Жанчына, якой збаяўся Кітай
Пісьменьніца Радка Дэнэмаркава — сапраўдны фэномэн у чэскай літаратуры. Да таго ж яна — прынцыповая ўкраінафілка, разьмясьціла ў сваёй праскай кватэры сям’ю ўкраінскіх уцякачоў, як толькі пачалася вайна, аддала сваю прэмію на ўкраінскую справу. Дасылае паштоўкі палітзьняволеным і вельмі натхнёная гісторыяй каханьня і палітыкі пары Сьвятланы і Сяргея Ціханоўскіх.
Радка Дэнэмаркава — адзіная пісьменніца, якая чатыры разы атрымлівала найвышэйшую чэскую літаратурную прэмію «Magnesia Litera», прычым у розных намінацыях (мастацкая літаратура, навуковая літаратура, пераклад і кніга году).
Цяпер кола ейных чытачоў пашыраецца таксама дзякуючы перакладам і міжнародным узнагародам. Бадай, самым вядомым ейным творам зьяўляецца раман «Peníze od Hitlera» («Грошы ад Гітлера», 2006), у якім распавядаецца гісторыя габрэйкі, якая перажыла Галакост, вярнулася ў Чэхаславаччыну пасьля Другой сусьветнай вайны і сутыкнулася з поўнымі абмежаваньнямі асноўных правоў і свабодаў.
Радка Дэнэмаркава вырасла ў камуністычнай Чэхаславаччыне, а ў маладосьці стала сьведкай падзеньня камуністычнага рэжыму і Бэрлінскай сьцяны. Гэтыя падзеі сфарміравалі яе ня толькі як пісьменніцу, але і як грамадзкую актывістку і змагарку за дэмакратычныя правы, дарэчы, ня толькі ў сваёй краіне, але і ў Кітаі.
Веданьне жыцьця да свабоды і пасьля яе атрыманьня дазваляе пісьменьніцы быць крытычнай, сьмелай і нават правакацыйнай.
Яна прынцыповая ўкраінафілка, разьмясьціла ў сваёй праскай кватэры сям’ю ўкраінскіх уцякачоў, як толькі пачалася вайна ва Ўкраіне. Аддала сваю прэмію на ўкраінскую справу. Выйшла пратэставаць супраць расейскага імпэрыялізму і мілітарызму. Таксама правяла пратэсны пэрформанс каля канторы Аэрафлёту ў Празе.
Да ўсяго яна застаецца зацятай сымпатызанткай беларускай справы. У канцы 2021 году яна зьвярнулася да чэскага грамадзтва з выступам «Сталінізм вяртаецца ў Беларусь» (Do Běloruska se vrací stalinismus), у якім заклікала суграмадзянаў-ак мабілізаваць сілы на падтрымку забытай сьветам Беларусі. Апрача прабеларускіх выступаў у Чэхіі і падпісаньня розных заклікаў, пісьменьніца рэгулярна дасылае паштоўкі палітзьняволеным, піша лісты Сяргею Ціханоўскаму. Яна вельмі натхнёная гісторыяй каханьня і палітыкі пары Сьвятланы і Сяргея Ціханоўскіх, вартай, на думку Р. Дэнэмаркавай, рамана. Зрэшты, яна адкрывае Чэхіі Беларусь, якая проста растае на фоне Расеі, як лічыць пісьменьніца. Чэхія ды Эўропа нагэтулькі зачараваныя расейскай культурай, што цалкам згубілі інтарэс да Беларусі і Ўкраіны, і не заўважылі, што расейская культура перакінулася акупацыяй Беларусі і вайной ва Ўкраіне.
Таксама пісьменьніца сьмела абвінавачвае чэскае грамадзтва ў летаргічнай хваробе, дэпрэсійнасьці, таталітарным спажывецтве і здрадзе дэмакратыі. Пісьменьніца бязупынку нагадвае грамадзтву аб здрадзе чэскаму гуманізму Масарыка і Гавэла. А таму цэнтральнай тэмай усіх твораў Радкі Дэнэмаркавай зьяўляецца дэгуманізацыя чалавека, грамадзтва. Аўтарка адкідвае, ігнаруе дзяржаўныя, нацыянальныя межы і дэманструе, як хутка чалавек у Эўропе ці Кітаі дэгуманізуецца, трапляе пад уплыў ідэалёгіяў, капіталізму, спажывецкай культуры. Не баіцца яна і крытыкаваць чэскага прэзыдэнта Мілаша Зэмана з-за ягоных расізму, гамафобіі і жанчынаненавісьніцтва.
Таму лягічна, што ў апошнім сваім 750-старонкавым рамане «Валавяныя гадзіны» (то-бок цяжкія гадзіны, крызісны час наагул у жыцьці кожнага чалавека ды чалавецтва наагул) яна сьмела накінулася на Кітай, а таксама на Захад з крытыкай сьляпога зачараваньня нібыта ідэальнай кітайскай мадэльлю, якая, на думку аўтаркі, зьяўляецца жорсткай і паліцэйскай мадэльлю, да якой цяпер імкнецца заходні капіталізм. Пісьменьніца шкадуе старую Эўропу, якая ігнаруе гвалт кітайскіх уладаў у дачыненьні да сваіх грамадзянаў, вынішчэньне тыбецкай культуры, існаваньне сучасных канцлягераў, у якіх утрымліваюцца тысячы ўйгураў.
На фоне ўсяго гэтага гвалту сьвет і нібыта дэмакратычны Захад працягваюць спакойна замаўляць тавары праз AIlExpress, весьці бізнэс і сілкаваць кітайскую дыктатуру. Захад шармаваны кітайскай гармоніяй, а пісьменьніца разьбівае гэты стэрэатып, нагадваючы пра паўсюдны ў краіне кантроль над інтэрнэтам, блякіроўку пошукавай сыстэмы Google у Кітаі з 2010 году. У тым жа годзе пісьменнік Лю Сяабо быў узнагароджаны Нобэлеўскай прэміяй міру за яго «доўгую і негвалтоўную барацьбу за фундамэнтальныя правы чалавека ў Кітаі». Пэкін быў у лютасьці. У якасьці адкупленьня Нобэлеўскі камітэт прысудзіў прэмію па літаратуры за 2012 год праўладнаму пісьменьніку Мо Яню, які, па словах набіляркі ў літаратуры за 2009 год Герты Мюлер, «праслаўляе цэнзуру».
Як падкрэсьліве ўсюль Радка Дэнэмаркава, валавяны час у Кітаі зацягнуўся на валавяныя дзесяцігодзьдзі: у 2013 годзе Сі Цьзіньпін стаў прэзыдэнтам Кітаю і неадкладна запусьціў ініцыятыву «Пояс і шлях». Нібыта гэта спрыяе гандлю і міру шляхам злучэньня Афрыкі, Азіі, Эўропы і Лацінскай Амерыкі з Кітаем, але некаторыя асьцерагаюцца, што гэта прадвесьце будучага глябальнага эканамічнага, ваеннага і палітычнага панаваньня Пэкіну. Праз пяць гадоў пасля абраньня, у 2018 годзе, Усекітайскі сход народных прадстаўнікоў дазволіў прэзыдэнту Сі Цьзіньпіну — як першаму лідару Кітаю пасьля Мао — заставацца на сваёй пасадзе пажыцьцёва.
Усё гэта знакі вельмі небясьпечнай тэндэнцыі, якую Захад прапусьціў, не даацэніў.
У «Валавяных гадзінах» прадстаўляныя лёсы некалькіх сем’яў розных пакаленьняў з эўрапейскіх краінаў і сацыяльных слаёў, якія з сямейнымі траўмамі, крызай сярэдняга веку, выгараньнем або палавым пасьпяваньнем адправіліся ў Кітай, каб навесьці парадак у жыцьці, але іх сьвет толькі пагоршыўся. На думку крытыкаў, раман тэматызуе сучасную форму кітайскага грамадзтва як таталітарнага рэжыму. Над кнігай аўтарка працавала пяць гадоў, наведвала Кітай, назірала, размаўляла ў кітайцамі ў Кітаі і тымі, што жывуць у Эўропе. Так, праз кантакты з кітайскімі дысідэнтамі ёй пажыцьцёва забаранілі ў 2017 годзе наведваць і жыць у Кітаі. Твор увасабляе сабой прыклад сучаснай заангажаванай літаратуры і крытыку апалітычнасьці, апалітычнага мастацтва і ладу жыцьця. Разам з тым твор уяўляе сабой бязлітасную крытыку эўрапейскага і кітайскага гібрыднага капіталізму. Цікава, як магутны мільярдны Кітай збаяўся адной чэскай жанчыны, узброенай хіба асадкай і гострым розумам…
Зрэшты, проста неабходна ўзгадаць фэмінісцкую пазыцыю Радкі Дэнэмаркавай. Яна цікава і крытычна падкрэсьлівае ў шматлікіх інтэрвію, што яна пісьменьніца, але ж да ўсяго яна жыве ў гэтым сьвеце ў скуры жанчыны. Амаль у духу Маргарыт Юрсэнар чэская пісьменьніца трапна заўважае, што ўсе вядомыя дыктатары і распачынальнікі міжнародных бойняў, усе гітлеры, сталіны, пуціны і нават лукашэнкі — гэта мужчыны. І дасюль мужчыны спаганяюць свае расчараваньне і няўменьне на слабейшых фізычна: жанчынах і дзецях. Таму фэмінізм важны і неабходны, бо ён адзіны выкрывае гэтую праўду, гвалт. Ці не таму многія мужчыны баяцца, ня любяць фэмінізм?
Менавіта таму, як лічыць Радка Дэнэмаркава, мужчыны накінуліся на рух #MeToo, бо сэксуальны гвалт мужчынаў стаў ня нейкай адзінкавай зьявай, а масавай амаль унівэрсальнай уласьцівасьцю многіх мужчынаў. Так, на Ляйпцыскім кніжным кірмашы, дзе прэзэнтавала нямецкае выданьне свайго рамана «Унёсак у гісторыю радасьці», Радка Дэнэмаркава заявіла, што ў Чэхіі дасюль пануе патрыярхат, і нават кампанія #MeToo не зьмяніла таго, што сэксуальны гвалт у дачыненьні да жанчынаў тут прымяншаецца ці ігнаруецца зусім. Якраз прымяншэньне і замаўчваньне пакутаў згвалтаваных жанчынаў прымусілі Р. Дэнэмаркаву напісаць пра гэта раман. Фэмінізм як ніколі неабходны, калі на палітычнай арэне існуюць такія палітыкі-мізагіны, як Трамп, Эрдаган, Пуцін, Лукашэнка, Орбан, Зэман, Бабіш ды іншыя.
Апісваючы свае літаратурнае пакліканьне ці выбар, а таксама рэабілітуючы карыснасьць сучаснай літаратуры, Радка Дэнэмаркава застаецца невыпраўнай аптымісткай і сьцьвярджае, што літаратура — гэта якраз «цалкам супрацьлеглая баязьліваму маўчаньню дзейнасьць». А таму раіць чытаць, бо тую ці таго, хто чытае, значна складаней абдурыць папулістам і дыктатарам.
Ну і чакаем беларускіх перакладаў адной з самых вядомы сучасных чэскіх пісьменьніцаў, драматургіняў, эсэістак, каб узмацніць повязі, якія здаўна зьвязваюць Чэхію і Беларусь. І, мажліва, наступны раман Радкі будзе натхнёны беларускай тэмай — каханьнем і вычынам Ціханоўскіх.