«Бачная»: колькі выбітных жанчын было ў гісторыі Беларусі?

Чаму ў гісторыі Беларусі так мала жаночых імёнаў? Ці азначае гэта, што спрадвеку беларускі саступалі беларусам у розуме, адвазе, амбіцыях ды іншых якасцях, якія здольны зрабіць чалавека выбітным або, у нашым выпадку, выбітнай. Можа, праблема мае іншыя прычыны?

f2d4d3f9_2de4_9dcb_b04e_1d1ce5b2c643.jpg


21 лістапада стартаваў праект «Бачная», прысвечаны бачнасці жанчын у гісторыі Беларусі. Праект дзеліцца гісторыямі выдатных беларусак мінулага.

Праект «Бачная» запрашае ўспомніць выбітных жанчын з гісторыі Беларусі. «Часам гісторыя — гэта гушчар, у якім губляюцца людзі ды іхныя дасягненні. Асабліва часта ў гэтым лесе знікаюць жаночыя імёны. Чаму так адбываецца і хто тыя жанчыны ў гісторыі Беларусі, якіх варта ведаць і памятаць», — пішуць арганізатары праекта.

У межах праекта «Бачная» вам распавядуць пра беларускіх жанчын, якія сваімі талентамі, адвагай і працай заслужылі права называцца вялікімі. Нягледзячы на жыццё і станаўленне ў грамадстве, дзе дасягненні — мужчынская прэрагатыва, яны здолелі на сваім прыкладзе паказаць, што гендар не прадвызначае лёс чалавека, у адрозненне ад грамадскіх стэрэатыпаў і ўстановак.

Праект таксама запрашае да дыскусіі пра тое, што менавіта сфарміравала асобы выдатных беларусак і дазволіла ім вырвацца з кайданоў патрыярхальнага парадку, а таксама аб тым, як сёння гендарныя стэрэатыпы працягваюць уплываць на жанчын пры выбары і падчас прафесійнага ды творчага шляху.

Падпісчыкаў і падпісчыц Instagram-акаўнта «Бачная» чакаюць публікацыі пра выдатных жанчын з гісторыі Беларусі, аналітыка і інтэрактывы на тэму жаночай рэпрэзентацыі.