Акцыя супраць гвалту ў дачыненні да жанчын прайшла ў Вільні
Беларускі Вільні ўчора выйшлі на акцыю супраць гвалту ў дачыненні да жанчын з імёнамі жанчын, якія сёння незаконна ўтрымліваюцца ў беларускіх турмах па палітычных матывах.

25 лістапада ў Вільні прайшла акцыя беларускіх фемактывістак пад лозунгам «АНІВОДНАЯ ЖАНЧЫНА НЕ БУДЗЕ СВАБОДНАЙ, ПАКУЛЬ УСЕ ЖАНЧЫНЫ НЕ БУДУЦЬ СВАБОДНЫМІ», прысвечаная Міжнароднаму дню змагання за ліквідацыю гвалту ў дачыненні да жанчын.
На акцыі быў прадстаўлены 4-метровы банер з імёнамі 773 беларускіх палітвязынак.

Удзельніцы акцыі заяўляюць:
«25 лістапада — Міжнародны дзень змагання за ліквідацыю гвалту ў дачыненні да жанчын. Гэты дзень прызначаны ААН у памяць пра падзеі 1960 года: забойства сясцёр Мірабаль па загадзе дыктатара Рафаэля Трухільё за ўдзел у рэвалюцыйным руху 14 чэрвеня.
Машына рэпрэсій і ціск патрыярхату не спыняюцца і сёння. У Беларусі сотні палітвязынак і рэпрэсаваных жанчын прайшлі праз затрыманні і катаванні ў турмах за сваю грамадзянскую пазіцыю. Статыстыка па хатнім і гендарна-абумоўленым гвалце схаваная дзяржаўнымі органамі. Амаль усе жаночыя НДА, якія дапамагалі ахвярам хатняга гвалту, ліквідаваныя судом. Звярнуцца па дапамогу ў міліцыю, якая катуе і збівае жанчын, небяспечна.
Ахвяры гвалту засталіся ў Беларусі без абароны і падтрымкі. Жанчыны па ўсім свеце патрабуюць ад мужчын спыніць гвалт, але ж палітыкі і дзяржавы ігнаруюць гэтае пытанне, і ахвяры застаюцца сам насам са сваёй бядой.
Мы ўпэўненыя, што гвалт у дачыненні да жанчын не проста “патрыярхальная традыцыя” — ён прыводзіць грамадства да рэпрэсій і войн».
Напрыканцы мерапрыемства ўдзельніцы праспявалі беларускую народную песню «Зялёная вішня».
