Сын у закладніках, дачка без спадчыны. Бацькі і дзеці ў ВКЛ

Якімі былі стасункі бацькоў і дзяцей у часы Вялікага Княства Літоўскага ў асяроддзі манархаў, магнатаў, шляхты, мяшчан і духавенства? Складанымі як і ў наш час. Але былі і асаблівасці. І тое, што было звычайным у эпоху Шляхецкіх вольнасцей, у наш час падаецца нават вар’яцкім.

00_vokladka.jpg

Міндоўг і Войшалк: як і чаму бацька пакінуў сына ў закладніках

На двары XIII стагоддзе… Зараджэнне Вялікага Княства Літоўскага. Амбітны князь Міндоўг будаваў і ўмацоўваю новую дзяржаву.

Для манархаў таго часу дзеці былі добрым рэсурсам і сродкам палітычнай барацьбы — удалы дынастычны шлюб мог прынесці куды больш выгод дзяржаве, чым крывавая вайна, а добры спадчыннік мог працягнуць справу жыцця. Чым больш было дзяцей, тым больш магчымасцей для дыпламатычных манеўраў.

Кароль Міндоўг, карціна аўтарства Ліны Калінаўскайтэ (Lina Kalinauskaitė)

Кароль Міндоўг, карціна аўтарства Ліны Калінаўскайтэ (Lina Kalinauskaitė)

Галоўным праціўнікам і канкурэнтам маладой літоўскай дзяржавы, узначаленай Міндоўгам, было Галіцка-Валынскае княства. Дзеля ўладкавання стасункаў з паўднёвым суседам Міндоўг замацоўвае мірную дамову шлюбам: дачка князя ідзе за Шварна (другога сына валынскага князя Данілы Раманавіча). Дзеля большай моцы заключанай мірнай дамовы Міндоўг быў вымушаны пакінуць у Данілы Раманавіча закладнікам свайго сына Войшалка. Яго ўтрымлівалі, каб не дапусціць моцнага пераемніка на літоўскім троне.

Уявіць сёння, каб кіраўнік якой дзяржавы дзеля атрымання крэдыту ці чаго яшчэ ад іншай краіны пакінуў там у закладнікі свайго сына — ніяк не магчыма. Але для XIII стагоддзя справа цалкам натуральная для ўсёй еўрапейскай прасторы. І Міндоўг, і Войшалк цудоўна гэта разумелі. Здавалася б, бацька аддае сына ворагу, што мусіць адчуваць сын? Крыўду, злосць, пачуццё несправядлівасці, калі ты трапляеш у закладнікі, а не на літоўскі трон…

Войшалк (уяўны партрэт). М. Барвіцкі, 1908 г.

Войшалк (уяўны партрэт). М. Барвіцкі, 1908 г.

Але далейшае развіццё падзей усё раскладвае па лагічных палічках. Войшалк, які пазіцыянаваў сябе чалавекам духоўнага паклікання (ён прыняў манаскі сан, хадзіў на Афон) цалкам увайшоў у давер да галіцка-валынскіх князёў. Яны паверылі ў яго намер аддацца выключна духоўнаму жыццю і з цягам часу адпусцілі яго. Гэта была вялікая дыпламатычная перамога Войшалка! 

Па завядзёнцы тых часоў манах Войшалк выключаўся з палітычнага жыцця, але як толькі стала вядома пра вакантны літоўскі трон, ён скідвае манаскія шаты і ўступае ў барацьбу за ўладу. І перамагае. Паспяхова займае літоўскі сталец і годна працягвае справу бацькі. Такія вось палітычныя камбінацыі!

Вітаўт і Соф’я: як літоўскі князь дачку ў Маскву сасватаў і да чаго гэта прывяло

У сваёй палітычнай барацьбе такі інструмент, як дынастычны шлюб, паспяхова выкарыстоўвалі і паслядоўнікі Міндоўга. Такая ўжо была эпоха. І неад’емнай яе часткай была стратэгія паспяховага шлюбу дзяцей манарха. Урэшце, да канца XV стагоддзя шматлікія дынастыі Еўропы спляліся ў сваяцкіх стасунках. У аснову дзяржаўнай палітыкі закладаліся сямейныя інтарэсы, што павялічвала уплыў родаў, іх магутнасць.

Не спалі ў шапку і нашы літоўскія князі. Што Гедымін, што Альгерд, паспяхова карысталіся дынастычнымі шлюбамі, пасылаючы сваіх дзяцей у розныя куткі, тым самам павялічваючы ўплыў і межы Вялікага Княства Літоўскага.

Вітаўт. Выява з выдання La Pologne, historique, littéraire, monumentale et pittoresque

Вітаўт. Выява з выдання La Pologne, historique, littéraire, monumentale et pittoresque

Бадай самым іранічным дынастычным шлюбам можна назваць шлюб, які зладзіў для сваёй дачкі Соф’і вялікі князь Вітаўт. Выбітны літоўскі манарх выправіў сваю дачку ў Маскву да маладога тамтэйшага князя Васіля І. Ці магла дачка Вітаўта, дый не толькі яго, а любога іншага манарха, адмовіцца ад волі бацькі? Усё ж, такі сцэнарый мала верагодны. 

Калі старэйшы сын манарха рыхтаваўся да заняцця трону бацькі, то ў малодшых верагоднасць узначаліць дзяржаву была мінімальнай. Хіба пошасць выкасіць старэйшых дзяцей… Малодшыя дзеці манархаў цудоўна гэта разумелі. А шлюб для іх — магчымасці і перспектывы. Магчымасць стаць пачынальнікам уласнай дынастыі, атрымаць уладу і рэалізавацца як палітык.

П. Чысцякоў «Вялікая княгіня Соф’я Вітаўтаўна на вяселлі вялікага князя Васіля Цёмнага»

П. Чысцякоў «Вялікая княгіня Соф’я Вітаўтаўна на вяселлі вялікага князя Васіля Цёмнага»

Але ў чым іронія са шлюбам дачкі Вітаўта? Справа ў тым, што ў часы Вітаўта Маскоўская дзяржавы яшчэ не была моцнай і не трывала стаяла на нагах, змагаючыся з суседнімі ўдзельнымі княствамі. Але з часам Масква замацавалася, падпарадкавала аслабелыя ўдзельныя землі і пачала вастрыць шаблю на Вялікае Княства Літоўскае. І рабілі гэта, па- сутнасці, нашчадкі Вітаўта.

Яго кроў, хоць да таго часу мяшаная-перамяшаная, цякла ў жылах Івана ІІІ, Васіля ІІІ, якія адзначыліся жорсткімі паходамі на Вялікае Княства Літоўскае на зломе XV–XVI стагоддзя (той час, калі і Аршанская бітва была). А маскоўскі цар Іван IV Жахлівы, які 25 год вёў крывавую Лівонскую вайну калі Літва зазнала вялікія спусташэнні, быў пра-пра-праўнукам Вітаўта Вялікага…

Партрэт Івана Жахлівага, К. Лебедзеў

Партрэт Івана Жахлівага, К. Лебедзеў

Калі ты першародны, то ты — Мікалай: як і чаму Радзівілы называлі сваіх дзяцей

Калі ты нараджаешся ў сям’і магнатаў, твой лёс прадвызначаны — ты атрымаеш добрую адукацыю, цябе чакае выдатная кар’ера, выгодны шлюб, спадчына бацькоў. Да нараджэння можа быць вызначана і ўласнае імя. Як гэта і было ў сям’і Радзівілаў.

Для вяльможных бацькоў дзеці былі не толькі спадчыннікамі сямейных багаццяў, але і пераймальнікамі велічы роду. Нарадзіцца Радзівілам — гэта не толькі мець дабрабыт, але і несці адказнасць за прэзентацыю роду, несці вялікую фамільную місію. І адным са сведчанняў гэтай адказнасці і місіі — усталяванне спадчыннага імя першароднаму сыну. Асаблівага практычнага сэнсу тут не было, але ідэя моцнага роду рэалізоўвалася тут выдатна.

Мікалай Радзівіл Чорны, Руды, Сіротка

Мікалай Радзівіл Чорны, Руды, Сіротка

У Радзівілаў гэтым імем было Мікалай. Пачынаючы з XV стагоддзя, праз усё XVI і нават пазней Радзівілы давалі першаму свайму сыну імя Мікалай. Так, магутны Мікалай Радзівіл жыў стагоддзі… Толькі мянушкі змяняліся Мікалай Радзівіл Стары, amor Poloniae, Чорны, Руды, Сіротка…

Ганна Схаластыка Хадкевіч: дачка без бацькавай спадчыны

Атрымаць буйныя маёнткі, вёскі, фальваркі ў бацькоўскую спадчыну — натуральная справа для колаў магнатэрыі XVII стагоддзя. Але справы маглі пайсці і зусім іншым чынам. Як перадсмяротная воля бацькі справакавала канфлікт паміж магнатамі і чым скончылася барацьба за маёнткі?

Ганна Схаластыка — адзіная дачка ці ж не самага выбітнага палкаводца ў гісторыі Вялікага Княства Літоўскага, віленскага ваяводы, вялікага літоўскага гетмана Яна Караля Хадкевіча. Бліскучаму палкаводцу належаў адзін з найбольшых комплексаў магнацкіх уладанняў ва ўсім Вялікім Княстве. У 1621 годзе гетман памірае, пакінуўшы тастамент, які выклікаў занепакоенасць у дзяржаве. 

Справа ў тым, што па тастаменце ўсе маёнткі Яна Караля пераходзілі яго другой маладой жонцы Ганне Алаізе з Астрожскіх. Усё б нічога, але дачка гетмана была пабраная шлюбам з Янам Станіславам Сапегам (старэйшы сын канцлера Льва Сапегі).

Ян Караль Хадкевіч

Ян Караль Хадкевіч

Магнацкі шлюб у той час — гэта не рамантычны саюз дзвюх сардэц, гэта, перш за ўсё, — дзелавая справа, скіраваная на паляпшэнне матэрыяльнага становішча і атрыманне выгод. А тут такі паварот! Варта заўважыць, што адносіны Хадкевіча з Сапегамі былі, мякка кажучы, складанымі: як ніяк варожасць і канкурэнцыя магнатаў мела месца заўжды. Магчыма, гэта і стала галоўнай прычынаю таго, што гетман адпісаў усё сваёй жонцы, выключыўшы са спадчыннікаў адзіную дачку.

 Ян Станіслаў Сапега

 Ян Станіслаў Сапега

Сёння можна кінуць папрок, маўляў, бацька не любіў дачку. Дый не, ён любіў яе, але ж не мог Хадкевіч дапусціць, каб Сапегі завалодалі яго замкамі і фальваркамі. Гэта абурыла Сапегаў! Пачалося супрацьстаянне. З дапамогай жаўнераў Сапегі занялі некаторыя маёнткі Хадкевіча… Не засталася ўбаку ўдава гетмана: Ганна Алаіза наняла лісоўшчыкаў, каб тыя пустошылі сапежынскія двары… Кропку ў гэтай справе паставіў соймавы суд у 1625 годзе: уся маёмасць гетмана Хадкевіча перайшла да… яго дачкі Ганны Схаластыкі Сапегі.

Лука Скарына — бацька, які дапамог сыну вучыцца за мяжой

На парозе — Рэнесанс і «залаты век» Вялікага Княства Літоўскага. Шмат чаго ўжо сказана і напісана пра нашага першадрукара і генія Францыска Скарыны. Безумоўна, ён — вялікі талент. А ці змог бы ён дасягнуць вышынь без бацькоўскай падтрымцы? Ох, наўрад ці…

У абставінах злому XV–XVI стагоддзяў самастойна выбіцца ў людзі маладзёну — нерэальна. А тым больш выправіцца на вучобу ў далёкі Кракаў. Дый што казаць, ці шмат беларускіх маладзёнаў з Полацку сёння змогуць без падтрымкі бацькоў паехаць на вучобу ў Кракаў?

Заможны полацкі мешчанін Лука Скарына цудоўна ўсведамляў, што спадчыннікам яго спраў і фінансаў будзе старэйшы сын Іван. Але што ён мог даць малодшаму Францыску? Навуку. Хоць абучэнне ва ўніверсітэце тады было бясплатным (з сімвалічным уступным унёскам), побыт у Кракаве студэнты мусілі аплачваць самі. А пацягнуць жыццё ў буйным еўрапейскім горадзе — справа, якае вымагае тых яшчэ выдаткаў.

Лука і Францыск Скарына на гравюры Ісус Навін вядзе людзей Ізраілевых праз Іардан

Лука і Францыск Скарына на гравюры Ісус Навін вядзе людзей Ізраілевых праз Іардан

З бацькоўскай дапамогай усё атрымалася і талент Скарыны пайшоў далей, і сягнуў на вяршыні пантэону нашых нацыянальных герояў. Удзячны сын не забываў свайго бацькі, ён усведамляў, дзякуючы каму робіцца яго справа. Два факты. “Я, Францишек Скаринин сын с Полоцка” — менавіта так, з адсылкаю і азначэннем свайго «скарынавага сыноўства», друкар падпісваецца ў прамовах да выданняў. А на думку даследчыкаў, на адной з гравюр у выданні Скарыны змяшчаецца супольная выява Францыска і яго любімага бацькі.

Фёдар Еўлашоўскі — сын-пратэстант, які дапамог праваслаўнаму бацьку стаць епіскапам                  

Другая палова XVI стагоддзя… Па землях Вялікага Княства Літоўскага ўпэўнена крочыць Рэфармацыя. Магнаты і шляхта масава далучаюцца да новай хрысціянскай плыні паслядоўнікаў Жана Кальвіна.

Не застаўся ў баку і Фёдар Еўлашоўскі — шляхціц, які служыў магнатам і пакінуў нашчадкам мемуары надзвычайнай каштоўнасці. Пікантнасць сітуацыі Еўлашоўскага ў тым, што ён — сын праваслаўнага святара Міхаіла Лявонавіча. Цяжка ўявіць той момант, калі сын бацюшкі паведамляе аб сваім пераходзе ў іншую канфесію. Мемуары аб гэтым маўчаць. Крыкі, пагрозы, роспач… Ці сапраўды мелі яны месца, як тое можа падавацца?

Можа і мелі, але не ўсё так проста. У той час канфесійная прыналежнасць, у тым ліку, і інструмент для пабудовы кар’еры, сродак паляпшэння дабрабыту. Безумоўна, і Фёдар, і айцец Міхаіл гэта цудоўна ўсведамлялі. З-за пераходу ў кальвінізм стасункі паміж сынам і бацькам не толькі не разладзіліся, але былі створаныя ўмовы для ўзмацнення сямейнага дабрабыту.  Фёдар зрабіў цудоўную кар’еру, займаючы выгодныя пасады. А гэта ў свой час дапамагло бацьку заняць кафедру епіскапа.

У айца Міхаіла заўчасна памерла жонка. На старонках мемуараў сын называе бацьку асірацелым і вельмі засмучаным. Каб дапамагчы яму Фёдар, прыкладаючы вялікія намаганні, здабыў для свайго бацькі вакантнае месца Пінскага епіскапа. У той час, дзякуючы сувязям і пратэкцыі ўплывовых саноўнікаў, так можна было зрабіць. І ўрэшце, 18 снежня 1573 г. протаіерэй Міхаіл Лявонавіч быў пасвячоны ў епіскапы з імем Макары ІІ і заняў Пінскую кафедру. А яшчэ ў мемуарах адлюстраваныя цёплыя сямейныя стасункі Еўлашоўскіх: аднойчы, калі Фёдар вярнуся дамоў, і застаў бацькоў за вячэраю, ён не змог з-за стомы пасядзець з імі за сямейным сталом, аб чым з жалем занатаваў.

Фрагмент рэестра паспалітага рушання 1651 г., дзе паказана, што сын выстаўляў каня за сябе і за бацьку

Фрагмент рэестра паспалітага рушання 1651 г., дзе паказана, што сын выстаўляў каня за сябе і за бацьку

Бацька за сына, сын за бацьку: як шляхта на “паспалітае рушанне” выходзіла

Выходзіць на абарону роднага краю ад ворага — святы абавязак кожнага годнага шляхціца. Цягам стагоддзяў асноваю войска Вялікага Княства Літоўскага было ўсеагульнае апалчэнне — гэтак званае паспалітае рушанне. Закон казаў: усе мужчыны, якія валодалі зямлёй мусілі выходзіць на вайну.

Таксама кожны шляхціц выстаўляў добра ўзброеных і навучаных ваяроў,  колькасць якіх вызначалася велічынёй маёмасці. Дробны шляхціц ішоў у войска толькі сам. Здаралася і так, што на вайсковую выправу рушылі бацькі за сыноў, а сыны за бацькоў. Гэта было ў тым выпадку, калі і сын і бацька з’яўляліся асобнымі ўладальнікамі маёмасці. Але вайна ўсё ж справа не бяспечная, і страта для сям’і і бацькі, і сына — вялікае гора і нястача.

Таму і выпраўляўся хтосьці адзін ад дзвюх гаспадарак. Таксама ў такой выправе быў эканамічны чыннік: калі сын не меў сродкаў выставіць ваяроў, яму дапамагаў бацька, і наадварот. Гэта сведчанне ўзаемападтрымкі ў шляхецкіх сем’ях. Падобны прыклад мы бачым у вайсковым рэестры Наваградскага ваяводства за 1651 год, дзе паны Ян Галаўня і Ян Тамковіч выстаўлялі коней за сябе і за сваіх бацькаў.

Дамінік і Тадэвуш Рэйтаны: удзячнасць бацькі за выратаванне сына 

Нараджэнне дзіцяці – значная і доўгачаканая падзея ў жыцці. Асабліва, калі ты заможны шляхціц і ў цябе першым нараджаецца сын – спадчыннік і прадоўжнік роду. Але калі ён хварэе і жыццё першака пад пагрозаю? Што рабіць бацьку і як можна аддзячыць за поспехі ў гэтай справе?

Дзіцячыя гады Тадэвуша Рэйтана. Мастак Алесь Родзін

Дзіцячыя гады Тадэвуша Рэйтана. Мастак Алесь Родзін

Падобная сітуацыя адбылася ў сям’і шляхціцаў Рэйтанаў. У кастрычніку 1740 года ў харунжага Дамініка Рэйтана нараджаецца сын Тадэвуш. Але дзіцятка моцна хварэе і пакутуе ад болі страўніка, што ў той час – справа натуральная. Бацькі ў роспачы, з-за пагрозы жыццю сыну яны адкладаюць хрост немаўляці. Дамінік піша лісты свайму патрону Міхалу Казіміру Радзівілу Рыбаньке, у якіх просіць апекуна даць параду, даслаць лекаў для маленькага Тадэвуша. Радзівіл дапамагае Рэйтану і яго сын становіцца здаровым, хвароба адступае.

Паўтара гады ішло змаганне за жыццё спадчынніка Рэйтанаў Тадэвуша, якому было наканавана стаць нацыянальным героям і праслыць адданым патрыётам Бацькаўшчыны. Радасць бацькоў была бязмежная, шчаслівы Дамінік Рэйтан у знак удзячнасці за выратаванне першага сына фундаваў у парафіяльным Ляхавіцкім касцёле асобны алтар у гонар яго нябеснага апекуна – Святога Апостала Тадэвуша. Алтар быў шчыра ўпрыгожаны золатам і срэбрам, меў вялікі пісаны абраз святога.

Складаныя стасункі бацькоў і дзяцей былі заўжды. Удалы дынастычны шлюб, годная спадчына, здабыча і ўмацаванне родавага гонару — вось клопат, які суправаджаў сем’і ў Вялікім Княстве Літоўскім.