Пётр Кузняцоў: «Тыя, хто спрабуе «зрынуць Ціханаўскую», і тыя, хто спрабуе гэтага не дапусціць, займаюцца крыху не тым»
Аналітык і заснавальнік «Моцных навінаў» Пётр Кузняцоў піша ў сваім тэлеграм-канале пра «барацьбу за лідарства» ў асяроддзі беларускіх дэмакратычных сілаў, і дае просты рэцэпт, як тое лідарства здабыць.
У апошні час палітычная павестка для беларусаў набыла, скажам так, не зусім чаканы або прагназуемы яшчэ пару месяцаў таму характар
Украінскі навінавы фронт — там, у прынцыпе, усё лагічна. Перспектывы таго, як усё будзе развівацца, былі ў агульных рысах накіданыя многімі яшчэ ў першыя дні вайны, а ў дэталях разжоўваюцца пастаянна. Цяпер вельмі цікава, вядома, назіраць за развіццём падзей, але каментаваць, асабліва калі не пагружаны ў тэматыку на 100%, не з'яўляешся прызнаным вайсковым экспертам і не прысвечаны ў інсайды на ўзроўні Арастовіча — ну, не вельмі хочацца.
Унутранай палітыкі ў Беларусі няма. Распараджэнне паставіць пад стрэльбу егераў — гэта не ўнутраная палітыка, гэта з іншай оперы. Гэта нецікава не толькі каментаваць, за гэтым нецікава нават назіраць.
Мабыць, на гэтым фоне цалкам лагічна, што беларусы пачалі нехаця шукаць сабе больш эмацыйныя і захапляльныя для дыскусій тэматыкі, у выніку чаго палітызаваны сегмент Фэйсбука стаў ну вельмі цікавым, але выключна з спартыўнага пункту гледжання: запасся папакорнам і назірай, хто каго. Напал запалу неабыякі, у допісах і навінах у СМІ гучаць выразы кшталту «зрынаць Ціханоўскую». Для ўцягнутых у працэс, назавем гэта так, квазі-палітычны — відавочна, высокія стаўкі. Для ўцягнутых у працэс інфармацыйна-дыскусійны — звышвысокія эмоцыі.
На справе ж усё гэта выклікае вельмі неадназначныя пачуцці, па адной простай прычыне: ёсць вельмі дакладнае адчуванне, што як тыя, хто спрабуе «зрынуць Ціханаўскую», так і тыя, хто спрабуе гэтага не дапусціць, займаюцца крыху не тым. Якія б мэты яны сабе не ставілі.
Апаненты ОСЦ, якімі б дасведчанымі дыпламатамі яны не былі, прагаворваюцца з галавой, калі занадта акцэнтавана выказваюць свае крыўды за тое, што іх не бяруць на палітычныя сустрэчы вышэйшага ўзроўню. Сама Ціханоўская каментуе аднаму з выданняў заклікі да яе «перадаць уладу» ў 100%-й адпаведнасці з дваццацігадовай метадычкай Лукашэнкі: мне, нібыта, «улада» не патрэбная, я проста хачу вызваліць палітвязняў і дамагчыся сумленных выбараў. Мы такое чулі і бачылі і ў Ельцына (калі ў 1996-м «коней на пераправе не мянялі»), і ў мясцовага кіраўніка — неаднаразова. Мінімум з 2004-га года, калі пачаў «несці крыштальны сасуд». Гэта стары выкрут: «улада» мне не трэба, а трэба дарабіць справу. «Справа» толькі ў кожнага свая. Але — добра, гэта дэталі.
Сутнасць жа ў тым, што як першая пазіцыя, так і другая — гэта гісторыі пра барацьбу за лідарства, пра «Цар горы». «Царом гары» і самому не стаць, таму што на ёй яшчэ трэба ўтрымацца, але ўжо пхнуць плячом таго, хто там стаяў — цалкам сабе задавальненне.
Ключавая ж праблема складаецца ў тым, што гэтая дзяльба ўплыву адбываецца ў поўным адрыве ад унутрыбеларускай рэальнасці і ўнутрыбеларускага ж насельніцтва. Канфлікты эміграцыі — гэта бой за доступ да кабінетаў і важных людзей, але не за беларусаў. За апошні год магчымасці што ОСЦ, што НАУ, што ўсіх астатніх, хоць неяк уплываць на ўнутраную павестку і расклады вельмі істотна скараціліся, а цяперашні разборкі ўціскаюць іх яшчэ больш.
Як пісаў раней, крызіс легітымнасці ўзнікае на фоне крызісу ідэй. І ён будзе прагрэсаваць незалежна ад таго, хто даможацца поспехаў або перамог на кангрэсах і (або) канферэнцыях. Таму што гэтыя кангрэсы, як працэдуры, будуць праходзіць па-за Беларуссю і закрануць толькі тых, хто па-за Беларуссю.
Па розуме, усе падзеі такога кшталту павінны былі б быць прысвечаны не разборкам і спробам «скінуць» або «адстаяць», а пошуку варыянтаў і рашэнняў, як вярнуць сябе ў беларускую палітыку. І рэальнае лідарства атрымаў бы не той, хто быў бы больш паспяховы ў рыторыцы, а той, хто здолеў бы такія рашэнні знайсці і натхніць на іх іншых. Тут вось проста без варыянтаў — менавіта ў гэтым і крыецца крыніца будучай легітымнасці, якая прыйдзе на змену легітымнасці-2020, таму што працэдур, якія паўтараюць 2020, ужо не будзе, а мандат, атрыманы ў 2020, немінуча струхлее (калі ўжо не).
Шанцы, што здаровы сэнс пераможа, малыя, але яны ёсць.
Пераклад НЧ