Нарадзілася новае беларускае выдавецтва «Скарына»

У Лёндане ў слыннай Скарынаўцы 25 лістапада а 19:00 адбудзецца вечарына з нагоды сьвяткаваньня нараджэньня новага беларускага выдавецтва «Скарына».

1669288912242blob.jpg


Выдавецтва ўжо выпусьціла некалькі кнігаў, першай зь якой стаўся пераклад з украінскай на беларускую «Бэйруцкіх апавяданьняў» А. Крымскага.

На вечарыне чакаюцца шматлікія актыўнасьці: прэзэнтацыя выдавецтва ў складзе рэдакцыйнай калегіі (Ігар Іваноў, Караліна Мацкевіч, Уладзіслаў Гарбацкі). Віртуальна далучацца іншыя чаліцы калегіі: Ганна Комар, Тацьцяна Астроўская. Таксама на вечарыну завітае Надзія Стрышанэць, старэйшая навуковая супрацоўніца Нацыянальнай бібліятэкі Ўкраіны.

Кніжная справа і, канечне, Беларусь і Ўкраіна ў цяперашніх умовах стануцца цэнтральнымі тэмамі сустрэчы. Заплянаваныя цікавыя размовы пра беларускі кнігадрук у Лёндане, пра Агатангела Крымскага, Ані Эрно, новыя выданьні, якія рыхтуюцца, а таксама пра тыя, аб якіх марыць новае выдавецтва «Скарына». А яшчэ плянуецца перадпрэзэнтацыя новай кнігі Ўладзіслава Гарбацкага — «Mercks Graz!».

Усіх прысутных чакаюць пачастункі, віно, новыя знаёмствы, калядны кірмаш ад беларускага брэнду Loom & Bloom і выстава «Няскораныя», якую ладзіць Беларуская бібліятэка і музэй імя Францішка Скарыны.

Уваход на прэзентацыю задарма.