Дыялог па спыненні вайны Расіі супраць Украіны наблізіўся да крытычнага пункту

Міжнародны дыялог па спыненні вайны Расіі супраць Украіны наблізіўся да крытычнага пункту, на якім фармуюцца асновы доўгатэрміновага міру, было заяўлена па выніках сустрэчы «кааліцыі рашучых» у Парыжы. Прэм’ер Брытаніі Кір Стармер кажа, што мір ва Украіне цяпер «бліжэй, чым калі-небудзь», але самы цяжкі этап наперадзе — пераканаць Пуціна спыніць вайну. Ідуць 1414-я суткі поўнамаштабнай вайны РФ супраць Украіны пры саўдзеле ў агрэсіі рэжыму Аляксандра Лукашэнкі.

Фота: Генштаб УСУ

Фота: Генштаб УСУ

На працягу мінулых сутак ва Украіне зафіксавана 221 баявое сутыкненне, паведамляе Генштаб УСУ ў ранішняй зводцы 7 студзеня.

На Гуляйпольскім кірунку Сілы абароны Украіны адбілі 48 атак расіян у раёне Гуляйполя і ў бок Дабраполля, Варвараўкі, Зялёнага і Прылук.

На Пакроўскім кірунку абаронцы Украіны спынілі 44 штурмы расіян у раёнах Ніканораўкі, Чырвонага Ліману, Радзінскага, Мірнаграду, Котліна, Удачнага, Маладзецкага, Дачнага, Філіі і іншых.

На Ліманскім, Краматорскім і Канстанцінаўскім кірунках зафіксавана па 18 боесутыкненняў на кожным.

На Паўднёва-Слабажанскім кірунку УСУ спынілі 15 атак расійцаў у раёнах Ваўчанска, Старыцы, Прыліпак.

На Аляксандраўскім кірунку армія РФ здзейсніла 13 атак у раёнах Аляксандраграду, Вербава, Салодкага, Злагоды.

* * *

У ноч на 7 студзеня аналітыкі праекта DeepState адзначылі прасоўванне арміі РФ на тэрыторыі Данецкай і Запарожскай абласцей. Расійскія войскі рухаюцца наперад каля Русінага Яру, Новага Шахава, а таксама ў раёне Фёдараўкі ў Данецкай вобласці і ў Запарожскай вобласці каля Даражнянкі.

* * *

Апублікаваныя 6 студзеня відэазапісы з геалакацыяй паказваюць, што расійскія войскі нядаўна нязначна прасунуліся на поўдзень ад Ямпаля (на паўночны захад ад Сіверска). Таксама ўкраінскі Генеральны штаб 5 студзеня апублікаваў карту, якая пацвярджае прысутнасць Расіі на поўдзень ад Гуляйполя, паведамляе амерыканскі Інстытут вывучэння вайны (ISW). На астатніх кірунках прасоўвання арміі РФ не зафіксавана.

* * *

У ноч на 7 студзеня Расія атакавала Украіну балістычнай ракетай Іскандэр-М, а таксама 95 ударнымі БпЛА тыпу Shahed, Гербера і беспілотнікамі іншых тыпаў. Супрацьпаветранай абаронай збіта/задушана балістычная ракета і 81 БпЛА. Атака працягваецца, у паветранай прасторы некалькі варожых БпЛА, паведамляюць Паветраныя сілы УСУ.

Расійскія войскі атакавалі беспілотнікамі Дняпро. Былі атакаваны жылыя дамы і навучальныя ўстановы. Пацярпелі 7 чалавек, у тым ліку 2 дзяцей.

* * *

609039339_1230778095901933_7968646839478809976_n.jfif

* * *

Украіна і ЗША падчас сустрэчы на ўзроўні лідараў вырашылі большасць праблем у пытанні гарантый бяспекі. Пра гэта на прэс-канферэнцыі па выніках сустрэчы «кааліцыі рашучых» заявіў перамоўнік ад Дональда Трампа Джарэд Кушнер.

«Што тычыцца гарантый бяспекі — былі шырокія кансультацыі наконт гэтага паміж Трампам і Зяленскім у Мар-а-Лага, і я думаю, што яны вырашылі большасць, калі не ўсе праблемы, якія ўзніклі ў сувязі з гэтым», — сказаў Кушнер.

Ён удакладніў, што гарантыі бяспекі былі распрацаваны на працягу мінулага месяца ў кансультацыях з украінцамі і еўрапейцамі. Пры гэтым сённяшняя сустрэча «кааліцыі рашучых» стала «вялікай вехай» у такіх перамовах.

Паводле слоў Кушнера, такія дамоўленасці не азначаюць, што мір будзе дасягнуты, але завяршэнне вайны немагчымае без такога прагрэсу.

«Калі Украіна заключыць фінальнае пагадненне, яна павінна ведаць, што пасля гэтага пагаднення яны ў бяспецы, ёсць моцныя сродкі стрымлівання і засцерагальнікі, каб гэта зноў не адбылося», — адзначыў ён.

Таксама зяць амерыканскага лідара дадаў, што на аснове ацэнак Трампа і яго размоў з Пуціным слушнае пагадненне будзе азначаць, што абодва бакі дээскалуюць сітуацыю, будуць механізмы маніторынгу, а таксама інструменты дээскалацыі ў выпадку парушэння ўмоў пагаднення.

* * *

Міжнародны дыялог па спыненні вайны Расіі супраць Украіны наблізіўся да крытычнага пункту, на якім фармуюцца асновы доўгатэрміновага міру. Пра гэта было заяўлена па выніках сустрэчы «кааліцыі рашучых» у Парыжы, піша TRT Haber.

Адзначаецца, што, нягледзячы на працяг поўнамаштабных баявых дзеянняў ужо чацвёрты год запар, бакі ўсё больш актыўна пераходзяць да абмеркавання канкрэтных умоў, без якіх дасягненне ўстойлівага міру немагчымае.

Паводле слоў міністра замежных спраў Турцыі Хакана Фідана, перамоўны працэс цяпер засяроджаны на прынцыповых пытаннях. «Перамовы засяроджаны менавіта на тых сферах, без якіх немагчыма казаць пра стабільны і моцны мір», — адзначыў ён.

На перамовах у Парыжы ўвага была нададзеная механізмам кантролю за захаваннем рэжыму спынення агню, пытанням стрымлівання, а таксама магчымым ваенным мерам рэагавання ў выпадку парушэння дамоўленасцяў. Фідан выказаў спадзяванне, што пагадненне ўдасца падпісаць у найкарацейшыя тэрміны.

«Пасля падпісання мірнага пагаднення Украіна атрымае магчымасць засяродзіцца на эканамічным абнаўленні і вырашэнні ўнутраных праблем. Турцыя гатовая адыгрываць важную ролю ў працэсе эканамічнага адраджэння і развіцця», — дадаў кіраўнік МЗС Турцыі.

* * *

Швецыя гатовая перадаць Украіне знішчальнікі Gripen і даць рэсурсы для размініравання Чорнага мора пасля падпісання мірнага пагаднення з Расіяй, паведаміў прэм'ер-міністр Швецыі Ульф Крыстэрсан у сацсетцы Х.

Паводле яго слоў, падчас сустрэчы ў Парыжы члены «кааліцыі рашучых», Украіна і Злучаныя Штаты дасягнулі істотнага прагрэсу ў абмеркаванні шляхоў дасягнення міру.

«Калі ва Украіне будзе дасягнута мірнае пагадненне, Швецыя гатовая спрыяць гарантыям бяспекі для Украіны і астатняй Еўропы», — заявіў кіраўнік шведскага ўрада.

У прыватнасці, гаворка ідзе пра перадачу знішчальнікаў Gripen для забеспячэння паветранага назірання над Украінай, наданне марскіх рэсурсаў для размініравання Чорнага мора, а таксама працяг навучання ўкраінскіх афіцэраў.

* * *

Прэм'ер-міністр Бельгіі Барт дэ Вэвер заявіў, што яго краіна гатовая ўнесці ўклад у забеспячэнне міру ва Украіне пасля заканчэння вайны.

«Пасяджэнне "кааліцыі рашучых" у Парыжы было прадуктыўным і вырашальным. Разам з шырокай кааліцыяй партнёраў Бельгія возьме на сябе сваю долю міжнародных намаганняў, накіраваных на захаванне міру ва Украіне пасля заканчэння вайны», — сказаў ён.

Кіраўнік бельгійскага ўрада ўдакладніў, што ўдзел краіны будзе засяроджаны на тых кірунках, дзе Бельгія мае неабходныя магчымасці. «Наш унёсак будзе засяроджаны, у прыватнасці, на наданні паветраных і марскіх сіл, а таксама правядзенні трэніровак, дзе Бельгія можа зрабіць канкрэтны і значны ўнёсак», — адзначыў дэ Вэвер.

* * *

Францыя і Брытанія дамовіліся, што пасля спынення агню па ўсёй Украіне будуць створаны «ваенныя хабы», паведаміў на прэс-канферэнцыі па выніках сустрэчы «кааліцыі рашучых» прэм’ер Брытаніі Кір Стармер, пішуць The Telegraph і Sky News.

Стармер анансаваў стварэнне «ваенных хабаў» ва Украіне пасля таго, як пацвердзiў, што Брытанія адправіць свой кантынгент на ўкраінскую тэрыторыю для забеспячэння будучага рэжыму спынення агню. Такая ўмова прадугледжана ў дэкларацыі аб намерах па разгортванні сіл ва Украіне.

Як паведамляе Sky News, такія хабы будуць абсталяваныя, каб забяспечыць разгортванне сіл і будоўлю абароненых аб'ектаў для захоўвання ўзбраенняў і ваеннай тэхнікі ў падтрымку абаронных патрэб Украіны.

Прэм'ер-міністр Брытаніі таксама раскрытыкаваў расійскага дыктатара Уладзіміра Пуціна за адмову ўзяць на сябе абавязацельствы па спыненні вайны. «Мы будзем працягваць аказваць ціск на Расію… да таго часу, пакуль яна не сядзе за стол перамоў добрасумленна», — запэўніў ён.

Таксама Стармер дадаў, што мір ва Украіне цяпер «бліжэй, чым калі-небудзь», але ўдакладніў, што «самыя цяжкія этапы ўсё яшчэ наперадзе».