўзнагароды. Сваіх баявых медалёў і ордэнаў паўстанцкае камандаванне не мела, а таму героям перад шыхтом баявых таварышаў часам проста ўручалі кветкі. Часта гэта былі белыя кветкі каліны. Засушаную паміж старонкамі паходнага нататніка «каліну ад Каліноўскага» паўстанцы бераглі як неацэнны скарб, каштоўнейшы за ордэн.
На Гарадзеншчыне і Віленшчыне Каліноўскага пачалі называць «каралём Літвы». Усё часцей казалі, што ён хоча ўтварыць на землях былога Вялікага Княства Літоўскага асобную дзяржаву, незалежную ні ад Польшчы, ні ад Расеі. Пра гэтую адданасць Айчыне пазней напішуць ва ўспамінах і сябры, і непрыяцелі Кастуся.
Неўзабаве Каліноўскі і «чырвоныя» зноў прыйшлі да ўлады ў віленскім паўстанцкім цэнтры. Яны выдалі на беларускай мове «Прыказ да народу зямлі літоўскай і беларускай». Там гаварылася, што паўстанне — справа не панская, а агульная і змаганне ідзе дзеля «справядлівай вольнасці». Улетку 1863 года Кастусь зноў атрымаў вярхоўную ўладу над паўстанцкімі дзеяннямі ў Літве-Беларусі і працягваў адстойваць сваю, незалежную ад Варшавы палітыку.
Пад націскам шматкроць большых сілаў расейскіх карнікаў паўстанне ўжо задыхалася. Немалая частка шляхты, каб захаваць маёнткі, пайшла на згоду з расейскай уладай. Каліноўскі патрабаваў ад падначаленых бязлітасна караць адступнікаў.
Апошнія месяцы змагарнага 1863-га Каліноўскі жыў у Вільні пад штодзённай пагрозай арышту. З Пецярбурга яму даслалі пашпарт на чужое імя, што дазваляла выехаць за мяжу. Таварышы ўгаворвалі правадыра пакінуць Расейскую імперыю, але ён пастанавіў не пакідаць Айчыны і да канца змагацца за справу, якой прысвяціў жыццё.
Затрымаць Каліноўскага расейскім уладам не ўдавалася да канца студзеня 1864 года. Але здраднік Вітаўт Парфіяновіч на допыце выдаў паўстанскага правадыра, што жыў у Вільні побач са Святаянаўскім саборам пад імем Ігната Вітажэнца. Каб арыштаваць Кастуся, паслалі цэлыя дзве роты царскіх салдат, якія акружылі ўвесь гарадскі квартал.
Нарачоная Марыя
Каханай адважнага паўстанцкага камандзіра стала віленчанка Марыя Ямант. Яна была сястрой надзейнага Кастусёвага сябра і аднадумца Язэпа. Юнакі пасябравалі яшчэ ў Пецярбургскім універсітэце. Калі Каліноўскі вярнуўся на радзіму рыхтаваць паўстанне, Язэп Ямант кінуў навучанне і паехаў следам. Кастусь часта бываў па сваіх рэвалюцыйных справах у Вільні, і сям’я Ямантаў прапанавала яму спыняецца ў іхняй кватэры на вуліцы Вялікай у самым цэнтры былой ліцьвінскай сталіцы. Там і адбылася першая сустрэча Кастуся і Марыі. Сябры потым сцвярджалі, што гэта было каханне з першага позірку.
На дварэ пачыналася вясна 1861 года. Каліноўскі меў дваццаць тры гады, Марыя — на тры меней. Яна была адукаванай дзяўчынаю: валодала замежнымі мовамі, добра ведала гісторыю, шмат чытала. Каліноўскі хутка зрабіўся ў Ямантаў самым жаданым госцем. Але гасцяваў ён не часта, бо мусіў бясконца вандраваць па Беларусі, гуртуючы змагарскія сілы. Калі закаханыя расставаліся, яны давяралі свае пачуцці шчырым і пяшчотным лістам.
Праз год пасля знаёмства Марыя зрабілася нарачонаю Кастуся. Яна атрымала ад каханага заручальны пярсцёнак і проста свяцілася шчасцем, хоць і прадчувала, што наперадзе іх чакаюць нялёгкія выпрабаванні. Надзею на хуткае вяселле перакрэсліў пачатак паўстання. Кватэра Ямантаў ператварылася ў сапраўдны паўстанцкі штаб. Менавіта там Каліноўскі сустракаўся з камісарам Нацыянальнага ўрада ў Варшаве і адстойваў будучую самастойнасць народаў Вялікага Княства Літоўскага і перадачу зямлі сялянам.
Тым часам Марыя разам з сёстрамі стварыла ў Вільні жаночы камітэт. Яго ўдзельніцы збіралі ахвяраванні для паўстанцкіх сем’яў, разносілі пошту, усялякімі шляхамі перадавалі зняволеным у турмах ежу, гарбату, свежую бялізну.
Той самай студзеньскай ноччу, калі царскія служкі схапілі Каліноўскага, арыштавалі і сям’ю Ямантаў. Кастусь быў зняволены ў былым дамініканскім кляштары, а Марыя — у манастырскіх мурах насупраць. Цётка Марыі — Ядзвіся — падкупіла ахову і здолела наладзіць паміж нарачонымі ліставанне. У адной з цыдулак да любай Каліноўскі пісаў: «Зайздрошчу свабодзе вароны, якую бачу з вакна на снезе». У тыя неверагодна цяжкія дні кожная вестачка адно аднаму дадавала душэўных сілаў.
Разам з бацькамі і сястрой Марыю, паводле выраку расейскіх суддзяў, выслалі на дзесяць гадоў у сібірскі горад Табольск. Увесь гэты тэрмін яна насіла жалобу па каханым.
Лісты з-пад шыбеніцы
На следстве і на судзе Кастусь трымаўся непахісна. З турэмнай камеры Каліноўскі дзякуючы Марысьчынай цётцы Ядвісі перадаў на волю напісаны па-беларуску запавет — «Лісты з-пад шыбеніцы», якія ў арыгінале называюцца «Да люду беларускага». Над словамі запавета нам варта глыбока задумацца і сёння: «З-пад шыбеніцы маскоўскай прыходзіць мне да вас пісаці і, можа, раз астатні. Горка пакінуць зямельку родную і цябе, дарагі мой народзе. Грудзі застогнуць, забаліць сэрца, ды не жаль загінуць за тваю праўду… Няма большага шчасця на гэтым свеце, як калі чалавек мае розум і навуку. Тады ён толькі зможа жыць у багацці і па праўдзе. Але як дзень з ноччу не ходзіць разам, так не ідзе разам навука праўдзівая з няволяй маскоўскай. Ды пакуль яна ў нас будзе, у нас нічога не будзе, не будзе праўды, багацтва і ніякай навукі, адно намі, як скацінай, варочаць будуць, не для дабра, а на пагібель нашу».
Каліноўскі не жадаў няшчасця расейскаму народу, але лічыў, што ў выніку доўгага і ганебнага мангола-татарскага ярма і царскага прыгнёту з азіяцкімі парадкамі ў нашых суседзяў укаранілася няволя ды імкненне панаваць над усім светам. Таму, звяртаючыся да суайчыннікаў, Кастусь пісаў: «З-пад шыбеніцы кажу, народзе, што толькі тады зажывеш шчасліва, калі над табою маскаля ўжо не будзе».
Запавет Каліноўскага быў цалкам надрукаваны ў Беларусі толькі тады, як пачаў развальвацца Савецкі Саюз — бальшавіцкая імперыя, што прыйшла на змену царскай. У ёй беларусы, як і іншыя народы, па-ранейшаму не мелі сапраўднай свабоды. Сёння ў нашай незалежнай краіне таксама ёсць сілы, што хацелі б вярнуць Беларусь назад, у падпарадкаванне Расеі. Яны баяцца памяці пра легендарнага Кастуся, які аддаў жыццё за волю і самастойнасць Айчыны.
Хлусня пра Каліноўскага трапляе нават у школьныя падручнікі. З праграмы па беларускай літаратуры выкінутая і «Мужыцкая праўда», і «Лісты з-пад шыбеніцы»...
Магіла героя
Расейскі суд вынес пастанову расстраляць кіраўніка паўстання, але віленскі генерал-губернатар Мураўёў, празваны Вешальнікам, замяніў пакаранне на павешанне. Смерць на шыбеніцы была больш пакутлівай. Герой, якому нядаўна споўнілася ўсяго дваццаць шэсць летаў і зім, загінуў ад рук царскага ката 22 сакавіка 1864 года на Лукішскім пляцы ў Вільні. На месцы, дзе гэта адбылося, цяпер пастаўленая мемарыяльная пліта.
Цела Каліноўскага перавезлі на Замкавую гару (у наш час яна вядомая як гара Гедзіміна) і пахавалі разам з яшчэ дваццацю пакаранымі смерцю паўстанцамі на тэрыторыі расейскага гарнізона. Каб магіла паўстанцкага правадыра і ягоных паплечнікаў не зрабілася месцам пакланення патрыётаў, каланізатары зрабілі там пляцоўку для гульні ў крыкет. Расейскія афіцэры забаўляліся на касцях нашых герояў да пачатку Першай сусветнай вайны, пакуль царскі гарнізон не змушаны быў пакінуць Вільню.
У 1920–1930 гады на магіле паўстанцаў існаваў мемарыял з іхнімі імёнамі. Аднак пасля таго, як у 1939-м Сталін аддаў Вільню літоўцам, мемарыял быў апаганены і знішчаны. Надмагільнага помніка Каліноўскаму і ягоным баявым пабрацімам няма дагэтуль. У 2017–2018 гадах літоўскія археолагі даследавалі братнюю магілу на гары Гедзіміна і пацвердзілі, што там сапраўды пахаваны 21 паўстанец. Былі знойдзеныя і парэшткі Кастуся Каліноўскага са звязанымі за спінай рукамі. Найверагодней, якраз яму належаў знойдзены ў братняй магіле медальён з абразком Маці Божай Вастрабрамскай.
Парэшткі паўстанцаў будуць перапахаваныя на віленскіх могілках Росы. Шмат хто марыць, што прах нашага нацыянальнага героя Кастуся Каліноўскага некалі вернецца ў Беларусь і ягоная магіла стане велічным народным мемарыялам.