Дональд Трамп даў зялёнае святло двухпартыйнаму законапраекту аб санкцыях супраць Расіі
Сенатар-рэспубліканец Ліндсі Грэм у сацсетцы Х паведаміў, што меў «вельмі прадуктыўную» сустрэчу з прэзідэнтам Трампам, і той ухваліў законапраект аб санкцыях супраць Расіі. Гэты законапраект дазволіць прэзідэнту Трампу пакараць тыя краіны, якія купляюць танную расійскую нафту, што падсілкоўвае ваенную машыну Пуціна. Ідуць 1415-я суткі поўнамаштабнай вайны РФ супраць Украіны пры саўдзеле ў агрэсіі рэжыму Аляксандра Лукашэнкі.

У цэлым на працягу мінулых сутак зафіксавана 275 баявых сутыкненняў, паведамляе Геншгтаб УСУ ў зводцы 8 студзеня.
На Пакроўскім кірунку абаронцы Украіны спынілі 77 штурмавых дзеянняў расіян ў раёнах населеных пунктаў Шахава, Ніканораўка, Фёдараўка, Дарожнае, Радзінскае, Мірнаград, Пакроўск, Удачнае, Маладзецкае і ў бок Навапаўлаўкі і Філіі.
На Гуляйпольскім кірунку Сілы абароны Украіны адбілі 40 атак расійцаў у раёнах населеных пунктаў Дабраполле, Салодкае, Варвараўка, Зялёнае, Гуляйполе і Белагор’е.
На Канстанцінаўскім кірунку армія РФ атакавала 22 разы — у раёнах населеных пунктаў Канстанцінаўка, Аляксандра-Шульціна, Клебан-Бык, Ябланаўка, Русін Яр і ў бок Сафіеўкі.
На Ліманскім кірунку расійцы атакавалі 18 разоў, намагаючыся ўклініцца ў абарону паблізу населеных пунктаў Новаягораўка, Нававадзянае, Дэрылава, Калодзезі, Зарэчнае, Мірнае і Шандрыгалава.
На Паўднёва-Слабажанскім і Аляксандраўскім кірунках зафіксавана па 15 атак на кожным.
На Купянскім кірунку адбылося 14 атак расіян каля Стэпавай Навасёлаўкі, Пясчанага, Бароўскай Андрыеўкі і ў бок Новай Круглякоўкі і Купянска.
* * *
Аналітычны праект DeepState паведаміў, што армія РФ акупавала Андрэеўку Сумскай вобласці і Навамаркава Данецкай вобласці, таксама мае прасоўванне каля Майскага.
* * *
Расіяне здзейснілі адну з найбуйнейшых камбінаваных атак на Крывы Рог у Днепрапятроўскай вобласці за ўвесь час поўнамаштабнага ўварвання. Удары былі нанесены днём і ўвечары 7 студзеня, паведаміў старшыня Савета абароны Крывога Рога Аляксандр Вілкул.
Станам на раніцу з васьмі пацярпелых у бальніцах застаюцца два чалавекі. Іх стан сярэдняй цяжкасці, стабільны.
Застаецца вельмі складанай сітуацыя з электрычнасцю. Паводле слоў Вілкула, на гэты момант аварыйна адключаны 29360 абанентаў. Вадазабеспячэнне на поўдні горада ўтрымліваецца за кошт генератараў, сітуацыя стабілізавана. Праз атаку было адключана больш за 30 кацельняў, у тым ліку буйных. У горадзе таксама фіксуюць парывы сетак праз гідраўдары.
Бальніцы працуюць на генератарах. Усе пункты нязломнасці функцыянуюць і гатовыя ўключаць рэзервовае сілкаванне пры неабходнасці.
* * *
* * *
Прэзідэнт ЗША Дональд Трамп даў зялёнае святло двухпартыйнаму законапраекту аб санкцыях супраць Расіі, паведаміў сенатар-рэспубліканец Ліндсі Грэм у сацсетцы Х.
Ліндсі Грэм адзначыў, што меў «вельмі прадуктыўную» сустрэчу з прэзідэнтам Трампам па розных пытаннях. І ён ухваліў законапраект аб санкцыях супраць Расіі.
«Гэта будзе своечасова, паколькі Украіна ідзе на саступкі дзеля міру, а Пуцін толькі гаворыць, працягваючы забіваць невінаватых», — сказаў Грэм.
Сенатар адзначыў, што гэты законапраект дазволіць прэзідэнту Трампу пакараць тыя краіны, якія купляюць танную расійскую нафту, што падсілкоўвае ваенную машыну Пуціна.
«Гэты законапраект дасць прэзідэнту Трампу велізарны ўплыў на такія краіны, як Кітай, Індыя і Бразілія, каб стымуляваць іх спыніць купляць танную расійскую нафту, якая забяспечвае фінансаванне кровапраліцця Пуціна супраць Украіны», — напісаў ён.
Ліндсі Грэм дадаў, што з нецярпеннем чакае «моцнага двухпартыйнага галасавання» ўжо на наступным тыдні.
* * *
Вялікабрытанія і Францыя адправяць да 15 000 салдат для абароны Украіны ў выпадку заключэння мірнага пагаднення, што значна менш, чым чакалася, піша The Times са спасылкай на ваенныя і дыпламатычныя крыніцы.
Першапачаткова ваеннае кіраўніцтва Вялікабрытаніі прапаноўвала накіраваць 10 000 вайскоўцаў у складзе больш шырокай «кааліцыі добраахвотнікаў» колькасцю 64 000 чалавек, але ў Міністэрстве абароны гэта было прызнана немагчымым, улічваючы цяперашнюю колькасць брытанскай арміі.
Паводле даных дзвюх ваенных крыніц, мяркуецца, што будзе разгорнута менш за 7 500 брытанскіх салдат, хоць гэтая лічба таксама будзе складанай для Вялікабрытаніі, якая мае толькі каля 71 000 навучаных вайскоўцаў у рэгулярнай арміі.
Францыя з'яўляецца адзінай іншай краінай, якая абавязалася накіраваць салдат ва Украіну, і чакаецца, што яны складуць астатнюю частку разгортвання, якое адбудзецца ў адносна бяспечнай заходняй частцы краіны, удалечыні ад лініі фронту.
Некалькі крыніц выказалі здагадку, што нават агульная колькасць у 15 000 ваенных з'яўляецца аптымістычнай. Германія гатовая разгарнуць войскі паблізу Украіны, магчыма ў Польшчы ці Румыніі, дадала ваенная крыніца.
Дыпламатычная крыніца паведаміла, што розныя сцэнары прывядуць да розных лічбаў, у залежнасці ад вынікаў мірных перамоў. Прэзідэнт Макрон заявіў у аўторак, што некалькі тысяч французскіх салдат могуць быць разгорнуты ва Украіне ў якасці «заспакаяльнай сілы». «Гэта не сілы, якія будуць удзельнічаць у баявых дзеяннях», — сказаў ён France 2.