Пазняк: Магчыма, пазнаёмлюся з Ціханоўскай, калі паўстане пытанне аб яе арышце
Нацыянальна-вызвольны рух начале са Святланай Ціханоўскай — гэта спроба заблытаць беларусаў. Такое меркаванне ў інтэрв'ю Радыё Р*цыя выказаў лідар Кансерватыўна-Хрысціянскай Партыі БНФ Зянон Пазняк.
— Спадар Зянон, ці знаёмыя вы твар у твар са Святланай Ціханоўскай?
— Не.
— Вось была б нагода пазнаёміцца, бо Офіс Ціханоўскай 8 і 9 жніўня ладзіць у Вільні канферэнцыю новай Беларусі і запрашае ўсіх ахвотных.
— Няма ніякай патрэбы з ёй знаёміцца. Магчыма пасля следства ў вольнай Беларусі, калі паўстане пытанне аб яе арышце, тады пазнаёмлюся.
— Жорстка. Святлана Ціханоўская асабіста запрасіла прадстаўнікоў розных, вельмі розных сілаў і меркаванняў. Такую інфармацыю я маю з інтэрнэту, а ці дайшло запрашэнне да Вас?
— Не. Усё, што ў іх намечана на так званай канферэнцыі, не мела ніякага значэння, не мае і не будзе мець. Гэта ўсё пустата і прафанацыя. Таму няма пра што гаварыць. Тут цікавы другі момант, што на працягу двух год гэтыя прарасейскія групоўкі, я маю на ўвазе і Латушку, і Ціханоўскую, і Цапкалу, займаліся імітацыяй палітыкі. І раптам у адзін дзень, адначасна, усіх іх заняло адно пытанне — ствараць нацыянальна-вызвольны рух, прытым самы яны не з’яўляюцца ні патрыётамі, ні нацыяналістамі, і раптам у іх з’явілася такая думка. Вось гэта выклікае такое падазрэнне, што гэта выкананне пэўнай адмашкі, таму што ў расейскай палітыцы і расейскай агентуры гэтыя прыёмы вядомыя здаўна, яшчэ царская жандармерыя гэтым займалася, было такое «Белорусское общество», якое змагалася з «Нашай Н*вай» і гэтак далей. Калі ствараецца падстава — назва быццам бы беларуская, а насамрэч займаюць гэтую нішу ворагі беларушчыны, займае агентура, альбо проста прафанатары. Дык вось гэта мы назіраем на працягу ўсяго перыяду лукашызма — прафанатарства першых так званых апазіцый, хто іх стварыў — гэта і Ганчарык, гэта і Мілінкевіч, і Казулін. І цяпер яны пішуць адзін пра аднаго, і выяўляецца, што ўсе яны ездзілі ў Маскву і ўсе яны працавалі на агентуру. Ну, гэта мы і тады ведалі ўсё, а цяпер яно раскрываецца.
Дык вось, мы маем зараз такое самае пытанне: ў Маскве адчулі, што ў паветры вісіць сур’ёзная праблема і ствараюцца беларускія вайсковыя аддзелы ва Украіне, полк Каліноўскага папаўняецца кожны месяц трыццацю асобамі, ствараюцца другія арганізацыі, і Масква баіцца, што зараз уся гэтая прафанацыя лопне і з’явіцца сур’ёзны нацыянальна-вызвольны рух, які будзе мець свае ўзброеныя сілы, свая ідэалогія ёсць ужо, праграма ёсць і людзі ёсць. І вось тут гэтая публіка амаль у адзін дзень заявіла, што яны ствараюць нацыянальна-вызвольны рух — гэта спроба заняць нішу і заблытаць людскія розумы, заблытаць беларусаў. Вось, што гэта ёсць.
Нацыянальна-вызвольны рух ствараюць нацыяналісты, ствараюць патрыёты, людзі, у якіх Беларусь — і ў розуме, і ў сэрцы, якія маюць нацыянальную сведамасць, якія добра ведаюць, што самым заклятым ворагам Беларусі з’яўляецца Расея. Вось у гэтых людзей нічога гэтага няма. Яны пастаянна сведчылі, што Пуцін мудры, што без Расеі нічога не будзе. І, канешне, акупацыя Беларусі і напад на Украіну, паблытаў іхнюю палітыку, таму што Пуцін з імі не раіўся, ён праводзіў сваю палітыку.