Тыпалогія ўдараў

25 лістапада — Міжнародны дзень змагання за ліквідацыю гвалту ў дачыненні да жанчын. Гэта толькі адзін дзень, а іх такіх павінна быць 365 — да таго моманту, пакуль само слова «гвалт» не перастане быць патрэбным. Да таго моманту, пакуль кожная жанчына не стане свабоднай і кожнае дзіця не будзе ў бяспецы.

Ілюстрацыя: informelles.ca

Ілюстрацыя: informelles.ca


На што падобны ўдар? Дзеянне, якое стала звычайным дзякуючы галівудскім баевікам і расійскім серыялам адпаведнага жанру. Настолькі звычайным, што наўрад ці хтосьці задумваецца пра саму яго сутнасць — беспрынцыповае ўварванне ў недатыкальную прастору Іншага, які знікае як асоба ў той момант, калі мозг гвалтаўніка запіхвае слова «нельга» падалей і аддае загад руцэ.
Я магла б сказаць, што памятаю ўсе ўдары, якія атрымлівала, але гэта будзе няпраўдай. У памяці застаюцца самыя нечаканыя, якія ад таго, што іх не чакала, былі і самымі балючымі.
Удары па галаве па гуку заўсёды нагадвалі мне трэск шкарлупіны, калі яйка з размаху жахнуць аб патэльню. Вось так — з размаху, ад усёй сваёй шырокай душы, не шкадуючы сіл — біў мой бацька: мяне, маму, брата. Адчуваеш сябе мошкай, якую размазалі па сцяне. Глухі боль і такі ж глухі гул увушшу яшчэ доўга пасля, калі ён асабліва старанна прыклаўся. Праз гады гэта ўсё вяртаецца: мігрэнямі, праблемамі са зрокам і слыхам, адміраннем клетак мозгу, пухлінамі — каму на што «пашчасціць».
Удары па спіне крыху іншыя. Не ўпэўнена, што цяпер адчувала б іх так жа, але для дзіцёнка яны адны з самых вострых —  іх немагчыма прадбачыць. З часам проста прызвычайваешся хадзіць скурчыўшыся і напяўшыся, прывыкаеш чакаць удараў, а спачатку ад іх проста сціскае дух і ўсё цела адразу быццам рассыпаецца: ногі не здольныя трымаць, рукі не могуць папярэдзіць падзенне, у галаве ні адной думкі. У першыя секунды гэта вогненны шарык пад лапаткай, на шыі ці каля нырак, а пасля ён павольна разрастаецца, нібы кругі на вадзе — і вось тады пачынаеш думаць. Потым, у дарослым жыцці, даводзіцца наноў вучыцца «падстаўляць спіну»: у транспарце, у чэргах, засынаючы з каханымі, і працэс гэты нашмат больш доўгі, чым забыццё болю.


Удары па сцёгнах пякучыя, яны гараць, як глыбокія парэзы. Куча анекдотаў і дурных жартаў створана пра папругу і кут, а між тым ні халеры смешнага ў гэтым няма: дарослыя вынайшлі асабліва садысцкі спосаб катаваць дзяцей — эфектыўны, незаўважны для іншых і вельмі адчувальны. Пасля такой «фарбы на ягадзіцах», як сказалі б сёння некаторыя разумнікі, знакамітае «тры дні не мог сядзець на дупе» — гэта яшчэ кветачкі, а вось ягадкамі сёння давіцца ўся краіна. І мала хто супастаўляе адно з адным.
Запамінальнымі былі ўдары ў жывот і паміж ног. Гэтымі ўспамінамі мяне «ўзнагародзілі» старэйшыя хлопцы з суседняга двара, больш высокія за мяне і з вялікімі кулакамі. Балела па-рознаму, але тады я змагла стрываць, не паказваючы эмоцый. Эмоцыі былі пасля. Было неяк па-асабліваму балюча: ты слабая дзяўчынка, для іх, каралёў падваротняў, фактычна ніхто, і тваё цела — усяго толькі цацка, у якой няма нічога каштоўнага. Я была ў тым узросце, калі жаноцкасць толькі пачала абуджацца, яна ўжо рабіла мяне ўразлівай і звонку, і знутры — і майму целу давялося спярша даведацца, як можа быць кепска. Прыемнае прыйшло нашмат пазней.
Расказваць можна бясконца. Гвалт — з’ява, якая нарадзілася, калі адзін чалавек упершыню падпарадкаваў сабе другога, і гэты першабытны механізм уздзеяння мы пяшчотна беражом, не аддаючы аніякім «загніваюшчым» павевам. Гэта стабільнасць мінулага, што ніяк не хоча сыходзіць, хаця час ужо даўно наспеў. Яно адчайна грызе нашы глоткі, сілкуецца нашым болем і падахвочвае мужоў збіваць жонак і дзяцей, дэманструючы такім чынам сваю ўладу над імі. Мінулае збірае вакол сябе тых, чые рукі гатовы выконваць такія загады, таму што на страху болю можна трымацца даўжэй, чым на абяцаннях і падачках.
Мы ўсе тысячы разоў чулі ў адных, другіх, дзясятых фармулёўках пра хатні гвалт, сексуальны гвалт, гвалт над дзецьмі і пра забойствы жанчын. Сотні актывістаў і актывістак па ўсім свеце кожны дзень працягваюць расказваць нам пра гэтыя праблемы. Але так рэдка, па-сапраўднаму рэдка ў тым, што мы гаворым, бачна сутнасць — тое, што адбываецца з чалавекам у момант, калі на яго падымаюць руку; тое, што адбываецца з ім пасля; тое, як мы жывём з гэтым кожны божы дзень, як пераадольваем свае траўмы — ці як яны нас з’ядаюць. Як наступствы таго, што адзін дазволіў сабе збіваць другога, пасля атручваюць жыццё сям’і, грамадству, дзяржаве.
Шмат пра якія рэчы ў нас гаварыць не прынята — сорамна, страшна, непрыемна. Мы цяперашнія засвойваем жахлівы ўрок, і адно з асноўных правілаў у гэтым параграфе — гвалту не павінна быць. А калі ён усё яшчэ ёсць, пра яго трэба гаварыць. Бо калі мы пра штосьці не гаворым, гэтага «штосьці» быццам не існуе. Не існуе людзей, якія супраць вайны; не існуе рэпрэсій, пра якія ў свеце даўно забылі; не існуе і гвалту. Ну які ж у нас можа быць гвалт, калі тут не засталося нікога, хто пра яго гаварыў бы?