Washington Post: Дыпламатыя Трампа будзе дарэмнай, пакуль наступленне РФ не будзе спынена

Расія працягвае вайну ва Украіне коштам неймаверных страт у жывой сіле і тэхніцы, але Пуцін не спыніцца сам. Украіна гатовая да далейшай актыўнай абароны, а Дональд Трамп змяніў сваё меркаванне пра «атаку» на рэзідэнцыю кіраўніка РФ. Ідуць 1412-я суткі поўнамаштабнай вайны РФ супраць Украіны пры саўдзеле ў агрэсіі рэжыму Аляксандра Лукашэнкі.

4307058.png

На працягу мінулых сутак ва Украіне зафіксавана 229 баявых сутыкненняў, паведамляе Генштаб УСУ ў ранішняй зводцы 5 студзеня.

Упершыню за доўгі час Пакроўскі кірунак страціў першае месца па колькасці атак за суткі.

На Гуляйпольскім кірунку Сілы абароны адбілі 65 атак расіян у раёнах Зялёнага, Гуляйполя, Варвараўкі, Даражнянкі і ў бок Святапятроўкі.

На Пакроўскім кірунку абаронцы Украіны спынілі 54 штурмы ў раёнах Шахава, Ніканораўкі, Радзінскага, Мірнаграду, Пакроўску, Котліна, Удачнага, Маладзецкага і ў бок Навапаўлаўкі.

На Аляксандраўскім кірунку расійцы здзейснілі 24 атакі ў раёнах Зяленага Гаю, Аляксандраграду, Сасноўкі, Ворана, Аляксееўкі, Вішнёвага, Салодкага і Ягораўкі.

На Канстанцінаўскім кірунку армія РФ правяла 18 атак у раёнах Плешчыеўкі, Аляксандра-Шульціна, Русінага Яру, Яблонаўкі і ў бок Сафіеўкі.

На Ліманскім кірунку расійцы атакавалі 10 разоўкала Навасёлаўкі, Калодзежнага і Торскага.

На Паўднёва-Слабажанскім і Арэхаўскім кірунках зафіксавана па восем атак на кожным.

* * *

У расійскай арміі былі спробы «прамацаць» мяжу на Сумшчыне. Некаторыя з іх размешчаны «даволі далёка» ад нядаўна акупаванага Грабоўскага, паведаміў начальнік Упраўлення камунікацый групоўкі аб’яднаных сіл Віктар Трэгубаў у эфіры «Суспільнага».

«Мне здаецца, гэта была спроба расіян "прамацаць" Сумшчыну, прабіць яшчэ і на паўднёвым участку. Там каля двух тыдняў таму расійскія войскі пачалі актыўна наступаць», — сказаў ён.

Паводле Трэгубава, расіяне дыстанцыйна мінуюць Грабоўскае, каб прадухіліць украінскія контратакі. Таксама расійская армія выкарыстоўвае пераважна FPV-дроны.

«Мне здаецца, што яны планавалі ісці далей, наступаць на Сумшчыну, але не атрымалася. Таму яны ствараюць з Грабоўскага такі невялікі фарпост. Хоць яно сапраўды непасрэдна на мяжы», — дадаў ён.

* * *

У ноч на 5 студзеня Расія атакавала Украіну 9 балістычнымі ракетамі Іскандэр-М/зенітнымі кіраванымі ракетамі С-300, а таксама 165 ударнымі БпЛА тыпу Shahed, Гербера і беспілотнікамі іншых тыпаў.

Супрацьпаветранай абаронай збіта/задушана 137 БпЛА. Атака трывае, у паветранай прасторы Украіны застаюцца некалькі БпЛА. 

У ноч на 5 студзеня армія РФ атакавала Кіеў, у выніку чаго загарэлася медыцынская ўстанова. Адзін чалавек загінуў, двое параненых у цяжкім стане.

У Фастаўскім раёне Кіеўскай вобласці ў выніку атакі расіян загінуў чалавек, таксама абясточаны Славуціч, шмат пашкоджанняў.

У выніку расійскай атакі балістыкай і дронамі ў Чарнігаве ўзніклі пажары ў адным з гаражных кааператываў горада і ў прыватным доме.

Расійскія Telegram-каналы ў нядзелю ўвечары паведамілі пра атаку беспілотнікаў і пажар на заводзе «Энергія» ў горадзе Ялец расійскай Ліпецкай вобласці. АТ «Энергія» вырабляе, у прыватнасці, акумулятары для БпЛА, а таксама батарэі для авіяцыі і флоту.

* * *

607956062_1229272229385853_2664487434262404261_n.jfif

* * *

Прэзідэнт ЗША Дональд Трамп заявіў, што не верыць у тое, што ўкраінскі бок нанёс удар па рэзідэнцыі кіраўніка РФ Уладзіміра Пуціна, як сцвярджае Расія, піша Reuters.

«Я не веру, што такі удар меў месца. Нешта адбылося непадалёк, але яно не мела да гэтага ніякага дачынення», — сказаў Трамп.

Нагадаем, 29 снежня Пуцін падчас тэлефоннай размовы паскардзіўся Трампу, што ўкраінскія дроны нібыта атакавалі яго рэзідэнцыю ў Наўгародскай вобласці. Пазней Агенцтва нацыянальнай бяспекі ЗША прыйшло да высновы, што Украіна не спрабавала атакаваць рэзідэнцыю Пуціна, абвергнуўшы сцвярджэнні Масквы пра нібыта спробу замаху на яго.

* * *

Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі анансаваў, што яго краіна падрыхтуецца да двух варыянтаў развіцця падзей адносна мірнага працэсу: дыпламатыі ці ж далейшай актыўнай абароны. Пра гэта гаворыцца ў яго допісе ў Telegram.

Паводле яго слоў, на наступным тыдні будуць сустрэчы ў Еўропе, якія павінны стаць для Украіны яшчэ адным укладам у абарону, а таксама ўкладам у набліжэнне заканчэння вайны.

«Да абодвух варыянтаў далейшага развіцця падзей Украіна падрыхтуецца: дыпламатыя, якую мы забяспечваем, або далейшая актыўная абарона, калі ціску партнёраў на Расію акажацца недастаткова. Украіна імкнецца да міру. Але сілы свае Украіна нікому не аддасць», — сказаў Зяленскі.

* * *

Расійскія войскі на прыкладзе Пакроўска прымянілі новую схему захаплення гарадоў. Пра гэта гаворыцца ў матэрыяле для The Washington Post вядучага аналітыка Інстытута вывучэння вайны (ISW) Жоржа Бароса, які прааналізаваў ход баёў за гэты горад.

Эксперт адзначыў, што, нягледзячы на тое, што акупацыя Пакроўска прынясе Маскве нязначныя тактычныя перавагі, кампанія па захопе горада паказвае, што расійскія войскі вучацца і прыстасоўваюцца.

«Калі гэта не ўдасца спыніць, Украіна можа сутыкнуцца з сур’ёзнымі праблемамі ў найбліжэйшай і сярэднетэрміновай перспектыве», — падкрэсліў аўтар артыкула.

Ён піша, што пасля акупацыі Аўдзееўкі прыярытэтам для расійскага ваеннага камандавання стала акупацыя Пакроўска, нягледзячы на тое, што за апошнія амаль два гады расіяне прасунуліся толькі на 40 км ад Аўдзееўкі да Пакроўска і за гэтае наступленне Расія заплаціла высокую цану. Аналітык паказаў, што з пачатку наступлення на Аўдзееўку ў кастрычніку 2023 года і да лета 2024 года расійскія войскі страцілі ў раёне Пакроўска бранятэхніку і танкі ў колькасці, якая роўная як мінімум пяці дывізіям — больш за 1000 бронемашын і больш за 500 танкаў.

Пасля гэтага расіяне змянілі тактыку — адмовіліся ад механізаваных штурмаў і зрабілі стаўку на інфільтрацыю малых штурмовых груп. Такі падыход дазволіў працягваць наступленне літаральна пешшу, хоць і з вялікімі стратамі. Так, у кастрычніку 2025 года ў раёне Пакроўска войскі РФ захапілі ўсяго каля 30 кв км, але страцілі да 25 тысяч вайскоўцаў.

Барос лічыць, што захоп Пакроўска наўрад ці стане прарывам для расіян, бо размешчаныя там сілы не маюць магчымасці хутка прасоўвацца. Акрамя таго, у арміі РФ з-за вялікіх страт няма сіл для маштабнага прарыву.

Але пры гэтым, адзначыў Барос, расіяне паказалі новую аператыўную схему захопу ўкраінскіх гарадоў: спачатку з дапамогай дронаў разбураюцца лагістычныя лініі, затым адпраўляюцца пяхотныя штурмавыя і дыверсійныя групы.

«Здольнасць Расіі аслабляць пазіцыі ўкраінскіх абаронцаў на полі бою ўдарамі сярэдняй далёкасці з’яўляецца трывожнай з’явай», — кажа аналітык.

Барос адзначыў, што абарона добра ўмацаваных Славянска, Краматорска, Дружкіўкі і Канстанцінаўкі будзе значна ўскладнена, калі расіяне змогуць пакінуць Украіну без чыгунак і аўтамагістраляў, неабходных для забеспячэння гэтых апорных пунктаў.

РФ ужо спрабуе выкарыстоўваць вопыт Пакроўска, і ён прывёў прыклад, што ў лістападзе Украіна перакрыла чыгуначныя зносіны з Краматорскам, верагодна, з-за пагрозы з боку расійскіх дронаў.

«Украіна павінна знайсці спосаб супрацьстаяць гэтай схеме, таму ёй трэба распрацаваць эфектыўныя метады барацьбы з дронамі. У прыватнасці, шляхам развіцця сродкаў паражэння мэтаў на адлегласці 60–100 км ад фронту», — высказаў меркаванне аналітык.

Як адзначыў эксперт, каб сапраўды спыніць расіян, Украіне патрэбна заходняя дапамога, асабліва ў пастаўках артылерыі, ракет і разведданых.

Барос падкрэсліў, што пакуль Крэмль мае перавагі на полі бою, ён наўрад ці будзе весці прадметныя перамовы аб завяршэнні вайны супраць Украіны.

«Дыпламатыя адміністрацыі Дональда Трампа будзе дарэмнай, пакуль наступленне РФ не будзе цалкам спынена», — падвёў вынік Барос.