Стыў Уіткаф не выключае сустрэчу Пуціна і Зяленскага ў бліжэйшы час

Спецпрадстаўнік Дональда Трампа Стыў Уіткаф разлічвае на прарыў у мірным працэсе паміж Украінай і РФ ужо ў бліжэйшы час, і спадзяецца на саміту паміж Зяленскім і Пуціным. Магчыма, гэта будзе трохбаковая сустрэча з удзелам Дональда Трампа. Ідуць 1460-я суткі поўнамаштабнай вайны РФ супраць Украіны пры саўдзеле ў агрэсіі рэжыму Аляксандра Лукашэнкі.

07b1e010.jpg

На працягу мінулых сутак ва Украіне зафіксавана 138 баявых сутыкненняў, паведамляе Генштаб УСУ з ранішняй зводцы 22 лютага.

На Гуляйпольскім кірунку адбылося 35 атак расіян у раёнах Гуляйполя і Залізнічнага, Стараўкраінкі, Святапятроўкі, Зялёнага, Варвараўкі, Дабраполля, Загорнага, Мірнага, Горкага.

На Пакроўскім кірунку абаронцы Украіны спынілі 29 штурмаў расійцаў паблізу Шахавага, Радзінскага, Пакроўску, Удачнага, Маладзецкага, Мураўкі і Новапаўлаўкі.

На Канстанцінаўскім кірунку РФ здзейсніла 14 атак паблізу Канстанцінаўкі, Іванаполля, Шчарбінаўкі, Бярэстка, Русінага Яру, Сафіеўкі, Навапаўлаўкі і Пляшчэеўкі.

На Славянскім кірунку адбылося 9 боесутыкненняў каля Ямпаля, Дронаўкі і Закітнага.

* * *

Сілы абароны Украіны маюць поспехі на поўдні — у кірунку населеных пунктаў Паўлаўка, Успенаўка і Тэрнаватае Запарожскай вобласці, заявіў афіцэр Узброеных сіл Украіны Андрэй Ткачук у эфіры «Мы — Украіна».

Поспехаў удалося дамагчыся дзякуючы ўдаламу спалучэнню ўмоў і падрыхтоўчай рабоце, якую правялі ўкраінскія абаронцы. Гэта не толькі блакіроўка сістэм спадарожнікавай сувязі «Старлінк» для расіян, але і перакіданне расіянамі вялікай колькасці рэзерваў на Пакроўска-Мірнаградскі кірунак.

«Я наогул не хачу рабіць нейкія прагнозы, "пераграваць" грамадства і наладжваць на тое, што будзе велізарны контрнаступ, які недзе прасунецца. Мы ўжо гэта мелі, тут трэба быць спакайней у гэтым плане і не замінаць Сілам абароны», — сказаў вайсковец.

«Так, ёсць добрыя прасоўванні ў бок Паўлаўкі і Успенаўкі, ёсць прасоўванні з боку Тэрнаў і Тэрнаватага. Ёсць добрыя дзеянні нашых сіл, і я лічу, што гэтае акно можа зачыніцца неўзабаве. Не пытанне толькі ў тэрміналах, а ў тым, што расіяне могуць падцягнуць рэзервы», — сказаў Ткачук.

* * *

Сілы абароны Украіны адкінулі расіян паблізу Каліноўскага і ў Тэрновым Днепрапятроўскай вобласці, у той жа час армія РФ прасунулася ў Пакроўску і Свята-Пакроўскім Данецкай вобласці, паведамляе аналітычны праект DeepState.

* * *

У ноч на 22 лютага Расія здзейсніла чарговую камбінаваную атаку. Паветраныя сілы паведамлялі пра хуткасныя цэлі, у тым ліку на Кіеў.

З прыгарада Кіева ў бальніцы шпіталізавалі двух пацярпелых пасля камбінаванай атакі расійскіх войскаў, паведаміў мэр горада Віталь Клічко.

Расійскія войскі ўначы атакавалі аб’екты энергетычнай інфраструктуры Адэскай вобласці. У выніку ўдараў узніклі маштабныя ўзгаранні і значныя пашкоджанні. Загінулых і пацярпелых няма.

У суботу, 21 лютага, расійская ракета папала ў адзін з вытворчых будынкаў кампаніі Mondelez у Трасцянцы Сумскай вобласці — аднаго з першых буйных амерыканскіх інвестыцыйных праектаў у незалежнай эканоміцы Украіны. Міністр замежных спраў Украіны Андрэй Сібіга ў сацсетцы Х адзначыў, што Mondelez ва Украіне вырабляе шакалад, печыва і салёныя снэкі — гэта не ваенны аб’ект.

Таксама ў Сумскай вобласці расіяне атакавалі ўдарным БпЛА аўтамабіль хуткай дапамогі, у выніку чаго загінулі чацвёра цывільных.

У часова акупаваным Луганску ў ноч на нядзелю пасля атакі дронаў адбыліся выбухі і маштабны пажар на нафтабазе.

* * *

640435847_1268278475485228_3277102075807791455_n.jfif

* * *

У ЗША разлічваюць на прарыў у мірным працэсе паміж Украінай і РФ ужо ў бліжэйшы час, заявіў спецпрадстаўнік Дональда Трампа Стыў Уіткаф у інтэрв’ю Fox News.

«Мы з Джарэдам (Кушнерам, зяцем Трампа) спадзяёмся, што прапановы, якія мы вынеслі на стол, аб’яднаюць бакі ў найбліжэйшыя тры тыдні і, магчыма, прывядуць да саміту паміж Зяленскім і Пуціным. Магчыма, гэта будзе трохбаковая сустрэча з удзелам прэзідэнта (Трампа). Паглядзім», — заявіў спецпрадстаўнік амерыканскага лідара.

Уіткаф пры гэтым адзначыў, што Трамп не хоча сустракацца, калі разумее, што гэта не дасць ніякага выніку.

«У яго ёсць унікальная здольнасць гэта зрабіць. Спадзяюся, у найбліжэйшыя тыдні вы пачуеце добрыя навіны», — сказаў Віткаф.

* * *

Уладзімір Пуцін вядзе перамовы з прэзідэнтам ЗША Дональдам Трампам адносна магчымага аднаўлення працы газаправодаў «Паўночны паток», але пад кантролем Вашынгтона, піша Berliner Zeitung.

Паводле даных выдання, перамовы праходзяць неафіцыйна і без удзелу ЕС.

Адзначаецца, што пытанне газаправодаў Nord Stream і Nord Stream 2, якія былі пашкоджаны ў выніку выбухаў у верасні 2022 года, нібыта стала часткай больш шырокіх геапалітычных кансультацый паміж Масквой і Вашынгтонам. Афіцыйна праект лічыцца фактычна закрытым, а трубаправоды застаюцца непрыдатнымі для эксплуатацыі. У той жа час, паводле інфармацыі крыніц, блізкіх да расійскага боку, абмяркоўваецца варыянт аднаўлення паставак газу ў Еўропу, аднак ужо пад кантролем ЗША.

Berliner Zeitung піша, што размова ідзе пра магчымы ўдзел амерыканскіх інвестараў у аднаўленні або набыцці часткі інфраструктуры. Сярод патэнцыйна зацікаўленых асоб згадваецца інвестар Стывен Лінч, які раней працаваў з расійскімі энергетычнымі актывамі.

Адзначаецца, што ў Германіі афіцыйная пазіцыя застаецца нязменнай — Берлін падтрымлівае санкцыйную палітыку ЕС супраць Расіі і не разглядае аднаўленне працы газаправодаў. У той жа час інфармацыя пра магчымыя перамовы без удзелу Еўрасаюза выклікала дыскусію адносна рызык для энергетычнай бяспекі Еўропы.