«Фінляндызацыя» па-польску: забытая стратэгія апазіцыі ў часы камунізму
У 1950–1970-я гады частка польскай апазіцыі разглядала «фінляндызацыю» як магчымы кампраміс з савецкай гегемоніяй. Адзін з галоўных прыхільнікаў гэтай ідэі, інтэлектуал і дэпутат Стэфан Кісялеўскі, бачыў у ёй шлях да абмежаванай свабоды — але рэжым не быў гатовы нават да такіх саступак.

Стэфан Кісялеўскі, фота Institute of National Remembrance, Public Domain, commons.wikimedia.org
Чытачы са стажам напэўна памятаюць апазіцыйную дэпутацкую групу «Рэспубліка», чальцы якой праціралі штаны ў Палаце прадстаўнікоў на пачатку нашага стагоддзя. У адрозненне ад Канапацкіх і Гайдукевічаў, дэпутаты з «Рэспублікі» сапраўды былі паслядоўнымі апанентамі Лукашэнкі (дастаткова ўзгадаць такога яскравага персанажа, як Павел Знавец).
Тое, што АГЛ дапусціў такую публіку ў палату, безумоўна, было абумоўлена праблемай легітымнасці дзяржаўных інстытутаў, якія фармаваліся пасля канстытуцыйнага перавароту 1996 года.
Прыкладна такую ж праблему вырашалі польскія камуністы пасля кастрычніцкіх падзей 1956 года. Крах сталінізму выклікаў у Польшчы ілюзіі наконт хуткай дэмакратызацыі. Каб супакоіць грамадства, было вырашана дапусціць у Сейм некалькі дысідэнтаў. Усяго мандаты атрымалі пяць чалавек, якія аб’ядналіся ў групу «Знак».
Адным з лідараў гэтай групы быў Стэфан Кісялеўскі, якога ў народзе часта ласкава называлі «Кісель». Кісялеўскі быў шматграннай і прыкметнай фігурай у польскім інтэлектуальным і палітычным жыцці таго часу. Кампазітар, пісьменнік, публіцыст і палітык, ён стаў адным з найбольш чутных апазіцыйных галасоў у дачыненні да камуністычнага рэжыму.
У 1968 годзе, падчас сходу Саюза польскіх пісьменнікаў, Кісялеўскі назваў сацыялістычную Польшчу «дыктатурай дурняў». Гэта прывяло да трохгадовай забароны на публікацыю і да фізічных нападаў з боку «цітушак».
Нягледзячы на ціск, Кісялеўскі працягваў кідаць выклік існуючаму парадку, часта праз завуаляваныя каментары ў сваіх артыкулах. Яго палітычная пазіцыя вылучалася рэалістычнай ацэнкай геапалітычных абмежаванняў Польшчы пад савецкім панаваннем, што і прывяло яго да адстойвання палітыкі «фінляндызацыі».
Тэрмін «фінляндызацыя», нагадаем, узнік для апісання стратэгіі Фінляндыі ў перыяд халоднай вайны. Асноўныя пастулаты гэтай канцэпцыі — фармальны нейтралітэт і захаванне эканамічных сувязяў з Захадам пры адначасовай саступлівасці савецкім інтарэсам у знешняй палітыцы дзеля захавання ўнутранай незалежнасці.
У польскім кантэксце, на думку Кісялеўскага, «фінляндызацыя» магла стаць прагматычным кампрамісам: прызнанне савецкай гегемоніі ў абмен на паслабленне ўнутранага палітычнага кантролю — зніжэнне цэнзуры, эканамічную лібералізацыю і абмежаваны палітычны плюралізм.
Кісялеўскі тлумачыў неабходнасць «фінляндызацыі» сітуацыяй краіны, якая апынулася ў пастцы паміж савецкім кантролем і немагчымасцю поўнай незалежнасці без рызыкі ваеннага ўварвання з боку краін Варшаўскага дагавора — як гэта адбылося ў Венгрыі ў 1956 годзе і Чэхаславакіі ў 1968-м. Таму ён меркаваў, што Варшава магла б дамовіцца з Масквой, запэўніўшы Савецкі Саюз у тым, што аўтаномная Польшча не будзе пагражаць яго знешнепалітычным інтарэсам.
Глядзіце таксама

Ідэя Кісялеўскага выклікала цікавасць у часткі польскіх інтэлектуалаў у 1970-я гады — асабліва на фоне росту расчаравання ў прамой канфрантацыі з рэжымам пасля падаўлення студэнцкіх пратэстаў 1968 года і рабочых выступаў 1970-га. Вядомы левы дысідэнт Яцэк Куронь, у прыватнасці, выказваўся на карысць «фінляндызацыі» як «пазітыўнай мэты», прапаноўваючы польскаму грамадству ўзяць на сябе абавязацельства пазбягаць канфліктаў з СССР дзеля дасягнення ўнутранай лібералізацыі.
Аднак адначасова тэма «фінляндызацыі» выклікала шквал крытыкі. Шмат хто ў апазіцыі разглядаў яе як форму капітуляцыі перад савецкім імперыялізмам, што, на іх думку, небяспечна нагадвала гістарычныя падзелы Польшчы.
Зрэшты, у значнай ступені ўсё залежала ад пазіцыі ўладаў. Прапановы Кісялеўскага польскія камуністы праігнаравалі, успрымаючы іх як пагрозу ўладзе. Забарона публікавацца і неаднаразовыя затрыманні сталі найлепшым маркерам нецярпімасці рэжыму да любых ідэй лібералізацыі. Ініцыятыва Кісялеўскага ў выніку так і не паўплывала на палітыку ПНР, жорстка прывязаную да Масквы.
Неўзабаве тэма «фінляндызацыі па-польску» страціла актуальнасць. Прафсаюзны рух «Салідарнасць» зрушыў фокус на правы працоўных і масавую грамадскую мабілізацыю, адсунуўшы прагматычныя кампрамісы на другі план. Тым не менш, ідэі Кісялеўскага часткова зноў набылі значэнне ў пераходны перыяд 1989 года, калі апазіцыйныя дзеячы — у тым ліку Адам Міхнік — пайшлі на дыялог з уладамі.

Адам Міхнік, 1991 год. Фота ©ErlingMandelmann.ch, commons.wikimedia.org
У сучаснай Польшчы спадчына Кісялеўскага ўспрымаецца хутчэй як сімвал інтэлектуальнай смеласці. Хоць шэраг гісторыкаў крытыкуе яго «рэалізм» як памылковы, прыхільнікі падкрэсліваюць ролю палітыка ў падрыве камуністычнага рэжыму праз настойлівую і паслядоўную крытыку. Так ці інакш, ідэі і дзеянні Стэфана Кісялеўскага застаюцца напамінам пра складанасць шляхоў да свабоды ва ўмовах дыктатуры.