Пётр Кузняцоў: Разумная і тэхналагічная вайна — гэта не пра Расію

Інфармацыйная эпоха робіць глупства адкрытым і паказальным, ніхто і ніколі не павінен кіраваць вечна, пераседжваючы свой час, — разважае ў сваім тэлеграм-канале Пётр Кузняцоў.

cihi_supraciu._fota_dzmitryja_dzmitryeva__novy_czas3_logo.jpg

Напярэдадні вайны заходнія спецслужбы ў адзін голас паўтаралі пра ўварванне. Людзі менш інфармаваныя — аналітыкі, назіральнікі і каментатары — амаль усе ў такую перспектыву не верылі. Усе спрабавалі знайсці хаця б нейкую логіку: навошта і што мяркуецца ў выніку? Логікі не знаходзілася.

Цяпер ужо відаць, што ўсё адбываецца роўна так, як і меркавалася: перамагчы Украіну не атрымаецца. А нават калі дапусціць, што атрымаецца, то ўжо пасля такога супраціву, які быў прадэманстраваны, існуе практычна 100-працэнтная гарантыя, што яе не атрымаецца ўтрымаць пад кантролем — на гэта спатрэбяцца такія рэсурсы, якіх у Расіі проста няма, а ва ўмовах санкцый і ўзяцца будзе няма адкуль.

Дзіўнае сведчанне эпохі: усім відавочная некампетэнтнасць аўтарытарных уладароў. У ранейшыя часы, яшчэ да Інтэрнэту, хтосьці ва ўладзе мог прымаць якія заўгодна рашэнні — і зусім не відавочна было, што ёсць людзі, якія разумеюць сутнасць рэчаў лепш і адэкватней. Інфармацыйная эпоха робіць глупства адкрытым і паказальным. У той жа Расіі сотні публічных людзей дэманстравалі значна больш адэкватнае ўяўленне пра перспектывы падобных авантур, але... уладай валодаюць не яны — і іх улада не чуе.

Цяпер, так бы мовіць, “заднім розумам” можна сказаць, што прыкладна зразумела, на што яны разлічвалі. Гэта быў план прыкладна такі ж, як у 1939 годзе з Фінляндыяй: уварвацца, вельмі хутка разграміць, паставіць свой марыянетачны рэжым, праз які ажыццяўляць рэальнае кіраванне. Паставіць усіх перад фактам.

Праблема ў тым, што гісторыя нічому не вучыць. Не атрымалася ў Фінляндыі, не атрымалася і ва Украіне. Таму што для таго, каб такія планы спрацоўвалі, трэба ўмець ваяваць хутка. Ваяваць хутка — гэта значыць, разумна і тэхналагічна. Але разумная і тэхналагічная вайна — гэта не пра Расію гісторыя. Вайна па-руску — гэта заўсёды доўга, заўсёды — з вялізнымі ахвярамі і непрапарцыйнымі стратамі, заўсёды — з неймавернай колькасцю памылак камандавання. Гэта значыць, па факце, менавіта тая «вайна на знясіленне», да якой бакі пераходзяць цяпер. Але ваяваць на знясіленне, калі лендлізам падтрымліваюць цябе, і ваяваць на знясіленне, калі твайго суперніка, — гэта крыху розныя рэчы.

Сёння, падобна, сітуацыя дзён перад вайной трохі паўтараецца. Я, напрыклад, не магу ўявіць, якіх профітаў чакае расійскае кіраўніцтва ад наступу на Данбасе. Гэта значыць, ужо зразумела, што, хутчэй за ўсё, чаканага поспеху ён не прынясе. Але давайце зноў зыходзіць з горшага з магчымага. Давайце ўявім, што вайна ў стылістыцы ХІХ–ХХ стагоддзя, з наступленнем танкавымі калонамі па франтах, прынесла поспех — узятыя гарады і нават сталіца. Яны там сур'ёзна разлічваюць, што гэта будзе канец гісторыі і «праблемы Украіны»? Што ўкраінцы змірацца, зноў стануць часткай імперыі і пойдуць ваяваць ужо «Za Расію» з якой-небудзь Польшчай?

А, ведаеце, што? Відаць, хутчэй за ўсё, так. Хутчэй за ўсё, людзі, якія для ўварвання ў XXI стагоддзі карыстаюцца матрыцай стогадовай даўніны (і нават тады не спрацавала), і ў гэтым выпадку думаюць катэгорыямі прыкладна таго ж часу. Што можна спачатку заваяваць. Потым — знішчыць нязгодных. Потым — «поп і школа», Галадамор… І ўсё атрымалася. Калі там такое бачанне, я не здзіўлюся. Здзівіўся б, калі б было іншае.

Праблема, аднак, у тым, што ў сённяшнім свеце гэта немагчыма. Усе ўжо ўбачылі сапраўдны твар гэтай вайны, і ніхто гэтага ўжо ніколі не забудзе. А, значыць, сцэнар першапачаткова пройгрышны. Толькі людзі, тыя, што засталіся па-за часам, гэтага зразумець не могуць. Проста не здольныя.

Расія, а разам з ёй і Беларусь — у гістарычным тупіку. І гэта тупік нават не выбару палітычнай ці эканамічнай мадэлі. Гэта тупік праўлення людзей, якія ментальна засталіся ў савецкіх часах, не адчулі і не зразумелі новай эпохі, не адаптаваліся да яе і не здольных прымаць адэкватныя эпосе рашэнні.

Сіла цяперашняй Украіны якраз у тым, што там кіруюць цяпер зусім іншыя людзі. Раней ці пазней, натуральным шляхам або паскораным, той цаной або гэтай, але так будзе і ў нас. Крытычна важна запомніць гістарычны ўрок: ніхто і ніколі не павінен кіраваць вечна, пераседжваючы свой час. Час у кожнага свой.