«Расія — гэта вайна». Як Пазняк у 1994-м аказаўся самотным прарокам у пустыні

Артыкул выйшаў у «Народнай газеце» ў студзені 1994-га. Газета была друкаваным органам Вярхоўнага Савета — Пазняк як дэпутат мог там публікавацца. Радыкальны безапеляцыйны тон артыкула стаў шокам для беларусаў, якія толькі вырваліся з СССР. Шмат хто палічыў тэкст праграмным — на носе былі прэзідэнцкія выбары.

Зянон Пазняк

Зянон Пазняк

Крым, Гітлер, аншлюсы, правы рускамоўных

Рэчы, пра якія пісаў у тым артыкуле Пазняк, сёння ўжо нікога не шакуюць. Зараз тую ж рыторыку можна пачуць ад Арастовіча, Піянткоўскага, Іларыёнава ці Фейгіна. Тэзісы сталі мэйнстрымам, але ў 1994-м гэта падавалася фантастыкай. Галоўны сэнс артыкула можна сфармуляваць лаканічна: «Расія — гэта вайна». Гэтую фразу Зянон пазней агучыць у мегафон на адным з мітынгаў.
Пазняк засцерагае, што з прыходам Ельцына і дэмакратаў расійскія імперскія апетыты не сталі меншымі. Аналізуе заявы Козырава, Чарнамырдзіна, Гайдара, Жырыноўскага ды іншых «тузоў» з крамлёўскай абоймы. Піша пра кейс Прыднястроўя і канфліктаў на Каўказе. Ёсць там і пра Севастопаль, і пра Чарнаморскі флот, і пра Крым.
«Новае расійскае кіраўніцтва выкарыстоўвае старую імперскую палітыку — раздзяляць народы і групы насельніцтва, сутыкаць іх паміж сабой, знішчаць адных, выязджаючы на спінах іншых (як у Абхазіі), захопліваць тэрыторыі, кіраўніцтва, маёмасць і ўладарыць праз залежных і падстаўных», — піша аўтар.

Вайна ў Прыднястроўі стала адным з першых выклікаў на постсавецкай прасторы

Вайна ў Прыднястроўі стала адным з першых выклікаў на постсавецкай прасторы


А вось цікавая заўвага, якая тычыцца «правоў рускамоўных» — той самай фішкі, якую Расія выкарыстоўвае ва Украіне, пачынаючы з 2014 года. Тэкст чытаецца, як быццам напісаны сёлета ці пару год таму:
«Ідэалогія гэтай традыцыйнай палітыкі нескладаная, запазычаная ў Гітлера: абараняць у прыпамежных дзяржавах стратэгічныя інтарэсы Расіі і правы рускіх (узгадайце "правы немцаў", гітлераўскія "аншлюсы" і т. п. з’явы, асуджаныя сусветнай грамадскасцю). Больш за тое, яны збіраюцца "бараніць" правы нават не рускіх, але "рускамоўных", то-бок — савецкай папуляцыі ў іншых краінах».
Паводле Пазняка, у Расіі дамінуе імперскае мысленне, несумяшчальнае з дэмакратычным ці нават нацыянальным. Нацыянальныя праекты — цюркскі, татарскі ды іншыя — у Расіі падаўляюцца. А калі імперскасць з’яўляецца мэйстрымам, няма розніцы, кім сябе лічаць палітыкі — камуністамі ці дэмакратамі. Кожны з іх будзе спрабаваць дагадзіць электарату.

Фобіі дырэктарата: куды падзець трактары і белазы?

Апаненты Пазняка, найперш камуністы і Лукашэнка, выкарысталі артыкул у якасці страшылкі для электарату. Беларусь ментальна працягвала вылазіць з савецкай рэальнасці, таму тэзісы пра «варожую» Расію наўпрост не мелі шанцаў. Рыторыка Пазняка магла б пракаціць у Эстоніі ці Літве. Але ў Беларусі ён адштурхнуў ад сябе вялікую масу «кампраміснага» электарату. Тых, хто хацеў зменаў, але да пэўных рэчаў быў не гатовы.

Мінск у 1990-х

Мінск у 1990-х


Чаму так? Не будзем кранаць вайсковых пенсіянераў ці этнічных расійцаў, якіх у Беларусі і цяпер багата. Возьмем буйны дырэктарат: тых, хто кіраваў «калійкай» ды «нафтанкай». Усе гэтыя прадпрыемствы былі ад пачатку завязаныя на Расію, бо будаваліся па генплане, распрацаваным у Маскве. Беларусі самой па сабе ўсё гэта не было патрэбна ў такім маштабе.
Пасля пабудовы прадпрыемстваў завязваліся прамысловыя сувязі. Пастаўкі камплектуючых з рэгіёнаў Расіі. Адтуль ішлі замовы, якія афармляліся ў Маскве: сюды 20 белазаў, туды 1000 трактароў. Адсюль ідуць рухавікі, адтуль трансмісіі. Урэшце — сама нафта ішла з Усходу. Гэта была выбудаваная сістэма, якая не магла змяніцца за дзень.
Скажам, у Слаўгарадзе працаваў сушыльны камбінат. Там сушылі цыбулю і бульбу. Камбінат забяспечваў ледзве не ўсю пенітэцыярную (турэмна-лагерную) сістэму Расіі. Калі ўмоўны дырэктар таго камбіната браў «Народную газету» і чытаў Пазняка, то браўся за галаву. Гэта быў моцны ўдар для людзей, якія не ведалі, як перабудоўваць прамысловыя і гандлёвыя ланцужкі.

Мінск у 1990-х

Мінск у 1990-х


Русіфікаваны дырэктарат адчуў пагрозу. Страх, нібы па лесвічцы, перадаваўся ўніз: на замаў, іхных замаў, кіраўнікоў цэхаў і так да апошняга рабочага. Усе яны былі перапужаныя. Магчыма, нехта з беларусацэнтрычных тэхнакратаў быў бы для іх больш пераканаўчы, але — дакладна не фатограф, мастацтвазнаўзца і археолаг Зянон Пазняк.

Падтрымка Шушкевіча ці змова з аграрыямі — страчаныя шанцы

Ці можна было ў тым далёкім 1994-м сказаць усё тое самае, але іншымі словамі? Дырэктары хацелі «рабіць бабкі», але — жыць у сваёй краіне. Каб піраміда начальнікаў стала меншай. Каб у слаўгарадскага дырэктара сушыльнага камбіната было два начальнікі: у Магілёве і ў Мінску, а не ў Маскве ці яшчэ недзе там. Усе хацелі гандляваць, прыватызоўваць, круціцца, але — у незалежнай дзяржаве. Атрымаўшы ў рукі прадпрыемствы і стаўшы мільянерамі, дырэктары былі б удзячныя за тое любому палітыку да магілы.
Калі груба, то для палітыка найлепш на той час было б быць зашыфраваным проксі-нацыяналістам. Беларусацэнтрычным тэхнаром, які разумее працэсы кіравання, гандлю, мае досвед. Падобнай фігурай пазней стаў Карпенка — беларусацэнтрычны да мозгу касцей, але тэхнар і кіраўнік. Ці яшчэ пазней Мілінкевіч — чыноўнік, але з выразнай нацыянальнай пазіцыяй. Іх час так і не надышоў, бо пазней у Беларусі наўпрост не было палітыкі.
Персанальна для Пазняка быў яшчэ адзін варыянт — аб’яднацца з Шушкевічам. Калі б лідар БНФ заклікаў галасаваць за Шушкевіча, той мог бы набраць большы адсотак за Кебіча і — выйшаў бы з Лукашэнкам у другі тур. Тады, нават прайграўшы, Шушкевіч атрымаў бы адсоткаў 40–45, а не той мізер, што Кебіч. Такім чынам — застаўся б у палітыцы. Але для Пазняка Шушкевіч быў... такім самым ворагам: адным з творцаў СНД, прыяцелем Ельцына. 

Перадвыбарчая ўлётка Пазняка

Перадвыбарчая ўлётка Пазняка

Яшчэ адзін варыянт для БНФ — змова з аграрыямі. Вяскоўцы вучыліся ў беларускамоўных школах, былі бліжэй да зямлі. Іх працэс вытворчасці — ад зямлі да ўгнаенняў — быў збольшага завязаны на самой краіне, без татальнай залежнасці ад Расіі.
Але трэба было ехаць і тлумачыць людзям: пра прыватную ўласнасць на зямлю, пра крэдыты на фермерскую сістэму, пра лобінг дзяржавы па збыце. Старшыням саўгасаў варта было абяцаць падтрымку і карт-бланш на фінансавую дзейнасць. Можа — і чарку кульнуць разам. Але ў кожным разе — шукаць кампрамісы. Прынамсі, не казаць, што калгасы, у якіх людзі прапрацавалі ўсё жыццё, гэта савецкасць і ледзьве не сатанізм.

Эпілог. Самотны прарок у пустыні

Дык што ж загубіла Пазняка як палітыка? Калі каротка — адмаўленне рэальнасці. Рэальнасцю было постсавецкае беларускае грамадства, з якім варта было працаваць, а не змагацца.
Маючы рацыю на 100% наконт Расіі і небяспекаў з яе боку, Пазняк не змог усё гэта патлумачыць людзям на зразумелай мове. Або — пайсці шляхам проксі-нацыяналіста, да часу прыхоўваючы найбольш радыкальныя са сваіх тэзаў. 

Постсавецкае беларускае грамадства

Постсавецкае беларускае грамадства


Як бачым, «стэрыльны нацыяналізм» у фармаце мова — культура — гісторыя не спрацаваў нават ва Украіне. Нацыя згуртавалася, але толькі на фоне страшнай агрэсіі з боку Расіі, якая стала каталізатарам. У іншых умовах гэта наўрад ці было б магчыма. Урэшце, сапраўдным лідарам аказаўся Зяленскі, які абапіраўся ад пачатку акурат на расійскамоўны сегмент электарату. Да чаго ўся гэтая дыскусія і артыкул 28-гадовай даўніны, выцягнуты з шуфляды?
Гэта гісторыя пра тое, як самыя правільныя ідэі часам церпяць фіяска праз бескампраміснасць тых, хто іх агучвае. Праз адсутнасць у аўтара разумення часу і — галоўнае — разумення надзённых патрэбаў людзей. Так Пазняк аказаўся самотным прарокам у пустыні, які казаў ісціну, але не зрабіў цудаў. Такім, напэўна, ён і ўвойдзе ў гісторыю.
Алесь Кіркевіч, budzma.org
фота з адкрытых інтэрнэт-крыніц