McDonald's заявіла аб канчатковым сыходзе з Расіі з-за вайны з Украінай

Пасля 30 гадоў працы ў Расіі найбуйнейшая ў свеце сетка рэстаранаў хуткага абслугоўвання McDonald's аб'явіла, што прыняла канчатковае рашэнне аб сыходзе з краіны. Бізнес кампаніі ў Расіі будзе прададзены.
GETTY IMAGES

GETTY IMAGES

Кампанія McDonald's адкрыла свой першы рэстаран хуткага абслугоўвання ў Маскве 31 студзеня 1990 года, калі Савецкі Саюз пачаў пускаць заходнія брэнды ў сваю эканоміку. Адкрыццё таго рэстарана на Цвярской стала свайго роду сімвалічнай падзеяй, і яго закрыццё — як і сыход кампаніі з Расіі — таксама сімвал надыйшоўшых часоў.

"Гуманітарны крызіс, выкліканы вайной ва Украіне, і нарастальная непрадказальнасць умоў працы прывялі McDonald's да высновы, што далейшае валоданне бізнесам у Расіі больш немэтазгодна і не адпавядае каштоўнасцям McDonald's", — гаворыцца ў прэс-рэлізе кампаніі.

Рашэнне часова закрыць усе свае 850 рэстаранаў у Расіі і прыпыніць аперацыі на расійскім рынку сеткі хуткага харчавання McDonald's прыняла яшчэ ў пачатку сакавіка.

"Канфлікт ва Украіне і гуманітарны крызіс у Еўропе нанеслі невыносныя пакуты ні ў чым не вінаватым людзям. Мы далучаемся да ўсяго свету ў асуджэнні агрэсіі і гвалту і молімся за мір", — заявіў тады кіраўнік кампаніі Крыса Кемпчынскі.

Цяпер кампанія запусціла працэс продажу свайго расійскага бізнесу. Мяркуецца, што McDonald's прадасць увесь партфель рэстаранаў лакальнаму пакупніку, гаворыцца ў паведамленні кампаніі.

У расійскіх прадстаўніцтвах кампаніі агулам працуе 62 тысячы чалавек, на прадпрыемствах пастаўшчыкоў — яшчэ каля 100 тысяч. У McDonald's у Расіі сотні мясцовых пастаўшчыкоў і партнёраў.

Прададзеныя расійскаму пакупніку рэстараны больш не змогуць выкарыстоўваць брэнд і меню McDonald's.

"Рукавіцы" замест бургераў?

Карпарацыя McDonald's вядзе перамовы з некалькімі расійскімі кампаніямі, паведамляе ТАСС са спасылкай на сваю крыніцу ў McDonald's.

"Ёсць пул расійскіх кандыдатаў, з усімі вядуцца перамовы. Такой была адна з просьбаў расійскіх уладаў — каб новым уласнікам быў расійскі прадпрымальнік", — сказаў суразмоўца агенцтва.

"Першыя рэстараны пад новым брэндам адкрыюцца ў чэрвені", — сцвярджае ён. Плануецца захаваць працоўныя месцы, большасць пастаўшчыкоў, сетку рэстаранаў і меню.

Якія назвы атрымаюць звыклыя стравы ў расійскага ўладальніка бізнесу і ці дабавяцца да іх новыя — пакуль невядома.

У сакавіку прэзідэнт Нацыянальнай асацыяцыі кулінараў Расіі Ганна Жукава заявіла, што члены асацыяцыі гатовы распрацаваць меню з тэхналагічнымі картамі на аснове традыцыйных рускіх рэцэптаў для выкарыстання ў працы сеткавых устаноў грамадскага харчавання, якія змаглі б замяніць рэстараны McDonald's.

"Гасцям рускай сеткі рэстаранаў хуткага харчавання замест заходняга шкоднага і надакучыўшага многім фастфуду мы б маглі прапанаваць любімую традыцыйную выпечку і бліны (...). Напрыклад, бургеры можна замяніць на "рукавіцу" — разрэзаную ўздоўж булачку, усярэдзіне якой кладуцца розныя начынні, а замест "Кока-колы" — гатаваць натуральныя ліманады на траве", — казала тады Жукава.

Паводле ВВС

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Больш цікавага на «Новым Часе»: