Цяжкая праца, сціплая ежа, гарэлка: жыццё сялян вачыма Сыракомлі

Сёння, 29 верасня, спаўняецца 200 гадоў з дня нараджэння класіка беларускай літаратуры Уладзіслава Сыракомлі. За ім замацаваўся вобраз «вясковага лірніка». І не дарэмна!  Сыракомля шмат вандраваў па вёсках, бачыў на свае вочы жыццё сялян, пісаў пра яго без прыкрас. Якім было вясковае жыццё праз паўстагоддзя пасля падзелу Рэчы Паспалітай?

00_vokladka_15.jpg


Пра жыццё сялян на зломе ХІХ і ХХ стагоддзя пісалі шмат: этнографы, даследчыкі фальклору, літаратары… Дый што там казаць, класікі айчыннага пісьменства выйшлі ў свет на тэме гаротнага жыцця беларускага селяніна. У жыцці сялян — самага масавага саслоўя — было многае: і праца, і павіннасці, і радасці, спадарожнічала несправядлівасць.


Чаму нататкі Сыракомлі каштоўныя?

Справа ў тым, што сялянскае жыццё ён бачыў на свае вочы з дзяцінства. Так, Сыракомля (Людвіг Кандратовіч) быў шляхціцам, але не з заможных. Бацька быў хлебаробам-арандатарам, сам Сыракомля ладную частку жыцця правёў на вёсцы. І назіраў за ўсім не з вытанчанага гаўбца раскошнага палаца, а з вакна звычайнага засценка, які мала чым адрозніваўся ад добрай вясковай хаты.

Уладзіслаў Сыракомля

Уладзіслаў Сыракомля

Таксама Сыракомля не быў так званым «народнікам». Ён не быў перапоўнены ідэалізаванай любоўю да «мужыкоў», не ўзводзіў сялянскае жыццё і працу ў культ, не пераследаваў палітычных ці ідэалагічных мэт у сваёй творчасці: не імкнуўся паказаць «гаротных» сялян пад «злымі» панамі, «шчаслівых» сялян пры «добрых» панах. Ён бачыў жыццё, яго занатоўваў на паперы. Сыракомля аддаваў належнае сялянам, але не пакрываў заганаў іх жыцця. Не дэманізаваў паноў, але аб’ектыўна акрэсліваў шляхі да паляпшэння сялянскага жыцця.
Яго нататкі каштоўныя і часам свайго напісання ў 1850-я… Ужо мінула больш за паўстагоддзя, як з палітычнай карты Еўропы знікла Рэч Паспалітая, на яе землях гаспадарылі суседзі. На землях Вялікага Княства Літоўскага была ўстаноўленая расійская традыцыя адносін да сялян. А там лютаваў прыгон, які будзе адменены неўзабаве. Хоць якія-ніякія мясцовыя звычаі і захоўваліся, агульнае становішча сялян было незайздросным.

Агульны выгляд літоўскай вёскі

vjoska.jpg


З нататак Сыракомлі можна добра ўявіць, як выглядала наша вёска ў 1850-я. Па яго словах, усе вёскі на Літве падобныя паміж сабой, як сёстры. Звычайна яны месцяцца блізу рэчкі, каля лугу па адзін бок і каля поля — па другі. Перасякае вёску вуліца з хатамі на адным баку і з хлявамі на другі. Часам касцёл, царква і абавязкова карчма ўзвышаюцца пасярэдзіне ці ў канцы сяла.  

Н. Орда. Жукаў Барок. Выгляд тыповай літоўскай вёскі на Нёмане

Н. Орда. Жукаў Барок. Выгляд тыповай літоўскай вёскі на Нёмане

Падобная планіроўка захавалася шмат дзе і цяпер, яна была прынята і распаўсюдзілася яшчэ з часоў XVI стагоддзя і праведзенай тады «валочнай памеры». А вось наступная дэталь — цалкам знікла з вясковага краявіду. Гэта брама! Так, па абодвух канцах вёскі абавязкова былі брамы, а каля іх — крыж, дрэўца, фарбаваныя ў чорнае і белае слупы з назвай вёскі і колькасцю ў ёй хат.
Наводдаль вясковы краявід дадавалі могілкі з простымі крыжамі.

Жабрак у касцёле

Жабрак у касцёле


Цёмна, дымна, вільготна: сялянская хата і падворак

Апісаўшы вёску, Сыракомля не пакідае без увагі і звычайны сялянскі падворак.
Хата селяніна была малой: доўгая і вузкая, з чатырма дробнымі вокнамі, пад замшэлай саламянай страхой. Замест коміну — выдзеўбаны пень, замест ганку — калода ці камень. А вакол хаты — земляная ці драўляная прызба, месца, дзе збіралася вясковая грамада. У сярэдзіне хаты цёмна, дымна, вільготна… Сыракомля піша, што «ўнутраны выгляд хаты селяніна, карціна, якую, не жадаючы паэтызаваць, мы паказваем ва ўсёй праўдзівасці».

vjaskovaja_hata_1.jpg


Што ж, калі пачытаць такое апісанне, то сапраўды складваецца ўражанне гаротнага і няшчаснага жыцця, якому спадарожнічае нэндза і галеча. Але ж давайце зірнём на гаспадарку.
Насупраць хаты стаіць свіран і павець, дзе захоўваюцца ўласныя сохі, бароны, калёсы і іншыя гаспадарчыя прылады. Маецца невялікая стайня для коней, абора для кароў і іншага быдла. Каля падворку — садок, а ў ім вуллі. Пры хаце расце тытунь, сланечнік, квітнее ружа… Пры гаспадарках таксама маецца гумно са збожжам.

vjaskovaja_hata__2_.jpg


Не ўсё так гаротна на сялянскім падворку… Падобныя гаспадаркі, дзе было гумно, сад, інвентар у часы калектывізацыі лічыліся заможнымі, такіх гаспадароў высылалі.  

Не любілі дачок, страшылі воўкам: як сяляне гадавалі дзяцей

«Боль, радасць і пэўная ўрачыстасць суправаджаюць прыход чалавека на свет», — піша Сыракомля і дадае, што сяляне больш радаваліся нараджэнню сына. Чаму так? Справа ў тым, што, прыгорблены працаю селянін хацеў мець падпору ў старасці і памочніка ў гаспадарцы. Канешне, тут больш дарэчы сын. Дочкі, якія па замужжы сыходзілі з хаты і гаспадаркі, былі не ў пашане.

Калыска селяніна

Калыска селяніна

Над дзіцячай калыскай селяніна маці асабліва не затрымлівалася. Занятая працай дома ці ў полі яе галоўны абавязак — накарміць малое. Забаўлялі і суцяшалі яго старэйшыя дзеці ці старыя баба з дзедам.
Меліся ў тагачасных сялянскіх хатах прылады, падобныя да сучасных эрга-рукзакоў — саламяныя калыскі, якія маці закідвалі на плечы і неслі малое ў поле, дзе яно пакорліва чакала, пад плач і енкі, пакуль яго зноў не забяруць.

Маці і малеча ў полі

Маці і малеча ў полі

Праз год жыцця дзіцё адвучвалі ад грудзей, яно пачынала харчавацца няхітрай сялянскай ежай. Сыракомля піша, што не так проста было знайсці патрэбную страву для дзіцяці, таму давалі цвёрды хлеб з жытняй мукі і мякіны…
Калі дзіцё было непаслухмяным, то яго страшылі: воўкам, які забярэ малеча ў лес, дзедам-жабраком з торбай альбо панам, што будзе яго біць.
Сыракомля з горыччу піша: «І пазнейшы век не хутка выб’е з галавы дзіцяці гэтыя пострахі. Воўк, дзед і пан — гэтыя страшныя прывіды лётаюць над калыскай селяніна. І рэдка хто мае ахвоту выбіваць з сялянскай галавы гэтыя страхі».


Настаўнік п’яніца, мудрасць — з прымавак

Селяніна выхоўвала праца. У больш сталыя гады, калі хлопец ці дзяўчына мусілі хадзіць на летнія талокі, менавіта там пачынае фармавацца іх сэрца і веды. Маральнае і духоўнае навучанне абмяжоўвалася засваеннем простых малітваў, мясцовых песень і казак.
Жыццёвую практыку сяляне бралі з уласных назіранняў, з вопыту старэйшых, з прымавак. На гэты конт Сыракомля заўважае: «У прымаўках люду ёсць і здаровае зерне, але ж і атрута. Таму не трэба дзівіцца падуладнасці яго цела і духу».

Беларускі селянін

Беларускі селянін

Сыракомля вельмі шкадуе, што няма каму растлумачыць селяніну небяспечнасць ад двурушніцтва і фальшу, эгаізму, крадзяжу, ашуканства, нізкага падхалімства, што хаваюцца ў многіх народных прымаўках.
Але хто павінен гэтым займацца? Калі ж і з’яўляўся ў вёсках які настаўнік для дзяцей, то аказваўся ці то п’яніцам, ці то зладзеям, бо каб быў іншым — знайшоў бы больш карысны занятак для сябе.  

Ці было каханне?

Сялянскае жыццё — гэта не толькі цяжкая праца на прыгоне. Месца высокім пачуццям таксама адводзілася ў жыцці вяскоўцаў.
Калі хлопцы мацнелі ў плячах, а дзяўчаты квітнелі, для маладых сэрцаў наступала пара кахання. Час бавілі ў сумесных паходах у царкву ва ўсёй красе сваіх строяў, танчылі разам у карчме ці на панскім двары. А яшчэ былі і гулянкі на гаманлівых зімовых вечарынах, узаемныя падражніванні, песні, жартоўныя кпіны…

Танцы ў карчме

Танцы ў карчме

Але сялянскае жыццё было занадта рэальным, не даводзілася доўга жыць у палоне чараў кахання. Селянін, як піша Сыракомля, рабочая істота, і яго сямейныя сувязі — гэта вынік гаспадарчых камбінацый, якія амаль не маюць дачынення да яго кахання.

Муж і жонка: каханне ці пакуты?

Калі двор ці бацькі вырашалі, што хлопцу пара ажаніцца, ён з халоднай крывёй пасылаў сватоў да ўсіх па чарзе дзяўчат у ваколіцы, без асаблівага клопату, каб выбраць тую ці іншую. У дзяўчыны ж быў прывілей выбару, але досыць умоўны: і тут акалічнасці альбо чужая (найперш, бацькоўская) воля аказвалі выніковы ўплыў на яе рашэнне.
Сыракомля піша, што дастаткова зірнуць на вясельныя песні і абрады, каб пераканацца, што дзяўчына, аддадзеная чужой волі, становіцца хутчэй паланянкай, чым спадарожніцай жыцця будучага мужа.

Сяляне на панскім двары

Сяляне на панскім двары

У сялянскім шлюбе пакутавалі ўсе. Маладая жонка развітвалася з роднай хатай. А ў чужой старане, у чужой хаце першыя хвіліны маладой жанчыны рэдка былі шчаслівымі. Бо не любоў, а выпадак зрабіў маладых мужам і жонкай. Трапіўшы ў чужую сям’ю, не ведаючы яе духу і яшчэ не прыжыўшыся там, даводзілася дзяўчыне сутыкацца з бацькамі і раднёй мужа. Хутка пачыналіся сямейныя нязгоды.
З часам туга мянялася, маладая жанчына прывыкала да сваёй ролі. Агульная доля і нядоля, мацярынства і гаспадарчы клопат збліжалі з чужой сям’ёй.
Пасля шлюбу мужчына станавіўся адразу самастойным. Змест яго жыцця — праца, месцы, вакол якіх кружыўся, — двор, мястэчка, царква, карчма. У Сыракомлі стварылася ўражанне, што з сям’ёй селяніна звязвала толькі прывычка і карысць, якую мужык меў ад дзяцей і жонкі. Любіць ён іх гэтак жа, як свайго каня ці вала, і намнога менш, чым люльку, якую ў вольную хвіліну запальваў з урачыстай важнасцю на твары.

Надта ж прыцягальнае пітво

Пры карчме

Пры карчме



А яшчэ, біч вёскі — гарэлка. Сыракомля вельмі шмат увагі гэтаму надае і заклікае ў друку: трэба з гэтым нешта рабіць. Ён асуджае корчмы, якіх у краі больш, чым капліц і школ, выкрывае гэты заган сялянскага жыцця. Ён піша, што селянін жыве толькі сённяшнім днём, з дзіўнай безагляднасцю на заўтра і часта паўтарае прымаўку: «Дзень наш — век наш». Забыўшы пра вясновы голад, ледзь толькі дачакаецца больш-менш ураджайнай восені, шчодра спраўляе Дзяды, з працэнтамі зернем аплачвае арандатару даўгі за выпітую гарэлку…
І зноў п’е. П’е ў нядзелю за гатоўку, п’е датуль, пакуль нічога не застанецца, і ён просіць новую пазыку і дапамогі пана. Сыракомля прыводзіць радкі песні пра карчму: «тут мае конікі, тут мае волікі, тут мая адзежа, тут мае грошыкі».  

…і забывае нябожчыка

Незайздросная доля была ў старых сялян! Як толькі надышла зіма жыцця, дзед, пакашліваючы, пачынае няньчыць сваіх унукаў, баба, седзячы на печы з кудзеляй, прамаўляе пацеры, спявае песні, расказвае казкі… Абое пачынаюць бурчаць і лаяць маладое пакаленне.

Беларускія баба і дзед

Беларускія баба і дзед

З цягам часу дзед і баба, калі адчуваюць сябе цяжарам у хаце, надзяваюць на плечы торбы, бяруць у рукі кіі і пад спевы пацераў пускаюцца ў свет. Ад вёскі да вёскі, ад хаты да хаты, ад касцёла да касцёла…
Так селянін у хаце на печы альбо пад чыімсьці плотам заканчвае сваё ціхае жыццё. Сям’я паплача па ім, пахавае на могілках, праз год паставіць над ім драўляны крыж, справіць памінкі, нап’ецца, і… забывае нябожчыка.