Беларускі Патоп і «беларускі гетман»

Першага красавіка 1656 года кароль Ян ІІ Казімір Ваза ў Львове, магчыма, апошнім вялікім горадзе, які яшчэ заставаўся пад яго ўладай, прынёс абеты Дзеве Марыі, паабяцаўшы, што аддасць дзяржаву ў рукі Божай маці, калі яна зміласцівіцца з краіны і выратуе яе з бяды. Што ж адбылося такога, што сам кароль быў вымушаны маліць сілы нябёсныя аб дапамозе?

szarza_husarii.jpg

Адбылася катастрофа. На Рэч Паспалітую з двух бакоў напалі магутныя дзяржавы: Швецыя і Маскоўскае царства. Чаму катастрофа? Таму што гэта не было акупацыяй часткі краіны, пад уладай захопнікаў аказалася ўся ейная тэрыторыя. Фактычна, Рэч Паспалітая перастала існаваць, знікла з карты Еўропы. Увесь цяжар вайны з Масквой лёг на плечы беларускага народа. 

Расказваем аб самай крывавай вайне ў гісторыі нашай краіны.

Ян ІІ Казімір Ваза, кароль польскі і вялікі князь літоўскі. Крыніца: wikipedia.org

Ян ІІ Казімір Ваза, кароль польскі і вялікі князь літоўскі. Крыніца: wikipedia.org

Навала з усходу

Маскоўскае царства ў XVII стагоддзі праводзіла вельмі агрэсіўную знешнюю палітыку. асабліва гэта датычылася Рэчы Паспалітай, у якой маскоўскія валадары бачылі свайго галоўнага ворага ва ўсходняй Еўропе. Масква імкнулася да пастаяннай палітычнай і ваеннай экспансіі, бясконцага пашырэння сваіх тэрыторый. Таму рашэнні Пераяслаўскай рады 1654 года аб пераходзе ў маскоўскае падданства Войска Запарожскага прывялі да абвастрэння і без таго вельмі напружаных адносін паміж двума суседнімі дзяржавамі. Дзеля сваіх палітычных мэтаў і падману прастадушных цар Аляксей Міхайлавіч абвясціў сябе абаронцам праваслаўнага насельніцтва, якое нібыта прыціскаецца ў Рэчы Паспалітай. Праваслаўным шляхце і мяшчанству ён абяцаў прадаставіць у будучыні ільготы і прывілеі. Усё гэта стварыла спачатку пэўныя прамаскоўскія настроі на беларускіх землях.

Наступленне маскоўскіх войскаў на Беларусь пачалося ў маі 1654 года. Добра падрыхтаваная да вайны армія Аляксея Міхайлавіча налічвала ад 80 да 100 тысячаў чалавек. Ёй супрацьстаялі сілы Рэчы Паспалітай колькасцю 10-15 тысяч ваяроў. Гэта быў максімум, што маглі на той момант выставіць Польшча і Вялікае княства. Відавочна, што такой колькасці войскаў не магло хапіць, каб стрымаць маскоўскую армію.

Прасоўванне сіл захопнікаў пачалося адразу ў трох напрамках. Паўночна-заходняя групоўка на чале з Шарамецьевым пачала дзейнічаць у Полацкім і Віцебскім ваяводствах. Цэнтральная групоўка, узначаленая ваяводамі Чаркаскім, Адоеўскім і Цемкіным-Растоўскім, нацэльвалася на Смаленск. Трэці ўдар наносіўся сіламі пад камандаваннем Трубяцкога з боку Бранска. Яго мэтай былі Мсціслаўскае і Мінскае ваяводствы. Імкнучыся яшчэ больш умацаваць свае пазіцыі, цар загадаў накіраваць на беларускія землі 20 тысяч запарожскіх казакоў на чале з палкоўнікам Іванам Залатарэнкам.

Спачатку наступленне развівалася даволі паспяхова. Ужо ў хуткім часе былі заняты Полацк, Дуброўна, Чавусы, Крычаў, Дзісна, Мсціслаў, Друя, Орша, Шклоў, пасля доўгай аблогі здаўся Смаленск. З-за здрады Канстанціна Паклонскага маскавітам удалося захапіць адзін з буйнейшых гарадоў усходняй Беларусі — Магілёў. Хуткаму прасоўванню захопнікаў спрыяла падтрымка часткі мясцовага насельніцтва, які спадзяваўся на царскія літасці. Прысягу маскоўскаму цару прыносілі не толькі сяляне і жыхары гарадоў, але таксама частка шляхты, у тым ліку каталіцкага веравызнання.

Але, не гледзячы на ўсе цяжкасці, войска Рэчы Паспалітай аказвала ўпартае супраціўленне. Маскоўскія войскі так і не змаглі захапіць Стары Быхаў і Слуцак. 40 дзён працягвалася аблога Гомеля. Жыхары горада яшчэ добра памяталі, як напярэдадні Вялікадня 1649 года казакі палкоўніка Нябабы ўзялі Гомель і выразалі ў ім амаль усіх каталікоў і габрэяў. Апошніх было знішчана мінімум 1500 чалавек.

Абаронцы гарадоў, якія праяўлялі ўпартасць у абароне сваіх дамоў, бязлітасна нішчыліся акупантамі. Так, пасля ўзяцця Мсціслаўля 15 ліпеня 1654-га было знішчана больш за 10 тысяч чалавек. Разрабаванню падвергліся Друя, Рэчыца, Жлобін, Рагачоў і інш. Больш за тое, гвалту і рабаванням падвяргалася насельніцтва нават тых раёнаў, дзе першапачаткова назіралася добразычлівае стаўленне да маскоўскага войска. Жыхары Беларусі, асабліва высокакваліфікаваныя рамеснікі, выводзіліся ўглыб расійскай тэрыторыі, падвяргаліся рэквізіцыям, пазбаўляліся прытулку. Добра вядомы загад маскоўскага цара: «Вверх по Неману реке по обе стороны и те горада воевать, села и деревни и хлеб и сена и всякие конские кормы жечь, а людей побивать и в полон имать и со всем без остатку разорять».

Аляксей Міхайлавіч Раманаў, цар Маскоўскай дзяржавы. Крыніца: wikipedia.org

Аляксей Міхайлавіч Раманаў, цар Маскоўскай дзяржавы. Крыніца: wikipedia.org

У канцы 1654 — пачатку 1655 года войскі Вялікага княства Літоўскага на чале з Янушам Радзівілам і Вінцэнтам Гансеўскім перайшлі ў контрнаступ на акупаваныя тэрыторыі. Яго галоўнай задачай было вяртанне гарадоў у Верхнім Падняпроўі. Адначасова планавалася прасоўванне ў Падзвінні — у раён Віцебска і Полацка. Задача аблягчалася адыходам большай часткі расійскіх войскаў на зімовыя кватэры. Мясцовыя жыхары, расчараваныя ва ўсталяваных царскай адміністрацыяй парадках, добраахвотна ўліваліся ў шляхецкія атрады і ваявалі супраць маскоўскіх сіл. У ходзе контрнаступлення былі вызвалены Барысаў, Бабруйск, Копысь, Дуброўна і Орша, знята аблога Старога Быхава. Аднак галоўнай мэты контрнаступлення — вызвалення Магілёва і Новага Быхава — дасягнуць не ўдалося.

Безвыніковая аблога Новага Быхава, дзе знаходзіўся 6-тысячны маскоўскі гарнізон, войскам Радзівіла і Гансеўскага, доўжылася амаль месяц. Пасля гэтага армія, пакінуўшы пад ім частку сіл, рушыла на Магілёў, да якога падышло 2 лютага 1655 года. Аблога Магілёва пачалася няўдала. Сітуацыю не змяніў нават пераход на бок Вялікага княства Літоўскага Канстанціна Паклонскага, які разам з магіляўчанамі адчыніў вароты горада для вызваленчай арміі Радзівіла. Але маскавіты змаглі замацавацца ў Верхнім замку, узяць які тымі сіламі, што меліся ў літоўскага гетмана, было амаль немагчыма. Усе гэтыя акалічнасці прымусілі Радзівіла адступіць. Не прынесла жаданых вынікаў і контрнаступленне войскаў Вялікага княства ў Падзвінні.

Януш Радзівіл, ваявода віленскі і вялікі гетман літоўскі. Крыніца: wikipedia.org

Януш Радзівіл, ваявода віленскі і вялікі гетман літоўскі. Крыніца: wikipedia.org

Летам 1655 года маскоўскія войскі і казакі Залатарэнкі аднавілі наступленне. Была занята цэнтральная і значная частка заходняй Беларусі. 31 ліпеня пала сталіца Вялікага княства Літоўскага — Вільня. Горад быў разрабаваны. Загінула сама меней 25 тысяч мірных гараджан. Пасля гэтага ў жніўні — верасні быў распачаты паход маскоўскага войска пад камандаваннем Аляксандра Трубяцкога ў заходнія рэгіёны Беларусі. Адной з асноўных задач паходу было спусташэнне мясцовасці, асабліва ў тых раёнах краіны, якія працягвалі аказваць упартае супраціўленне войскам Аляксея Міхайлавіча. Такая ж тактыка, толькі ў меншых памерах, прымянялася маскавітамі і на поўдні Беларусі.

Швецыя ўступае ў вайну. Віленскае перамір’е

У ліпені 1655 года войскі шведскага караля Карла Х Густава напалі на Польшчу, імкнучыся адрынуць у яе балтыйскае ўзбярэжжа.

Карл Х Густаў, кароль Швецыі. Крыніца: wikipedia.org

Карл Х Густаў, кароль Швецыі. Крыніца: wikipedia.org

Неўзабаве шведы занялі амаль усе землі Польшчы і Жамойціі. Польскія вайсковыя злучэнні былі адцягнуты ад вайны з Масквой. У гэтай сітуацыі частка кіруючай вярхушкі Вялікага княства на чале з Янушам Радзівілам і яго стрыечным братам Багуславам пайшла на пагадненне са Швецыяй. 20 кастрычніка 1655 года была заключана Кейданская ўнія, якая прызнавала шведскага караля Вялікім князем літоўскім. Ён быў абавязаны гарантаваць шляхецкія свабоды і прывілеі, а таксама апякаваць каталіцкую царкву. Мясцовае насельніцтва абавязвалася пастаўляць правіянт і фураж для шведскага войска, якое заняло землі Вялікага княства, у тым ліку і шэраг беларускіх тэрыторый.

У студзені 1656 года саюз са Швецыяй заключыў брандэнбургскі курфюрст і прускі герцаг Фрыдрых Вільгельм. Жорсткія дзеянні шведскіх войскаў у ходзе правядзення рэквізіцый выклікалі рэзкі адпор з боку шляхты і сялянства, якія пераходзілі ў шэрагу выпадкаў да метадаў партызанскай барацьбы. На працягу 1656 года змагло дабіцца значных поспехаў і польскае войска. Пасля гэтага Карл Х Густаў прапанаваў падзел Рэчы Паспалітай, уключаючы землі Вялікага княства Літоўскага, паміж Швецыяй, Брандэнбургам, Трансільваніяй і казакамі.

Баючыся празмернага ўзмацнення Швецыі, маскоўскі цар прапанаваў Рэчы Паспалітай заключыць перамір’е. 24 кастрычніка 1656 года яно было падпісана ў Вільні. Па яму, ваюючыя бакі прыпынялі вайну і аб'ядноўваліся для барацьбы са шведамі.

«Шышы», партызанка і «беларускі гетман»

Віленскае перамір’е спыніла актыўныя баявыя дзеянні, але не спыніла партызанскі рух. Дзеянні маскоўскіх войскаў у дачыненні да мірных жыхароў выклікалі масавае абурэнне сярод насельніцтва, якое пачало аказваць супраціўленне акупантам. Ужо ў 1654 годзе назіраліся выпадкі «здрады» ашуканых у сваіх чаканнях сялян, якія раней прысягнулі цару. Яны стваралі ўзброеныя атрады для аказання супрацьдзеяння маскоўскай адміністрацыі. Іх удзельнікаў пачалі называць «шышамі». Царскія камандзіры загадалі весці з імі самую рашучую барацьбу, што вылілася ў рабаванне і знішчэнне вёсак, жыхары якіх падазраваліся ў падтрымцы партызан.

Амаль уся тэрыторыя Беларусі была ахоплена паўстаннямі «шышоў». Колькасць атрадаў толькі павялічвалася. Антымаскоўскія настроі ахапілі не толькі беларускае насельніцтва, але і частку казакоў. На іх чале стаў Іван Нячай, мсціслаўскі шляхціч, зяць Багдана Хмяльніцкага. Ён абвясціў сябе «беларускім гетманам». Казакі Нячая і сяляне, якія масава ўліваліся ў іх шэрагі, разбуралі маёнткі шляхты, якая прысягнула маскоўскаму цару, нішчылі атрады акупантаў. Так, вядома, што ў Крычаве гараджане самі выбілі маскоўскі гарнізон і перайшлі на бок казакоў. Тое ж самае адбылося і ў родным для гетмана Мсціслаўлі. Паступова казацка-сялянская армія пачала выціскаць войскі захопнікаў з тэрыторыі ўсходу Вялікага княства.

Іван Нячай, гетман беларускі. Крыніца: discover.in.ua

Іван Нячай, гетман беларускі. Крыніца: discover.in.ua

Нажаль, паўстанцы не каардыянавалі свае дзеянні з войскам ВКЛ, дзейнічалі самі па сабе. Таму да сярэдзіны 1659 года паўстанне было амаль задушана. Апошнім трымаўся Стары Быхаў, але да канца года паў і ён.

Пасля смерці шведскага караля Карла Х Густава паміж Швецыяй і Рэччу Паспалітай 3 траўня 1660 года быў заключаны Аліўскі мір, па якім мяжа паміж Вялікім княствам Літоўскім і Швецыяй вызначалася па Заходняй Дзвіне. Пасля гэтага Рэч Паспалітая кінула ўсе сілы на вызваленне Беларусі. Маскоўскія войскі пацярпелі шэраг параз. У вялікай кампаніі 1660 года войскі Рэчы Паспалітай поўнасцю знішчылі две вялізныя рускія арміі, 18 чэрвеня пад Ляхавічамі і 28 чэрвеня каля мястэчка Палонка на Наваградчыне. Адначасова ў беларускіх гарадах адбыліся паўстанні супраць маскоўскіх гарнізонаў. Найбуйнейшым з іх з'явілася паўстанне 1661 года ў Магілёве, дзе акупацыйныя войскі былі цалкам знішчаныя. 2 снежня 1661 года была вызвалена сталіца Вялікага княства Літоўскага Вільня. Аднак працягваць вайну ніводны з бакоў быў больш не ў стане. Заключны этап вайны характарызаваўся вычарпаннем у бакоў матэрыяльных і людскіх рэсурсаў. У войск Рэчы Паспалітай ужо проста не было сіл ваяваць далей, а так невядома, як бы яшчэ склалася гісторыя.

Кампанія аб’яднанага беларуска-літоўскага і польскага войска ў 1660-1661 гадах. Крыніца: wikiwand.com

Кампанія аб’яднанага беларуска-літоўскага і польскага войска ў 1660-1661 гадах. Крыніца: wikiwand.com

Як да маскавітаў трапіў Смаленск?

У студзені 1667 года было заключана Андрусаўскае перамір’е, якое скончыла Трынаццацігадовую крывавую вайну. Па ягоных умовах беларускія землі заставаліся ў складзе Рэчы Паспалітай, але за Маскоўскай дзяржавай прызнаваліся Смаленскае ваяводства, Левабярэжная Украіна і Кіеў. Апошні, дарэчы, маскавіты абяцалі вярнуць праз два гады. Але так ніколі і не вярнулі, адкупіўшыся невялікай сумай грошай. Вось чаго вартыя дамоўленасці з Масквой.

Вайна мела вельмі цяжкія наступствы для Беларусі і яе народа. Большасць гарадоў і вёсак была разрабаваная і разбураная. Насельніцтва ў выніку баявых дзеянняў, гвалтоўнага перасялення, голаду і эпідэмій скарацілася напалову. Сельская гаспадарка, рамяство і гандаль прыйшлі ў заняпад.

Цяпер часта прыгадваюць жахі Першай і Другой сусветных войн. Але наўрад ці была ў гісторыі нашай краіны вайна, якую можна параўнаць з Патопам, 1654-1667 гадоў.