Яны пра нас: «Беларусь застаецца патэнцыйна канфліктным і ўнутрана расколатым грамадствам»

Беларусь і працэсы вакол яе ў фокусе замежных медыя.

_elektarat___bomz___ljudzi___minsk__fota_dzmitryeu_dzmitryj_novy_czas_logo_1.jpg


«Літва можа справакаваць перадзел межаў у Еўропе, у тым ліку і сваіх уласных. Час задумацца і падрыхтавацца да таго, што межы Літвы таксама могуць аказацца вельмі рухомымі. І што нешта можа вярнуцца ў склад Калінінградскай вобласці (як правапераемніцы Усходняй Прусіі), а то і ў склад Беларусі (успамінаючы, напрыклад, Літоўска-Беларускую ССР)».
ІА REGNUM (Расія)
«Цяпер тэрыторыя Беларусі важная для расійскіх войскаў з пункту гледжання вядзення разведкі, нанясення ракетных удараў (няхай і рэдкіх), засылкі дыверсійных і разведгруп на тэрыторыю Украіны, лагістыкі для пакінутых войскаў РФ і выкарыстання Беларусі для стварэння нявызначанасці для ўкраінскага ваенна-палітычнага кіраўніцтва. У выпадку аднаўлення баёў за Кіеў Беларусь набудзе такое ж значэнне, як і ў лютым 2022 года».
DW (Германія)
«Перамяшчэнні беларускіх войскаў на мяжы з’яўляюцца "чарговай бліскучай інсцэніроўкай". Яна павінна даказаць расійцам, што беларусы Лукашэнка — усё яшчэ іх браты, гатовыя падставіць плячо ў спробе вераломнай акупацыі. Але асяроддзе Лукашэнкі выдатна ведае настроі ва ўласнай арміі і асабліва ў грамадстве, якое значна больш адэкватна глядзіць на тое, што адбываецца ва Украіне, таму "сапраўды разумее ўсе рызыкі ад любых дзеянняў па ўцягванні РБ у рэальны ваенны канфлікт"».
Liga.net (Украіна)
«Кіеў не збіраецца ісці на нейкія перамовы, тым больш на капітуляцыю, і за адсутнасцю ваенных перамог Украіна сама імкнецца да пашырэння гэтага канфлікту. Бо чым шырэйшы і маштабнейшы канфлікт, тым больш магчымасцяў будзе для выцягвання дапамогі ў Захаду. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка разумее пагрозу з боку Украіны і рыхтуецца да магчымых сцэнароў пашырэння ўкраінскага канфлікту ў рэгіёне. Таксама Польшча зацікаўлена ў тым, каб Беларусь была ўцягнутая ў сітуацыю на Украіне, і яна будзе рабіць усё, каб гэта здарылася».
Взгляд (Расія)
«Калі ў Расіі цяпер патрыятычны ўздым і пачатак спецаперацыі выклікаў рэкордны рост рэйтынгу Пуціна, то ў Беларусі не ўсё так проста. Усе сацыялагічныя апытанні дзесяцігоддзямі фіксавалі, што выкарыстанне беларускіх войскаў за мяжой у гэтым грамадстве непапулярнае. Гэтую непапулярнасць падсілкоўвала і апазіцыя, і ўлада, якая таксама не ўпускала магчымасці аргументаваць сваё нежаданне ісці на больш глыбокую інтэграцыю тым, што ў гэтым выпадку беларускія хлопцы адправяцца ў Чачню і Сірыю. Калі б рыхтавалася аперацыя беларускіх войскаў на ўкраінскім напрамку, зараз мы назіралі б рэзкі пералом у афіцыйнай прапагандзе, аднак такога пералому няма. Афіцыёз працягвае выконваць "арыю ката Леапольда" і пазіцыянаваць Беларусь як "донара рэгіянальнай стабільнасці"».
РБК (Украіна)
«Калі казаць пра беларускую ўладу, то яна смерць Шушкевіча палічыла за лепшае праігнараваць. Пахаваны ён быў без якіх-небудзь дзяржаўных ушанаванняў, хоць у 1991-94 гг. быў фармальна першай асобай дзяржавы. Аднак у цэлым беларускае грамадства сустрэла навіну аб смерці Шушкевіча абыякава. З палітыкі ён даўно выпаў і ніякага ўплыву на яе не аказваў. Многія, асабліва маладыя, нават і не ўспомняць, хто гэта ўвогуле такі. Тым не менш, тэндэнцыі, якія ўвасабляў у свой час Шушкевіч, у беларускім грамадстве таксама жывыя, і менавіта яны выйшлі на паверхню падчас палітычнага крызісу 2020 года. Беларусь застаецца патэнцыйна канфліктным і ўнутрана расколатым грамадствам».
Украина.ру (Расія)