Выйшаў зборнік тэкстаў «Расцяжэнне». Пра што пішуць беларускі пасля 2020 года?

У кастрычніку 2022 года выйшаў зборнік мастацкіх тэкстаў аб пратэснай і эмігранцкай траўме «Расцяжэнне». У кнігу ўвайшлі празаічныя і паэтычныя тэксты, у якіх аўтаркі асэнсоўваюць падзеі 2020 года ў Беларусі і іх наступствы. Кнігу можна бясплатна спампаваць або фізічна набыць у цэнтрах беларускай дыяспары (у Вільнюсе, Варшаве і Тбілісі). Цана вольная, сабраныя грошы пойдуць на аплату псіхалагічных кансультацый для жанчын* у крызісных сітуацыях у Беларусі.

000050_1.jpg

Зборнік факусіруецца на жаночым досведзе пражывання пратэстаў, рэпрэсій, вымушанай эміграцыі, адлучэння ад сям'і і дома. Васямнаццаць аўтарак, якія знаходзяцца і ў Беларусі, і за яе межамі, сумленна і адкрыта расказваюць пра асабісты досвед праз паэтычныя і празаічныя тэксты. У тэкстах асвятляюцца сувязі гендарнага і мілітарысцкага гвалту, ксенафобіі і сістэмнай дыскрымінацыі.

Беларускія жанчыны актыўна ўдзельнічалі ў дэмакратычных працэсах 2020 года і працягваюць пераўтвараць жыццё ў краіне і за яе межамі. Зборнік «Расцяжэнне» даследуе гэты ўнікальны вопыт — гэта важны ўклад у стварэнне прасторы для асэнсавання траўматычных падзей у Беларусі і калектыўнае аднаўленне.

Тэксты, якія ўвайшлі ў зборнік, былі створаны ў рамках летняй лабараторыі фем-пісьма «Расцяжэнне», прысвечанай працы з пратэснай і эмігранцкай траўмай. Лабараторыя праводзілася з чэрвеня да жніўня 2022-га. Сярод фасілітарак лабараторыі былі беларускія пісьменніцы Таццяна Заміроўская, Дар'я Трайдэн (на фота), Юлія Арцёмава, Тоні Лашдэн, паэткі Ганна Отчык, Юлія Чарнышова, Вольга Гапеева. Мэта лабараторыі — даць прастору для апісання доследаў, якія выпадаюць з паўсядзённых размоў пра Беларусь.