Куды Трамп нанясе наступны ўдар? Дасье ў карыкатурах
Пасля захопу Мадуры Дональд Трамп выглядае як чалавек, які не спыняецца. Іран, Грэнландыя, Куба, Мексіка, нават уласныя ўнутраныя пратэсты — мастакі ва ўсім свеце ўжо малююць, куды можа накіраваць наступны ўдар прэзідэнт ЗША.
У апошні час на першае месца ў спісе патэнцыйных нападаў Трампа выходзіць Іран, ахоплены беспарадкамі. У суботу, 10 студзеня, Трамп ізноў паабяцаў іранцам дапамогу, напісаўшы ў Truth Social: «Іран імкнецца да свабоды, магчыма, як ніколі раней. ЗША гатовы дапамагчы». Варта сказаць, што шмат іранцаў сапраўды спадзяюцца на дапамогу Трампа. Гэты трэнд выявіў мастак гэтага малюнку. Тут іранцы вітаюць Трампа гэтак жа, як у 1979 годзе падчас ісламскай рэвалюцыі віталі Хомейні.

Таксама згушчаюцца хмары над Грэнландыяй. Называюцца нават канкрэтныя даты далучэння выспы — 4 ліпеня 2026 года, калі ЗША святкуюць Дзень незалежнасці. У рамках іроніі графікі ўжо фантазуюць наконт таго, як будзе выглядаць новы сцяг Грэнландыі.

Даўно паклала адміністрацыя Трампа вока на Кубу. Тым больш што ў атачэнні прэзідэнта ёсць шмат выхадцаў з кубінскай дыяспары. Аднаго з іх — Марко Рубёа — нібыта ўжо кулуарна завочна прызначылі будучым прэзідэнтам Вострава Свабоды. Дарэчы, супрацьстаянне Трампа і Кубы даўно з’яўляецца тэмай для малюнкаў.

Любіць Трамп паразважаць пра пагрозу з боку мексіканскіх наркакартэляў. Ён нават не выключае інтэрвенцыю ў суседнюю краіну. А мексіканскія мастакі ўжо малююць будучую сутычку.

Трохі аслабла напружанне грамадскасці ў Канадзе: грамадзяне баяліся ператварэння краіны ў 51-ы штат ЗША. Менавіта такую перспектыву абяцаў канадцам Трамп у мінулым годзе. Аднак графікі працягваюць пільнаваць. Аўтар гэтага малюнка лічыць, што на дапамогу Канадзе ў выпадку атакі Трампа могуць прыйсці нават бабры.

Ну і, нарэшце, мішэнню для наступнага нападу Трампа могуць стаць… самі ЗША. Справа ў тым, што ў краіне нарастаюць масавыя пратэсты. Нагодай для іх стаў інцыдэнт у Мінеапалісе, дзе 7 студзеня супрацоўнік міграцыйнай службы (ICE) застрэліў 37-гадовую маці траіх дзяцей Рэнэ Ніколь Гуд. Трамп падтрымаў дзеянні ICE, што абурыла лібералаў і левых ва ўсім свеце. Як прыклад — малюнак з брытанскага выдання The Guardian. Пры гэтым у штатах, дзе пры ўладзе дэмакраты, губернатары не перашкаджаюць людзям пратэставаць, што выклікае лютасць у Белым доме. Гучаць заклікі ўвесці ў гэтыя штаты федэральныя войскі.

Як бачым, опцый шмат. У любым выпадку відавочна, што Трамп уявіў сябе гаспадаром свету (што фіксуюць мастакі — як на гэтым малюнку) і здольны на любую выхадку ў любы момант.
