Уладзімір Зяленскі: Пуцін ужо пачаў Трэцюю сусветную вайну
РФ хоча навязаць свету іншы лад жыцця і змяніць жыццё, якое людзі абралі для сябе, таму вайну Расіі супраць «калектыўнага Захаду» можна назваць Трэцяй сусветнай, лічыць прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі. Ідуць 1461-я суткі поўнамаштабнай вайны РФ супраць Украіны пры саўдзеле ў агрэсіі рэжыму Аляксандра Лукашэнкі.

На працягу мінулых сутак ва Украіне зафіксавана 130 баявых сутыкненняў, паведамляе Генштаб УСУ ў зводцы 23 лютага.
На Гуляйпольскім кірунку другі дзень запар колькасць атак застаецца вышэйшай за Пакроўск — расійцы 27 разоў спрабавалі ісці наперад у раёнах Гуляйполя і ў бок Зялёнага, Залізнычнага, Гуляйпольскага, Аленаканстанцінаўкі.
На Пакроўскім кірунку абаронцы Украіны спынілі 26 штурмаў расіян у раёнах Радзінскага, Пакроўску, Удачнага, Філіі і іншых.
На Канстанцінаўскім кірунку армія РФ здзейсніла 15 атак у раёнах Пляшчыеўкі, Сафіеўкі і ў бок Іллінаўкі, Канстанцінаўкі, Сцяпанаўкі.
На Ліманскім, Славянскім і Аляксандраўскім кірунках расійцы атакавалі па шэсць разоў на кожным.
* * *
Групоўка Дэсантна-штурмавых войскаў праводзіць аперацыю на Аляксандраўскім кірунку, паведаміла камандаванне ДШВ Украіны.
Асноўнымі задачамі падраздзяленняў з’яўляюцца зрыў планаў праціўніка па далейшым прасоўванні ў Днепрапятроўскай і Запарожскай абласцях, разгром групоўкі войскаў праціўніка і выцісканне яго за межы адміністрацыйнай мяжы Днепрапятроўшчыны.
«У цэлым сітуацыю можна ахарактарызаваць як вельмі дынамічную. Вораг чапляецца за кожны метр захопленай тэрыторыі, выкарыстоўваючы ўсе наяўныя рэсурсы як людскія, так і тэхнічныя, але, нягледзячы на яго шалёнае супраціўленне, падраздзяленні групоўкі выконваюць пастаўленыя задачы і крок за крокам вызваляюць родную зямлю», — падкрэслілі ў паведамленні.
З пачаткам аперацыі групоўкай ДШВ сумесна з сумежнымі падраздзяленнямі адноўлены кантроль над тэрыторыяй больш за 300 кв. км і над васьмю населенымі пунктамі.
* * *
Украінскія вайскоўцы не могуць цяпер вызваліць акупаваныя тэрыторыі па дзвюх прычынах — недахоп людзей, асабовага складу, а таксама недахоп зброі, заявіў прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі ў інтэрв’ю ВВС.
Паводле яго слоў, Украіна пазней верне тэрыторыі — гэта толькі пытанне часу. Аднак цяпер гэтага нельга зрабіць з-за перавагі РФ у колькасці арміі. «Зрабіць гэта сёння азначала б страціць велізарную колькасць людзей — мільёны, бо расійская армія вялікая, і мы разумеем цану такіх крокаў. У нас не хапіла б людзей. А што такое зямля без людзей? Шчыра кажучы — нічога», — растлумачыў Зяленскі.
Ён таксама адзначыў, што Украіна цяпер не мае дастатковай колькасці ўзбраення для хуткага вызвалення ўсіх акупаваных тэрыторый.
«Гэта залежыць не толькі ад нас, але і ад нашых партнёраў. На сённяшні дзень гэтага няма», — адзначыў кіраўнік дзяржавы.
* * *
Расійскія войскі атакавалі Харкаў ракетамі, на дадзены момант вядома пра двух пацярпелых.
У Запарожжы беспілотнікамі быў атакаваны прамысловы аб’ект. Адзін чалавек загінуў, адзін — атрымаў раненні.
Увечары 22 лютага Белгарад і Белгарадская акруга зведалі новы ракетны ўдар. Як паведамляюць расСМІ, была сур’ёзна пашкоджана інфраструктура, з-за чаго ў горадзе адбыўся частковы блэкаўт, ёсць праблемы з падачай вады і цяпла. У пабліках пішуць, што ў выніку ракетнага абстрэлу была пашкоджана Фрунзенская электрападстанцыя.
У ноч на 22 лютага ў расійскім Альмецьеўску ў Татарстане была атакавана нафтаперапампоўная станцыя Калейкіна. Мясцовыя жыхары чулі серыю выбухаў, пасля якіх адбыўся маштабны пажар.
НПС Калейкіна — гэта найбуйнейшая галоўная нафтаперапампоўная станцыя АТ «Транснафта — Прыкам’е» ў Альмецьеўскім раёне Татарстана (недалёка ад Альмецьеўска). Гэта станцыя прымае, змешвае нафту рознай якасці з Заходняй Сібіры, Татарстана, Удмурціі і перапампоўвае далей магістральнымі нафтаправодамі, уключаючы кірункі на Ніжнякамскі НПЗ і экспартныя трасы. З НПС Калейкіна нафта паступае ў нафтаправод «Дружба».
* * *
* * *
Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі ў інтэрв’ю BBC заявіў, што Украіна не пагодзіцца на тэрытарыяльныя саступкі ў абмен на спыненне агню, паколькі расійскі кіраўнік Уладзімір Пуцін не збіраецца завяршаць вайну.
Адказваючы на пытанне журналіста пра тое, што ЗША і Расія прапануюць Украіне адмовіцца ад 20% тэрыторыі Данецкай вобласці ў абмен на спыненне агню, Зяленскі катэгарычна адхіліў такі сцэнарый. Паводле яго слоў, расійскі бок будзе хлусіць у любым выпадку, паколькі Крэмль клапоціцца толькі пра ўласныя інтарэсы.
«Маё меркаванне: яны (Захад — рэд.) павінны спыняць расіян, а не спрабаваць ім дагадзіць. Таму што яны (Расія — рэд.) усё роўна будуць хлусіць. Яны клапоцяцца толькі пра сябе і свае ўласныя інтарэсы», — сказаў Зяленскі.
Кіраўнік Украіны падкрэсліў, што Пуцін не хоча завяршаць гэтую вайну, аднак «не хоча — не значыць, што не зробіць» пад ціскам.
Падчас размовы вядучы адзначыў, што былы прэзідэнт ЗША Джо Байдэн падчас кіравання быў занепакоены ядзернымі пагрозамі Пуціна і страхам Трэцяй сусветнай вайны. На пытанне, ці думае так жа цяперашні прэзідэнт Дональд Трамп, Зяленскі адказаў так:
«У нас розныя погляды на Трэцюю сусветную вайну. Я лічу, што Пуцін ужо яе пачаў. Пытанне толькі ў тым, колькі тэрыторый ён зможа захапіць і як яго спыніць», — сказаў Зяленскі.
Ён патлумачыў, што РФ хоча навязаць свету іншы лад жыцця і змяніць жыццё, якое людзі абралі для сябе. «Таму я лічу і даўно лічу, што Пуцін ужо пачаў гэтую вайну і (наша задача — рэд.) не дапусціць яе перарастання ў маштабную Трэцюю сусветную», — рэзюмаваў Зяленскі.
* * *
Украіна мае патрэбу ў істотным узмацненні пяхоты і ўзбраення для змянення сітуацыі на полі бою. Кіеву неабходна мабілізаваць не менш за 250 тысяч дадатковых вайскоўцаў і атрымаць больш магутныя сістэмы ўзбраення, піша The Times.
У цэлым у NATO ацэньваюць, што Масква здольная падтрымліваць цяперашнюю інтэнсіўнасць баявых дзеянняў як мінімум яшчэ год. Украіна, паводле даных экспертаў выдання, у тым ліку і ў NATO, саступае Расіі па колькасці войскаў і колькасці ўзбраення на большасці участкаў фронту, у прыватнасці ў раёнах гарадоў Ліман і Северск.
Аналітыкі папярэджваюць: у выпадку далейшага прасоўвання расійскіх войскаў паблізу Гуляйполя буйны абласны цэнтр Запарожжа можа апынуцца ў зоне паражэння FPV-дронаў. Гэта створыць пагрозу, падобную да той, пад якой ужо працяглы час знаходзіцца Херсон — расіяне ўжо забілі там тысячы цывільных.
Украінскі афіцэр у Пакроўску сказаў выданню, што расійскія сілы маюць істотную перавагу ў авіяцыі і тактычных балістычных ракетах. Гэта дазваляе ім эфектыўна паражаць лагістычныя і камандныя вузлы, прымяняючы кіраваныя авіябомбы.
Паводле ацэнак брытанскіх абаронных крыніц, аптымістычны для Масквы сцэнарый прадугледжвае яшчэ каля 18 месяцаў вайны і сотні тысяч дадатковых страт для захопу астатняй часткі Данбаса. У горшым для яе варыянце канфлікт можа працягнуцца да чатырох гадоў з мільённымі стратамі.
У той жа час Расія гатовая і ў далейшым кампенсаваць страты за кошт значных рэзерваў жывой сілы. Крэмль не дэманструе гатоўнасці да кампрамісаў на перамовах.
* * *
Папа Леў XIV заклікаў да неадкладнага спынення агню ва Украіне напярэдадні 4-й гадавіны поўнамаштабнага ўварвання Расіі, піша Vatican News.
«Дарагія браты і сёстры, прайшло ўжо чатыры гады з пачатку вайны супраць Украіны. Маё сэрца зноў прыходзіць да трагічнай сітуацыі, якая ёсць перад вачыма ўсіх. Як жа шмат ахвяр, як жа шмат разбітых жыццяў і сем’яў! Як жа шмат разбурэнняў! Колькі неапісальных пакут...», — сказаў Папа Леў.
«Мір нельга адкладаць, ён з’яўляецца неадкладным патрабаваннем, якое павінна знайсці месца ў сэрцах і выліцца ў адказныя рашэнні. Таму я зноў настойліва аднаўляю мой заклік: хай замаўчыць зброя! Хай спыняцца бамбардзіроўкі! Хай жа будзе неадкладна дасягнута спыненне агню і ўзмоцнены дыялог, каб адкрыць дарогу да міру», — падкрэсліў Папа Рымскі.
Ён заклікаў людзей аб’яднацца ў малітве за ўкраінскі народ і ўсіх іншых, хто пакутуе з-за вайны ва Украіне і іншых канфліктаў у свеце — каб настаў мір.