Беспакаранасць, запалоханасць, азлобленасць. Як у Беларусі судзяць падлеткаў
У дзяцей па-іншаму ўладкаваная разумовая актыўнасць, яны думаюць не так, як дарослыя. Яны не ўмеюць думаць так, як думаюць дарослыя. І пакараныя дзеці, калі пасталець, могуць апынуцца за кратамі зноў, таму што яны іншага свету, сталеючы, не бачылі. Пра дзяцей за кратамі і пра тое, што з гэтым рабіць, разважае праваабаронца Павел Сапелка.
Стварэнне спецыялізаваных ювенальных судоў у Беларусі ўладамі абвешчанае «немэтазгодным». Цяперашняя сістэма правасуддзя ў Беларусі не толькі не забяспечвае інтарэсаў дзіцяці, але нават і не ставіць перад сабой такой мэты. І гэта вялікая праблема. Бо меры крымінальнай адказнасці для дарослых і непаўналетніх у Беларусі вельмі падобныя: «Усё зводзіцца ў першую чаргу да асуджэння і пакарання».
«М*дыязона» разам з юрыстам-праваабаронцам Паўлам Сапелкам разбіраецца, якія пакаранні дзяржава прадугледзела для падлеткаў, што ўчынілі злачынствы, і наколькі яны адрозніваюцца ад пакаранняў для дарослых.
За мінулы год у Беларусі за розныя злачынствы асудзілі каля 900 падлеткаў, у навінах рэгулярна з’яўляюцца паведамленні пра велізарныя тэрміны непаўналетнім па «наркатычных» артыкулах, а некаторыя з дзяцей становяцца палітвязнямі.
Злачынствы непаўналетніх
Паводле статыстыкі Вярхоўнага суда Беларусі, за 2021 год у краіне за розныя злачынствы асудзілі 874 непаўналетніх. Амаль 16% з іх (138 падлеткаў) прысудзілі пазбаўленне волі.
Самыя пашыраныя злачынствы сярод падлеткаў — эканамічныя. Па такіх справах за мінулы год у Беларусі асудзілі 502 непаўналетніх, з іх 328 — за крадзеж, 49 — за рабаванне, а яшчэ 44 — за крадзеж шляхам мадыфікацыі камп’ютарнай інфармацыі.
На другім месцы — злачынствы супраць грамадскага парадку: 185 падлеткаў асудзілі за хуліганства. За злачынствы супраць грамадскай бяспекі і здароўя насельніцтва ў мінулым годзе суды пакаралі 111 непаўналетніх, з іх 84 (каля 10% ад усіх асуджаных падлеткаў) абвінавацілі ў абароце наркотыкаў.
На момант напісання гэтага тэксту ў спісах праваабарончага цэнтра «Вясна» лічацца палітвязнямі дзевяць падлеткаў, асуджаных да наступлення паўналецця — амаль усіх з іх абвінавацілі ва ўдзеле ў «масавых беспарадках» і прысудзілі тэрмін у выхаваўчай калоніі. У 2021 годзе, згодна са статыстыкай Вярхоўнага суда, па гэтым артыкуле асудзілі 13 непаўналетніх.
Найлепшыя інтарэсы дзіцяці
— У Беларусі не створана спецыяльнай юстыцыі для дзяцей, — расказвае юрыст праваабарончага цэнтра «Вясна» Павел Сапелка. — Гэта сур’ёзны недахоп, бо агульным [прагрэсіўным] стандартам з’яўляецца наяўнасць спецыяльных судоў для дзяцей, спецыяльных суддзяў, падрыхтаваных для вядзення спраў, і іншых працэдур для дзяцей, іншага характару крымінальнай адказнасці — і наогул, усё, што звязана з дзецьмі, павінна адпавядаць прынцыпу найлепшых інтарэсаў дзіцяці.
Ён тлумачыць: нават караючы дзяцей, улады павінны зыходзіць з гэтага прынцыпу: «Не пакаранне як такое, не пакрыццё шкоды ці яшчэ нечага, а найлепшыя інтарэсы дзіцяці».
— Гэта не вельмі звыкла для нас, але, тым не менш, так павінна працаваць у дэмакратычных дзяржавах, — мяркуе ён.
На думку Сапелкі, актуальная сістэма ў Беларусі не толькі не забяспечвае найлепшых інтарэсаў дзіцяці, але і не ставіць перад сабой такой мэты.
— Нават у лепшыя часы, калі Беларусь прыслухоўвалася да меркавання розных міжнародных інстытутаў — я не ведаю, з якой прычыны, але беларускі заканадавец не імкнуўся выйсці на такога роду нормы, — перакананы юрыст. — Так, час ад часу змяняўся кодэкс Крымінальны, аб адміністрацыйных правапарушэннях, час ад часу ўносіліся нейкія ўсё больш і больш ільготныя ўмовы для непаўналетніх у частцы пакаранняў, у частцы магчымасці выкарыстання тых ці іншых пакаранняў. Але сам прынцып іншага правасуддзя для дзяцей не браўся пад увагу — да яго не ішлі.
Як распавядае Сапелка, у адказ на прапановы Камітэта ААН па правах дзіцяці аб увядзенні інстытута ювенальных судоў улады Беларусі адказвалі адмовай, тлумачачы яго малой колькасцю крымінальных спраў супраць непаўналетніх і немагчымасцю забяспечыць паўнавартасную загрузку суддзяў у такіх судах.
— Гэта, вядома, поўная лухта, — лічыць Сапелка, — рэдкая лухта, таму што, па-першае, мы павінны гаварыць не толькі пра крымінальныя справы, але і пра адміністрацыйныя. Плюс гэтыя суды могуць быць не толькі для дзяцей — яны могуць быць у цэлым для разгляду сямейных спраў. І ў гэтых судах могуць разглядацца рознага роду спрэчкі аб выхаванні дзіцяці, пытанні пазбаўлення бацькоўскіх правоў, аднаўлення бацькоўскіх правоў. А ў нас палічылі дастатковым напісаць, што мы, маўляў, прызначаем для вядзення спраў дзяцей найбольш дасведчаных суддзяў, якія маюць падрыхтоўку адпаведную. Але гэта, цалкам відавочна, няпраўда.
Падобную рыторыку старшыня Вярхоўнага суда Валянцін Сукала выкарыстаў у 2018 годзе на сустрэчы з прадстаўнікамі амбасады Нідэрландаў. Тады ён казаў, што стварэнне спецыялізаваных ювенальных судоў «немэтазгоднае», і дадаў, што ў кожным судзе Беларусі ёсць суддзі, якія спецыялізуюцца на разглядзе спраў аб злачынствах непаўналетніх.
Розніца паміж дарослымі і дзецьмі
У Беларусі крымінальная адказнасць наступае з 16 гадоў, аднак па асобных артыкулах КК — за гвалтоўныя злачынствы, абарот наркотыкаў, рабаванне і іншыя — да яе могуць прыцягваць з 14-гадовага ўзросту.
Усяго КК прадугледжвае некалькі відаў крымінальных пакаранняў, якія прымяняюцца да непаўналетніх: грамадскія працы, штраф, пазбаўленне права займацца пэўнай дзейнасцю, выпраўленчыя працы, арышт, абмежаванне волі і пазбаўленне волі.
Пры гэтым умовы адбыцця такіх пакаранняў для непаўналетніх мякчэйшыя. Напрыклад, ім могуць прызначыць толькі хатнюю хімію — накіроўваць непаўналетніх у ВУАТ паводле закону нельга, калі ім не споўнілася 18 гадоў да дня прысуду. Акрамя таго, пазбаўленне волі непаўналетнія павінны адбываць не ў папраўчай калоніі, а ў выхаваўчай.
На думку Сапелкі, меры крымінальнай адказнасці для дарослых і непаўналетніх у Беларусі вельмі падобныя: «Усё зводзіцца ў першую чаргу да асуджэння і пакарання».
Праваабаронца адзначае, што ў Беларусі крымінальныя справы супраць непаўналетніх часцей за ўсё заканчваюцца разглядам дзеянняў падлетка ў судовым парадку і наступным прысудам.
— Тады як наогул ёсць добрыя прыклады ў іншых краінах, калі судоваму разбору папярэднічае выпрабавальны тэрмін. І ў выпадку, калі ў гэты перыяд гэтага выпрабавальнага тэрміну дзіця не здзяйсняе ніякіх злачынстваў, супрацьпраўных дзеянняў, то яго проста наогул не асуджаюць. Розніца зразумелая: не пакідаюць, як гаворыцца, слядоў у яго лёсе, — тлумачыць ён.
Зрэшты, у КК для непаўналетніх усё ж прадугледжаныя некаторыя больш мяккія меры: калі суд вырашыць, што выпраўленне падлетка магчымае і без крымінальнага пакарання, то да яго могуць прымяніць прымусовыя меры выхаваўчага характару. У 2021 годзе такія меры ўжылі да прыкладна 30% асуджаных падлеткаў.
У такім выпадку непаўналетняга могуць перасцерагчы ад паўторнага здзяйснення злачынстваў, прымусіць папрасіць прабачэння перад пацярпелым або пакрыць прычыненую шкоду (калі падлетак мае працу — то за свой кошт). У асобных выпадках дзіця могуць прымусіць выконваць канкрэтны распарадак дня і знаходзіцца дома ў пэўны час, забараніць наведваць асобныя месцы і абавязаць з’яўляцца на ўлік у органы, якія ажыццяўляюць кантроль за яго паводзінамі. Самай жорсткай мерай выхаваўчага характару з’яўляецца змяшчэнне падлетка ў спецыяльную вучэбна-выхаваўчую або лячэбна-выхаваўчую ўстанову.
Павел Сапелка заўважае, што закон строга абмяжоўвае ўжыванне не звязаных з крымінальным пакараннем мер выпадкамі, калі падлетак не здзейсніў грамадска небяспечных дзеянняў: «Як толькі мы выходзім на цяжкія злачынствы, такіх магчымасцяў нават у прынцыпе няма».
Ён прыводзіць прыклад з 14-гадовым (на момант здзяйснення злачынства) падлеткам С., якому ў студзені 2019 года прысудзілі 6 гадоў выхаваўчай калоніі за тое, што ён некалькі разоў ударыў бацьку нажом. Намаганнямі самога бацькі і адвакатаў тэрмін спачатку ўдалося скараціць да чатырох гадоў, а пазней — дамагчыся памілавання і вызваліць юнака ў пачатку 2021 года. Сапелка адзначае, што насуперак усім довадам супраць змашчэння дзіцяці ў калонію, заканадаўства не мела іншых інструментаў.
— Закон у прынцыпе не дазваляў пайсці па нейкай альтэрнатыўнай працэдуры, якая б дала магчымасць пазбегнуць непасрэднага пазбаўлення волі, — кажа ён.
Спецшколы і ПТВ
У выпадку прымянення судом да дзіцяці крайняй меры выхаваўчага характару, падлетка могуць адправіць у спецыяльную ўстанову адукацыі закрытага тыпу: школу або ПТВ. Усяго ў Беларусі ёсць чатыры такія ўстановы. Магілёўская дзяржаўная спецыяльная школа, Магілёўскае дзяржаўнае спецыяльнае ПТВ дрэваапрацоўкі №2, Крывіцкае дзяржаўнае спецыяльнае ПТВ №3 і Петрыкаўскае дзяржаўнае спецыяльнае ПТВ лёгкай прамысловасці №1. У першых трох утрымліваюцца хлопчыкі, у апошнім — дзяўчаткі.
Згодна з Кодэксам аб адукацыі, у спецшколу могуць накіраваць падлеткаў ад 11 да 15 гадоў, а ў ПТВ — ад 11 да 18 гадоў. Пры гэтым максімальны тэрмін, які можа прызначыць суд, складае не больш за два гады або да дасягнення падлеткам 18-гадовага ўзросту.
Як лічыць Сапелка, умовы знаходжання ў спецшколах даюць падставы лічыць гэта пакаранне відам пазбаўлення волі.
— Дзеці накіроўваюцца туды, яны павінны знаходзіцца на тэрыторыі гэтай школы. Яны не могуць пакідаць тэрыторыю гэтай школы, яны павінны выконваць патрабаванні па рэжыме дня, павінны выконваць усе законныя ўказанні супрацоўнікаў. За невыкананне яны могуць быць змешчаны ў так званы пакой рэадаптацыі — па сутнасці, гэта штрафны ізалятар, — апісвае ён.
Згодна з заканадаўствам, навучэнцаў спецустаноў, акрамя мер, прадугледжаных ва ўсіх астатніх школах і ПТВ, можна караць яшчэ двума спосабамі: забаронай на выхад з навучальнай установы — напрыклад, падчас экскурсій для класа, і змашчэннем у пакой рэадаптацыі. Апошні апісваецца як памяшканне для ізалявання падлетка ад астатніх вучняў. Максімальны тэрмін такой ізаляцыі складае два дні.
У астатнім навучэнцы спецустаноў маюць права на кантакты са сваякамі ў любой колькасці; пасылкі і лісты таксама не абмяжоўваюцца, але праходзяць праз працэдуру надгляду.
18 мая Аляксандр Лукашэнка падпісаў папраўкі ў закон аб прафілактыцы безнагляднасці і правапарушэнняў непаўналетніх. Паводле іх, зараз з усімі падлеткамі, якія атрымлівалі папярэджанні або выхаваўчыя меры, будзе праводзіцца індывідуальная прафілактычная праца. Тых з іх, хто атрымліваў такія меры і папярэджанне не менш за 4 разы на год і зноў здзейсніў правапарушэнне, могуць змясціць у спецыяльную вучэбна-выхаваўчую або лячэбна-выхаваўчую ўстанову. Гаворка ідзе пра канкрэтныя віды правапарушэнняў: наўмыснае прычыненне цялеснага пашкоджання, дробны крадзеж, дробнае хуліганства, распіццё алкаголю, ужыванне наркотыкаў або псіхатропаў і іншыя.
Выхаваўчыя калоніі
Самае строгае з магчымых пакаранняў для непаўналетняга — пазбаўленне волі. Згодна са статыстыкай Вярхоўнага суда, у мінулым годзе амаль 16% асуджаных прызначылі менавіта гэтае пакаранне. Паводле закона, падлеткі адбываюць яго ў выхаваўчай калоніі. У Беларусі яна ўсяго адна — мужчынская выхаваўчая калонія №2 у Бабруйску. Непаўналетніх дзяўчатак накіроўваюць у гомельскую жаночую калонію №4.
Зняволеныя ў выхаваўчых калоніях, у адрозненне ад
папраўчых, маюць права на большую колькасць спатканняў і перадач — згодна з
КВК, ім належыць восем пасылак замест чатырох на працягу года, а таксама восем
кароткіх і чатыры доўгія спатканні ў год — замест трох спатканняў абодвух тыпаў
у ПК.
Акрамя таго, іх не могуць перавесці ў памяшканні камернага тыпу за парушэнне рэжыму, а замест штрафнога ізалятара ім пагражае толькі дысцыплінарны. Паводле закона, умовы ў ім мякчэйшыя: няма забароны на спатканні і атрыманне лістоў, ёсць права на адзін гадзінны шпацыр на дзень, там выдаюцца пасцельныя рэчы. Максімальны тэрмін змяшчэння ў дысцыплінарны ізалятар складае сем дзён, а не 10, як у выпадку са ШІЗА.
Нягледзячы на пэўную розніцу ў жорсткасці ўмоў утрымання паміж выхаваўчымі і папраўчымі калоніямі, Сапелка адразу адзначае, што значных адрозненняў між імі няма: «Прынцып той жа самы: гэта месца пазбаўлення волі, гэта сцены, калючы дрот, прапускны рэжым, забарона на доступ у няўрочны час, не прызначаны для спатканняў».
У красавіку 2019 году часопіс Mspring.media называў бабруйскую выхаваўчую калонію месцам, «дзе, можна сказаць, катуюць дзяцей». Аўтары матэрыялу расказвалі, што некаторыя са зняволеных супрацоўнічаюць з адміністрацыяй і таму тая заплюшчвае вочы, калі яны збіваюць нялюбых ім падлеткаў драўлянымі палкамі. Акрамя гэтага, сцвярджалася ў тэксце, зняволеных незаконна абмяжоўвалі ў працягласці тэлефонных размоў і дрэнна кармілі.
У рэпартажы Дзяржаўнага агенцтва «Мінск-Навіны», напісаным за паўгода да гэтага, пра скаргі зняволеных на ўмовы гаворкі не ішло: «На пытанне аб тым, чаго ім не хапае, адказваюць, што «ўсё ў парадку». Адзінае, пра што просяць, дык гэта паменшыць тэрмін за наркотыкі».
Дзеці ў выхаваўчых калоніях, як і зняволеныя ў папраўчых калоніях, адзначае Сапелка, таксама прыцягваюцца да працы — розніца толькі ў яе працягласці.
Агенцтва «Мінск-Навіны» ў матэрыяле пра бабруйскую выхаваўчую калонію пісала, што зняволеныя шыюць адзенне (напрыклад, уцепленыя курткі, касцюмы для зваршчыкаў і сігнальныя камізэлькі), вырабляюць мэблю і іншыя драўляныя рэчы, а таксама займаюцца металаапрацоўкай і пякуць хлеб. Выданне Mspring.media у сваім матэрыяле пазначала, што падлеткі ў калоніі выцягваюць металічны корд з аўтамабільных пакрышак і атрымліваюць за гэта мізэрную зарплату — да пяці рублёў на месяц.
Паводле агульнага правіла, асуджаныя непаўналетнія працягваюць адбываць пакаранне ў выхаваўчай калоніі аж да дасягнення 21-гадовага ўзросту, хоць іх могуць перавесці ў папраўчую калонію адразу пасля паўналецця — так здарылася з палітвязнем Мікітам Залатаровым, асуджаным да 4,5 гадоў калоніі за гвалт у дачыненні да супрацоўніка АУС, масавыя беспарадкі і незаконны выраб выбуховых рэчываў.
Тут хаваецца яшчэ адна праблема: пакінутыя ў выхаваўчай калоніі паўналетнія ствараюць узроставую няроўнасць сярод зняволеных, лічыць Сапелка.
— Пра гэта казалі многія асуджаныя дзеці. Выходзіць, што ў адной установе ўтрымліваюцца як дзеці ад 14 гадоў, так і дарослыя да 21 года. І гэта не заўсёды добра для дзяцей — у 14-15 гадоў утрымлівацца разам з ужо дарослымі людзьмі. З іншага боку, для тых, хто дасягнуў гэтага ўзросту, ужо адбываючы пакаранне, вядома, добра — ім даецца такая «льготная» магчымасць не акунуцца ў дарослы злачынны свет, — разважае ён.
Ідэальнага рэцэпту няма
На пытанне аб тым, якой у ідэале павінна была б быць сістэма ювенальнай юстыцыі ў Беларусі, Сапелка адказвае: ідэальнага рэцэпту няма.
— Таму што калі глядзець на тыя краіны, якія вызначылі пэўныя льготныя магчымасці па парадку разгляду спраў для дзяцей, то яны таксама часам не ідэальна выкарыстоўваюць гэтыя інструменты. У прыватнасці, бывае другая крайнасць, калі практычна ні адно з дзеянняў падлетка, нават калі яно здзяйсняецца ўжо не першы і не другі, і нават не 10-ы, а нейкі далёкі раз, не цягне за сабой прымянення да яго мер крымінальнай адказнасці. І часам гэта, можа быць, выхоўвае беспакаранасць у поўным сэнсе слова, — лічыць юрыст.
Так ці інакш, кажа ён, сістэма, якая склалася ў Беларусі, мае патрэбу ў сур’ёзнай рэформе, якая павінна праходзіць з улікам досведу краін, падобных да Беларусі па ўзроўні развіцця і культурных асаблівасцях.
— Усё павінна будавацца, па-першае, вядома, на прынцыпе ўліку найлепшых інтарэсаў дзіцяці. І па-другое, трэба ўлічваць усе псіхалагічныя асаблівасці дзяцей. Гэта таксама адна вялікая праблема, таму што ў дзяцей па-іншаму ўладкаваная разумовая актыўнасць, яны думаюць не так, як дарослыя. Яны не ўмеюць думаць так, як думаюць дарослыя. І калі гэта не ўлічваецца, то мы тады маем такіх запалоханых і азлобленых выпускнікоў папраўчых устаноў, якія, цалкам магчыма, апынуцца там зноў, таму што яны іншага свету, сталеючы, не бачылі, — падсумоўвае юрыст.