Нармалізацыя без будучыні. Чаму дыктатуры не становяцца «нармальнымі»

У беларускай публічнай прасторы ўсё часцей гучыць слова «нармалізацыя» — як нібыта магчымы кампраміс паміж рэпрэсіямі і стабільнасцю. Але гісторыя Чэхаславакіі паказвае: нармалізацыя дыктатуры — гэта не шлях наперад, а адкладзены крызіс.

Прага, 25.11.1989, мітынг на Вацлаўскай плошчы. Фота: Gampe, commons.wikimedia.org

Прага, 25.11.1989, мітынг на Вацлаўскай плошчы. Фота: Gampe, commons.wikimedia.org

Тэрмін «нармалізацыя» ў чэхаславацкі афіцыйны дыскурс трапіў непасрэдна з тэксту Маскоўскага пратакола, падпісанага 27 жніўня 1968 года. Гэты дакумент зафіксаваў дэ-факта капітуляцыю Чэхаславакіі і ўсталяванне акупацыйнага рэжыму пасля падаўлення Пражскай вясны.

Прызначаныя Масквой новыя лідары краіны, як было адзначана ў пратаколе, «выказалі рашучасць дабіцца нармалізацыі становішча ў нашай краіне на аснове марксізму-ленінізму, аднавіць кіруючую ролю партыі і аўтарытэт дзяржаўнай улады працоўнага класа, выключыць контррэвалюцыйныя арганізацыі».

На практыцы гэта азначала запуск маштабных рэпрэсій з мэтай прадухіліць любое вяртанне да рэфармізму ў духу Аляксандра Дубчака. Многія грамадскія і культурныя арганізацыі былі ліквідаваныя. Усе рэформы папярэдняга перыяду былі адмененыя: адносна мяккая цэнзура, абмежаваная, але рэальная свабода творчасці ў кіно, тэатры і іншых сферах. Маштабныя чысткі правялі ў Службе бяспекі, арміі, прафсаюзных і грамадскіх арганізацыях.

Глядзіце таксама

Кантроль над грамадствам падтрымліваўся рознымі спосабамі. Практыкаваліся паўторныя арышты і турэмнае зняволенне тых, хто паслядоўна выступаў супраць рэжыму, — удзельнікаў Хартыі 77, рэлігійных актывістаў, незалежных інтэлектуалаў. Для тых, хто не належаў да адкрытых дысідэнтаў, існавала сістэма менш жорсткіх, але не менш эфектыўных пакаранняў: пазбаўленне працы, паніжэнне на пасадзе, адмова ў працаўладкаванні, абмежаванні на атрыманне адукацыі, жылля і дазволаў на выезд за мяжу.

Пасля масавых пратэстаў у жніўні 1969 года — у першую гадавіну ўводу войскаў краін Варшаўскай дамовы — быў прыняты закон, які дазваляў аператыўна і жорстка караць удзельнікаў дэманстрацый і ўсіх, хто «парушаў сацыялістычны грамадскі парадак». У выніку палітычных пераследаў сфармаваўся рэжым, які не быў поўным вяртаннем да сталінізму, але і ад ліберальнай мадэлі заставаўся вельмі далёкім.

На знешнепалітычным контуры Прага строга выконвала інструкцыі з Масквы. Была падпісана дамова «аб часовым знаходжанні савецкіх войскаў», якая юрыдычна замацавала прысутнасць Савецкай арміі на тэрыторыі Чэхаславакіі. Да 1990 года больш чым у 80 гарнізонах краіны дыслакавалася каля 73,5 тысячы савецкіх салдат.

Чэхаславацкая дыпламатыя таго перыяду часам дэманстравала амаль фантастычную паслухмянасць. Так, у 1976 годзе дэлегацыя Чэхаславакіі прапанавала ўключыць у сумесную дэкларацыю пасяджэння палітычнага савета краін Варшаўскай дамовы пункт пра тое, што мірныя намаганні ў справе разрадкі з’яўляюцца асабістай заслугай Леаніда Брэжнева. Нават савецкая дэлегацыя была гэтым здзіўленая.

Глядзіце таксама

Унутры краіны ў ходзе рэпрэсій грамадства паступова апанавалі апатыя, пасіўнасць і эскапізм. Большасць грамадзян дыстанцыявалася ад любой палітычнай дзейнасці. Калі ў 1978 годзе адзначалася чарговая гадавіна ўварвання савецкіх войскаў, у краіне не было зафіксавана ніводнай буйной пратэснай акцыі.

Адсутнасць свабоды часткова кампенсавалася пагоняй за прыватным спажываннем. Людзі імкнуліся да матэрыяльных выгод, якія заставаліся даступнымі ў 1970-х гадах: новых аўтамабіляў, дамоў у сельскай мясцовасці, бытавой тэхнікі, забаў. Сімвалічным кампенсатарам страты суверэнітэту часам станавіліся перамогі хакейнай зборнай Чэхаславакіі над савецкай камандай.

Яшчэ адным сімптомам палітычнай хваробы сталі антыграмадскія паводзіны. Дробныя крадзяжы і бессэнсоўнае знішчэнне грамадскай уласнасці былі шырока распаўсюджаныя. Алкагалізм дасягнуў такога маштабу, што быў афіцыйна прызнаны праблемай. Прагулы і падзенне працоўнай дысцыпліны адбіваліся на прадукцыйнасці, а эміграцыя — як крайняя форма адчужэння — у 1970-х гадах склала больш за 100 тысяч чалавек.

Пакуль спажывецкія запыты задавальняліся, насельніцтва ў цэлым цярпела застойны палітычны клімат. Але напрыканцы 1970-х эканоміка Чэхаславакіі пачала стагніраваць, і здольнасць рэжыму ўлагоджваць грамадства праз матэрыяльныя бонусы істотна знізілася.

Хоць уладзе ўдалося ўтрымліваць статус-кво амаль трыццаць гадоў, гэта была стабільнасць без будучыні. У 1980-я гады ўнутраныя і знешнія фактары ўсё мацней патрабавалі рэформаў. У красавіку 1987 года кіраўніцтва краіны абвясціла аб палавінчатай праграме зменаў, старт якой планавалі на 1991 год. Аднак было занадта позна: літаральна праз два гады аксамітавая рэвалюцыя зрынула дыктатуру разам з яе планамі далейшай «нармалізацыі».

Гісторыкі адзначаюць, што чэхаславацкая нармалізацыя з самага пачатку не мела рэальных шанцаў на поспех. Яе ідэалогія грунтавалася на катэгарычнай адмове ад спадчыны рэформаў 1968 года і не прапаноўвала ніякай пазітыўнай візіі будучыні. У выніку камуністычная эліта так і не змагла сфармуляваць адказ на пытанне, дзеля чаго існуе дзяржава і куды яна рухаецца.

Гэты досвед застаецца важным напамінам: нармалізацыя дыктатуры не вырашае крызіс, а толькі кансервуе яго, адкладаючы непазбежныя змены.