«Бэйруцкія апавяданьні» Крымскага выдадзены па-беларуску. Чаму іх варта прачытаць у наш змрочны час
У выдавецтве Skaryna Press, нядаўна створаным Ігарам Івановым пры Беларускай бібліятэцы і музэі імя Францішка Скарыны ў Лёндане, пабачыла сьвет кніга Агатангела Крымскага «Бэйруцкія апавяданьні».
![img_1006__1_.jpg img_1006__1_.jpg](/img/v1/images/img_1006__1_.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
Твор клясыка ўкраінскай літаратуры, акадэміка, мовазнаўцы, арыенталіста, жыцьцё якога гвалтоўна спынілася ў казахскай высылцы ў 1942 годзе, зьявіўся ў перакладзе Ўладзіслава Гарбацкага зь Вільні. Гэта першы пераклад на беларускую мову часткі вялікай мастацкай і навуковай спадчыны ўкраінскага атлянта.
![bejruckija_apavjadanni_vokladka.png bejruckija_apavjadanni_vokladka.png](/img/v1/images/bejruckija_apavjadanni_vokladka.png?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
Цікава, што пісьменьнік паходзіў з крымска-татарска-беларускай сям'і, якая перабралася ва Ўкраіну і якой Крымскі і прысьвяціў усё свае жыцьцё. Ягоная постаць як ніколі актуальная сяньня, калі вайна забівае ўкраінцаў і руйнуе сувязі паміж украінцамі і беларусамі. Літаратурныя пераклады выбудоўваюць і ўзмацняюць сувязі паміж культурамі й мовамі. Няхай і гэтая кніга стане яшчэ адным мастком паміж адвечна сяброўскімі народамі.
![Паэт Сяргей Прылуцкі: Украіна змагаецца і за сябе, і за ўсіх, хто побач з ёй Паэт Сяргей Прылуцкі: Украіна змагаецца і за сябе, і за ўсіх, хто побач з ёй](/img/v1/images/untitled_1_1.png?f=c&h=360&o=0&u=1715395350&w=660)
Твор А. Крымскага — вельмі цікавы і пазытыўны пагляд на мінулае Бэйруту. Ён напоўнены гумарам і лёгкай крытыкай тагачасных мясцовых жыхароў і калянізатараў: французаў, туркаў, ангельцаў і расейцаў. Гэта адмысловы гімн Бэйруту, якога больш няма, але які так лёгка аднаўляецца дзякуючы дэталёваму, амаль этнаграфічнаму, апісаньню пісьменьніка.
![stamp_of_ukraine_s104.jpg stamp_of_ukraine_s104.jpg](/img/v1/images/stamp_of_ukraine_s104.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
Якраз цяпер, у цёмныя часы, нам бадай і патрабуецца чытанка, якая зачароўвае і мімаволі выклікае гучны сьмех.
Прэзэнтацыя кнігі адбудзецца 7 кастрычніка ў Цэнтры беларускай супольнасьці й культуры ў Вільні з удзелам перакладніка і выдаўца. Запрашаем вас на старонку выдавецтва, створанага Ігарам Івановым пры Скарынаўцы.
Больш падрабязна пра саму кнігу чытайце тут.