Ці магчыма «нармалізаваць» дыктатуру?
Любая дыктатура, што ўстаяла пад націскам пратэстаў, цешыць сябе надзеяй нармалізаваць сітуацыю і павярнуцца да старога, звыклага стылю кіравання. Пасля падаўлення «пражскай вясны» 1968-га такія ілюзіі былі ўласцівыя і сябрам прамаскоўскага ўраду Чэхаславакіі.
«Нармалізацыя», правесці якую запатрабавала ад Прагі Масква, у двух словах значыла аднаўленне цэнтралізаванага дырэктыўнага планавання ў гаспадарчай сферы плюс замацаванне вядучай ролі кампартыі ў грамадска-культурнай сферы. На рэалізацыю згаданых задач былі прызначаны чэхаславацкія камуністы, якія асцерагаліся якіх-небудзь рэформаў у прынцыпе.
Цікава, што ў тэрміна «нармалізацыя» была альтэрнатыва. На кухнях любілі жартаваць, што «сацыялізм з чалавечым тварам» пасля жніўня 1968-га змяніўся на «сацыялізм з гусінай скурай». Фішка жарта не толькі ў тым, што новую адміністрацыю Чэхаславакіі ўзначаліў Густаў Гусак. Многія ўспаміналі такую фізіялагічную з'яву як «гусіная скура». Гэта, нагадаем, невялікія пупырышкі на скуры, якія міжвольна ўзнікаюць, калі чалавек адчувае моцнае эмацыйнае ўзбуджэнне, напрыклад, страх.
А падстаў баяцца ў людзей у Чэхаславакіі пасля 1968-га хапала. На першай фазе «нармалізацыі» былі ліквідаваны многія грамадскія арганізацыі, культурныя аб'яднанні. Адменены рэформы, якія праводзіліся да 1968 (новая эканамічная сістэма, адносна мяккая цэнзура, ліберальнае выкладанне ў школах, свабода творчасці ў кіно, тэатры і г. д.). З гэтага часу да друку дапускалі толькі «ідэалагічна вывераныя» творы, якія прайшлі кантроль цэнзуры.
Урэшце ў органах бяспекі, войску, прафсаюзнай арганізацыі мелі месца грунтоўныя кадравыя чысткі. Усім супрацоўнікма прапаноўвалася падпісаць дакумент у падтрымку інтэрвенцыі. Любы, хто адмаўляўся даць сваю згоду, рызыкаваў стратай працы ці далейшымі санкцыямі супраць чальцоў сваёй сям'і.
Толькі ў кампартыі да вясны 1971 года было выключана 30000 камуністаў, большасць з якіх таксама пазней пацярпела ад забароны на прафесію. Дарэчы, у гэтай галіне часам адбываліся дзіўныя рэчы. Нейкая журналістка Вера Штовічкова пасля звальнення ўладкавалася працаваць прыбіральшчыцай, а калі новае начальства даведалася пра яе мінулае, страціла і гэтую працу. Гэта дазволіла Штовічковай з іроніяй казаць пра сябе як пра «першую ў гісторыі прыбіральшчыцу, звольненую па палітычных матывах».
Зрэшты, быў і больш кепскі варыянт. Толькі з 1969 па 1974 год за палітычныя злачынствы былі асуджаныя 3078 чалавек. Часцяком судзілі за абсалютную лухту. Так, у выніку адкрытага працэсу над удзельнікамі рок-гурта The Plastic People of the Universe падсудныя атрымалі ад 8 месяцаў да паўтара года турмы за «антысацыяльную» творчасць, што разбэшчвае чэхаславацкую моладзь».
З часам практыка «нармалізацыі» стала трошкі іншай. Дзяржава адмовілася ад шырокіх репрэсій. Замест гэтага грамадству навязваліся псеўдаспажывецкія каштоўнсці. Дзяржаўныя СМІ заклікалі клапоціцца выключна пра сябе і сваю сям'ю, праводзіць вольны час за заняткамі спортам ці проста наведваць кіно і глядзіць тэлевізар. Гэтай папулярызацыі садзейнічала маштабнае жыллёвае будаўніцтва. Стала вельмі модным мець дачу ці машыну.
Сістэматычнае прымяненне метаду перніка і пугі выпрацавала ў людзей устаноўку кантраляваць свае паводзіны, сімуляваць на публіцы лаяльнасць да рэжыму. Большасць людзей успрымалі любую адкрытую крытыку ўлады як непатрэбную і небяспечную правакацыю.
Крокі, зробленыя камуністычным кіраўніцтвам, падавалася, паступова прывялі да татальнай дэпалітызацыі. Паказальнай у гэтым плане стала дзясятая гадавіна ўвядзення войскаў у Чэхаславакію ў жніўні 1978 года. «Юбілей» прайшоў без значных грамадскіх пратэстаў. Хіба, што людзі, асабліва ў Празе, выйшлі на вуліцы ў чорным. Між тым яшчэ нядаўна ў гэтыя дні ўладзе даводзілася ўводзіць у буйных гарадах ледзь не надзвычайны стан.
У такіх умовах дысідэнты засяродзіліся на праваабарончых і культурных мерапрыемствах. Нейкай адтулінай для крытыкаў рэжыму сталі перамогі хакейнай зборнай над калегамі з СССР. Адной з галоўных мішэнню спецслужбаў на гэтым этапе становяцца працаўнікі чэшскіх рэдакцый «Радыё Свабодная Еўропа», «Голас Амерыкі», «Бі-бі-сі» ці «Радыё Ватыкана». Мелі месца спробы атруціць і нават падарваць супрацоўнікаў чэшскай секцыі «Радыё Свабодная Еўропа».
Аднак бліжэй да пачатку 80-х аказалася, што поспехі «нармалізацыі» дастаткова спрэчныя. За фасадам лаяльнасці грамадзян хавалася моцнае адчужэнне ад улады. Асабліва гэта праяўлялася ў атачэнні моладзі з яе новымі культурнымі запытамі. Афіцыйная палітыка з яе ідэалагічнымі клішэ проста не магла весці з маладымі чэхамі і славакамі нейкі дыялог.
Як толькі пачалі праяўляцца крызісныя з'явы ў эканоміцы, гэта стала прарывацца вонкі. Як пісаў адзін з гісторыкаў, быў парушаны базавы кантракт паміж кампартыяй і грамадзянамі: «Партыя і дзяржава забяспечваюць адносна высокі ўзровень жыцця насельніцтва, а насельніцтва ўзамен ухіляецца ад любых палітычных акцый апазіцыі».
Абранне Міхаіла Гарбачова Генеральным сакратаром ЦК КПСС у 1985 годзе аслабіла пазіцыі лаяльных Маскве камуністаў у Чэхаславакіі. Старэючы чэхаславацкі ўрад, хранічна няздольны да рэформаў, сустрэў Перабудовы з недаверам. Чыноўнікі баяліся, што савецкі рэфарматар прыме спадчыну пражскай вясны. Уласна кажучы, фактычна так з часам Гарбачоў і зрабіў. Здрада Масквы ў сваю чаргу выклікала крызіс палітыкі «нармалізацыі» і яе канчатковы крах у 1989-м, калі ў краіне адбылася т.з. «аксамітная рэвалюцыя».
Застаецца дадаць, што ніхто з гісторыкаў, нават тых, хто па поглядах блізкі да камуністаў, не аспрэчвае тэзу, што нават без Гарбачова «нармалізацыя» ў гістарычнай перспектыве не мела шанцаў. Пабудаваная Гусакам і яго паплечнікамі сістэма не была па сваёй прыродзе здольная карэктаваць свае інстытуцыйныя нормы ў адпаведнасці з выклікамі таго часу.