«Матылькі свабоды»: да Міжнароднага дня барацьбы за ліквідацыю гвалту ў дачыненні да жанчын

Лічбы ў сотні і тысячы — гэта статыстыка, сухі падлік, які ніколі не кранае так, як адзін чалавечы лёс, адна асабістая гісторыя — сапраўдная, незвычайная або празаічная, са сваімі дэталямі і блізкімі камусьці абставінамі. Асобы змяняюць свет, і гэтае правіла, у якім амаль няма выключэнняў, спрацавала і для сясцёр Мірабаль — дамініканскіх «матылькоў», якія на крылах сваёй смерці прынеслі свабоду.

Фота: структура «ААН-жанчыны», un.org

Фота: структура «ААН-жанчыны», un.org


Няма нічога новага пад поўняй, і падзеі шасцідзесяцігадовай даўніны можна лёгка, як пад капірку, перанесці на сучаснасць: Афганістан, М’янма, Беларусь... У вайны не жаночае аблічча, але жанчына выходзіць на вайну, калі ў яе няма больш спадзеву ні на каго, акрамя самой сябе.
Дыктатура Рафаэля Трухільё вымусіла маладых і поўных жыцця, прыгажосці і смеласці Патрыю, Мінерву і Марыю-Тэрэзу Мірабаль паставіць пад удар свае жыцці і пайсці супраць яе. Масавыя забойствы і знікненні людзей, татальны тэрор, атмасфера несвабоды і страху не пакідалі ім выбару.
Апазіцыйны рух «14 чэрвеня», у якім яны прымалі ўдзел, не быў шырокім. Нягледзячы на тое, што яго чальцоў высочвалі і адстрэльвалі, «Матылькі Мірабаль», як іх называлі ў Дамінікане, агітавалі мясцовае насельніцтва на змаганне, наладжвалі сувязі з царквой, арганізоўвалі падпольныя пастаўкі зброі. Неаднаразова Мінерве і Марыі-Тэрэзе давялося сутыкнуцца з турмой, але ні адна з іх ніколі не скардзілася на тое, што з імі адбывалася за кратамі і як іх катавалі. Аднак вядома, што Мінерва Мірабаль у адно са сваіх турэмных заключэнняў трымала галадоўку ў знак пратэсту супраць невыносных умоў.
Гэтыя тры грацыі, як бы іх назвалі сёння, былі з асаблівай жорсткасцю забітыя 25 лістапада 1960 года падчас вяртання з турэмнага спаткання са сваімі мужамі. Таемная паліцыя Трухільё, «доблесныя стражы парадку», забілі іх да смерці дручкамі — настолькі, што целы немагчыма было апазнаць, — і пакінулі ў яры на падлозе машыны, імітуючы аўтакатастрофу.
У краіне панавала жорсткая цэнзура, і таму ні адна газета не напісала пра гэта, але, нягледзячы на гэта, вельмі хутка пра гібель народных любіміц ведала ўся краіна. Забойства сясцёр Мірабаль стала апошняй кропляй, пасля якой у жыцці дыктатара пачаўся адваротны адлік. Рафаэль Трухільё разам са сваім картэжам быў гэтак жа «выпадкова» перастрэты і забіты. Дыктатура пала, а «Матылькі Мірабаль» сталі сімвалам свабоды для Лацінскай Амерыкі.


Патрыя, Мінерва і Марыя-Тэрэза Мірабаль

Патрыя, Мінерва і Марыя-Тэрэза Мірабаль


Дата іх забойства — 25 лістапада — у 2000 годзе па ініцыятыве Генеральнай асамблеі ААН стала Міжнародным днём барацьбы за ліквідацыю гвалту ў дачыненні да жанчын. Днём, які ніколі не страчвае сваёй актуальнасці.
Сінякі, гематомы, пераломы, парваныя маткі, апёкі ад цыгарэт і шнары на скуры, здзекі і прыніжэнні — гэта тое, з чым даводзіцца сутыкацца жанчынам рознага ўзросту дома, на працы, на вуліцы, за кратамі... Усе дзяленні і межы абсалютна ўмоўныя: уседазволены «маленькі» хатні гвалт перарастае ва ўседазволены «вялікі» палітычны. У многіх выпадках фізічна слабая жанчына — аб’ект для задавальнення агрэсара: бацькі, сына, брата, хлопца, мужа, сужыцеля, наглядчыка, ахоўніка, рознага кшталту карнікаў і іх начальства. Проста цяпер мы ўжывую можам назіраць за гэтым ва ўласнай краіне.
Пачынаючы з 2007 года МУС актыўна вядзе статыстыку выпадкаў хатняга гвалту ў краіне. Да 2019 года беларускае грамадства яшчэ лічыла хатні гвалт праблемай і актыўна абмяркоўвала неабходнасць увядзення спецыяльнага закона аб супрацьдзеянні гвалту, але хутка ўся гэтая ілюзія лібералізацыі і руху ў бок правоў чалавека знікла.
У 2020 годзе, з вядомых прычын, са статыстыкай у Беларусі было цяжка. Але з таго, што ёсць у агульным доступе, вынікае, што бытавая «крымінальная актыўнасць» пайшла на спад: было заведзена 292 крымінальныя справы па факце прычынення цяжкіх цялесных пашкоджанняў і забойстваў у сямейна-бытавых канфліктах, яшчэ 56 спраў тычацца сваякоў, якія пражывалі асобна. Было вынесена 6,5 тысяч ахоўных прадпісанняў (працэдура, якая абавязвае агрэсара не набліжацца да ахвяры, не шукаць інфармацыю пра яе месцазнаходжанне, не камунікаваць з ёю — у тым ліку праз тэлефон і інтэрнет). Пры гэтым штогод МУС фіксуе каля 120 тыс. зваротаў па праблеме хатняга гвалту. У 2019-м, дзе са статыстыкай усё лепей, чым зараз, было заведзена каля 2,5 тыс. крымінальных спраў на гэтай глебе, з якіх 91 — забойствы. Ахвярамі хатняга гвалту ў 2019 годзе сталі каля 23 тыс. жанчын, у тым ліку каля 600 — выпадкі згвалтаванняў. І гэта толькі тое, што было зафіксавана афіцыйнымі дзяржаўнымі структурамі.
Свайго агню ў гэтае полымя дадае пандэмія. Вымушаныя больш часу знаходзіцца ў адной прасторы з агрэсарамі, жанчыны яшчэ больш пакутуюць ад гвалту, і гэтая праблема, як і гвалт у цэлым, — не спецыфічна беларуская. На жаль, гэта адбываецца па ўсім свеце, незалежна ад таго, кіруе краінай кавід-дысідэнт ці ўрад, які ўводзіць лакдаўн.
І нават 2020-ы, які на кароткім гістарычным адрэзку можна назваць «годам народа Беларусі», агулам быў проста кепскім паўтарэннем усім абрыдлага сюжэту. Нягледзячы на тое, што час, месца і акалічнасці сітуацый розныя, у нас ёсць свае «сёстры Мірабаль», якія не пабаяліся выступіць супраць дыктатуры: на дадзены момант з 884 беларускіх палітвязняў 98 — жанчыны. Ніхто з іх не жадаў сабе лёсу палітзняволеных, не марыў пра перапоўненыя камеры і пастаянныя «шмоны». Наўрад ці камусьці ўвогуле хацелася стаць гераіняй «пакаяльнага відэа», цярпець здзекі пры аглядах і праводзіць суткі ў карцарах. Між тым, яшчэ ў жніўні 2020-га былі дзясяткі заяў пра збіццё і згвалтаванні, якія прапаганда дагэтуль называе «фэйкамі» і «фарбай на ягадзіцах». Катаванні жанчын у засценках беларускіх ізалятараў і турмаў працягваюцца дагэтуль. Па фактах гвалту ў беларускіх турмах са жніўня 2020 года не была заведзеная ні адна крымінальная справа.
Як мы памятаем, статыстыка — гэта ўсяго толькі лічбы. Кранаюць гісторыі, лёсы асобных людзей — такіх, як, напрыклад, Наталля Хершэ, якая трапіла за краты, сарваўшы маску з амапаўца, а ў турме не адны суткі правяла ў карцары за адмову шыць форму сілавікам. Вольгу Залатар, маці пяцярых дзяцей, жорстка збівалі пры затрыманні і пасля яго. Паліну Шарэнда-Панасюк некалькі разоў змяшчалі ў карцар і прымусова адпраўлялі на псіхіятрычную экспертызу. Вольга Такарчук з надуманых прычын кшталту дрэннай прыборкі ў камеры таксама змяшчалася ў карцар, дзе аб’яўляла галадоўку.

Палітзняволеныя беларускі

Палітзняволеныя беларускі


У звычайныя часы ў нармальнай краіне аб’яўленне галадоўкі за кратамі можа расцэньвацца як гучная акцыя для прыцягнення ўвагі, такі сабе піяр-ход (як, напрыклад, у свой час гэта было ва Украіне з Юліяй Цімашэнка), але ў цяперашняй бяспраўнай Беларусі, дзе дзяржаве — «гаранту стабільнасці і бяспекі грамадзян» — абсалютна «не да законаў», гэта ўсё, што застаецца вязням, якія знаходзяцца ва ўладзе катаў, каб выказаць свой пратэст супраць гвалту і бесчалавечнага абыходжання.
Менавіта такое выйсце засталося беларускай палітзняволенай Вользе Гарбуновай, якая была затрыманая па падазрэнні ў «арганізацыі жаночых маршаў». Яна не пагадзілася з абвінавачаннем і ў знак нязгоды з тым, што адбываецца за кратамі, ад самага моманту затрымання аб’явіла галадоўку. 10 дзён на Акрэсціна Вольга піла толькі ваду, да яе не пускалі адваката, не прымалі перадачы, і ўсё гэта ў халоднай камеры, з перманентна ўключаным святлом, на голых нарах і з пастаяннымі «шмонамі».
Вольга Гарбунова 18 гадоў працавала з жанчынамі, якія пацярпелі ад хатняга гвалту, і таму на ўласным вопыце ведае, што гэтую праблему нельга замоўчваць. Разам з каляжанкамі з «Радзіславы» яна не толькі дапамагала жанчынам пісаць заявы і дабівацца пакарання для агрэсараў — пры «Радзіславе» быў створаны прытулак для тых, каму не было куды ісці, акрамя дому, які быў небяспечным. Больш за тое, разам з іншымі супрацоўніцамі арганізацыі Вольга таксама дапамагала пацярпелым жанчынам стаць на ногі і пачаць жыццё з чыстай старонкі. І вось цяпер яна сама за кратамі, пазбаўленая элементарных чалавечых правоў. Цяпер яна сама мае патрэбу ў дапамозе.
«Ні адзін народ так не здзекаваўся нада мною і над маёй сям’ёю, як беларускі... Ні адзін народ так не ўніжаў сваіх паэтаў, сваіх жанчын. Садыстычныя і вышуканыя мучэнні, якія адчуваю амаль штодзённа нават ад людзей, якія ўчора былі сябрамі...» — гаварыла ў сваёй «Споведзі» адна з самых вядомых беларускіх паэтак, былая палітзняволеная Ларыса Геніюш. Савецкая карная сістэма «літасціва» падарыла ёй 25 гадоў канцлагераў — чвэрць стагоддзя гвалту, здзекаў, прыніжэння і цяжкай працы ў нечалавечых умовах. Жорны сістэмы перамолвалі косці мільёнаў людзей, і ў Геніюш таксама неаднаразова была магчымасць атрымаць «вечную прапіску» ў адным з лагераў Комі ці Мардовіі, але яна выжыла. Насуперак усяму. Выжыла, вярнулася і расказала свету пра тое, што рабілі савецкія каты з пазбаўленымі правоў людзьмі.
Такія гісторыі — гісторыі паўставання жанчын супраць гвалту і несправядлівасці — ёсць у многіх сем’ях па ўсім свеце, будзь тое маленькія дзяўчынкі, якія пакутуюць ад рук бацькоў-алкаголікаў, індыйскія паслядоўніцы Гандзі, амерыканскія феміністкі ці беларускія пераемніцы палітзняволеных «АЛЖИРа» (Акмалінскага лагера жонак здраднікаў радзімы»). Нам яшчэ давядзецца пачуць і прачытаць іх — потым, калі словы зноў будуць мець сэнс, а галасы будуць гучаць свабодна і без страху. Гэта нялёгка будзе вытрымаць, але абавязкова трэба — каб ні адзін бацька не падняў руку на сваю дачку. Каб ні адна жанчына не адчувала сябе прадметам — без аблічча, імя, голасу і пачуццяў. Каб Беларусь была любімай, якая сама выбірае, калі ёй сыходзіць і куды ісці. І каб «не» тут было роўна тым, чым яно на самой справе павінна быць: нежаданнем, адмовай, свабодным выбарам, за якім не мае быць аніякага прымусу.

Палітзняволеныя беларускія жанчыны:

1. Ганна Аблаб2. Яна Арабейка3. Паліна Арэхава4. Кацярына Арыко5. Анжэла Асад6. Таццяна Астроўская7. Віталія Бандарэнка 8. Ганна Баран 9. Кацярына Андрэева (Бахвалава)10. Ларыса Беражнова11. Анжаліка Борыс12. Святлана Брацянкова13. Кася Будзько14. Анастасія Булыбенка15. Ірына Вікхольм16. Ганна Вішняк17. Аліна Войцех18. Вольга Гарбунова 19. Галіна Гарацкевіч 20. Юлія Гарачка 21. Ірына Гарашына22. Алана Гебрэмарыям23. Вікторыя Гранкоўская24. Дар’я Данілава25. Алена Дзедзюля26. Галіна Дзербіш27. Вольга Дубовік28. Марына Дуброўская29. Вольга Залатар 30. Таццяна Звярко 31. Ірына Злобіна32. Марына Золатава33. Ганна Ільіна34. Надзея Калач35. Марыя Каленік36. Марыя Калеснікава 37. Антаніна Канавалава 38. Таццяна Канеўская 39. Аксана Каспяровіч 40. Валерыя Касцюгова 41. Ірына Касцючэнка42. Марына Кірыльчык43. Вольга Класкоўская44. Вольга Клімкова45. Таццяна Кузіна46. Людміла Кузнецова47. Вікторыя Кульша48. Юлія Лабунова 49. Ганна Лапатка 50. Юлія Лаптановіч 51. Таццяна Ласіца 52. Ірына Леўшына53. Вольга Лойка54. Ксенія Луцкіна55. Алена Лысковіч56. Вікторыя Лысковіч57. Вольга Маёрава58. Кацярына Макарэвіч59. Соф’я Малашэвіч60. Алена Маўшук 61. Ірына Мельхер 62. Яна Мілеўская 63. Вікторыя Міронцава64. Анастасія Міронцава 65. Мія Міткевіч66. Аліна Муратава67. Марыя Несцерава68. Алена Несцяровіч69. Наталля Нікіціна70. Марыя Новік
71. Наталля Падлеўская
72. Ірына Паляніна 73. Ірына Пярцова74. Марфа Рабкова75. Ірына Рыбалка 76. Любоў Рэзановіч77. Соф’я Сапега78. Марына Сілёнак79. Эма Сцепулёнак80. Вольга Сыраватка81. Ксенія Сырамалот82. Юлія Сырых83. Вольга Такарчук 84. Алена Талкачова85. Кацярына Ткачэнка86. Наталля Турава87. Вольга Філатчанкава88. Наталля Хершэ89. Дар’я Чайко90. Юлія Чамлай91. Юлія Чарняўская 92. Людміла Чэкіна93. Дар’я Чульцова94. Паліна Шарэнда-Панасюк95. Ірына Шчасная96. Юлія Марчанка (Юніцкая)97. Таццяна Якельчык98. Анастасія Ярашэвіч