Цапкала раскрытыкаваў офіс Ціханоўскай і выступіў з дзіўнай прапановай. Вячорка адказаў

У нядаўнім стрыме Валерый Цапкала раскрытыкаваў дзейнасць Святланы Ціханоўскай і яе офіса. А для вызвалення палітвязняў прапанаваў свой сцэнар: выкупіць іх у Лукашэнкі за грошы. Дарадца Святланы Ціханоўскай Франак Вячорка адказвае на гэту ідэю.

«Не ўяўляю, што маецца на ўвазе пад «выкупіць палітвязняў». Лукашэнка ж разлічвае не на грошы, а на адмену санкцый і прызнанне яго перамогі. Калі першае і магчыма пры вызваленні ўсіх, то прызнанне яго прэзідэнтам — не. І мы ўсё роўна ўпрэмся ў новыя выбары. Лукашэнка баіцца выпусціць нават хворых і старых, а ААН яму прапаноўвалі: пра які выкуп можа ісці гаворка?

Увогуле, размовы пра нейкі гандаль палітвязнямі гучаць не зусім этычна. Якія ўгоды мы можам рабіць з Лукашэнкам? Няма ніякай гарантыі, што ён выканае сваю частку. Няма ніякай гарантыі, што ён не набярэ новых [палітвязняў]. Усе павінны быць вызваленыя. І мы павінны стварыць умовы, пры якіх паўтор рэпрэсій стане немагчымы, і выйсці з замкнёнага кола», — цытуе Вячорку «Н*ша Ніва».

Грошы і камунікацыя з іншымі дэмакратычнымі прадстаўнікамі

Цапкала ў стрыме сярод іншага ўздымаў пытанні грашовых расходаў і палітыкі з ігнараваннем яго лініі, у тым ліку Форума дэмакратычных сіл, агучыў сумнеў наконт абазначэння Святланы Ціханоўскай і яе каманды ў якасці галоўных дэмакратычных лідараў. Дарадца Ціханоўскай адказаў на гэтыя прэтэнзіі:

«Наконт грошай: Офіс не распараджаецца і не размяркоўвае замежную дапамогу. Яна ідзе праваабаронцам, бізнэсам, універсітэтам, журналістам, актывістам. Як правіла, праз імплементараў, на якіх мы таксама не можам мець уплыву (так іх дзейнасць абаронена ад умяшальніцтва палітыкаў).

Мы можам агулам лабіяваць павялічэнне падтрымкі, што мы і робім. Наконт расходавання: мы самі зрабілі запыт у Брусэль, чакаем дэталізацыі, што куды патрачана. У іх хапае сваіх кантрольных органаў, і справаздачы публікуюць на сайтах. Сама дзейнасць Офіса ў Літве вывучаецца пад мікраскопам, рознымі праверкамі і падатковымі. Да нас патрабаванні большыя, чым да каго, і злоўжыванні немагчымыя. Мы ашчадна вядзём дзейнасць.

У супрацоўнікаў сярэднія па Літве зарплаты, і мы пераехалі ў меншы па памеры офіс. Прычым частку офіса займаюць прадстаўнікі розных ініцыятыў і арганізацый: мы дзелім з імі тэхніку і студыю.

Што наконт камунікацыі з іншымі. Ціханоўская з Валерам і Веранікай Цапкала за апошнія некалькі месяцаў мінімум тройчы ездзілі ў замежныя паездкі. І з Паўлам Латушкам, і з сястрой Марыі Калеснікавай — Таццянай Хоміч. Пастаянна адбываюцца званкі праз зум палітычных лідараў. Ціханоўская сама праводзіць паседжанні аргкамітэту, дзе сабраныя розныя палітычныя групы. Праводзіць сустрэчы з Каардынацыйнай Радай. Можна каго заўгодна абвінаваціць у дыктатуры, але не Ціханоўскую, якая сядзіць і па вечарах сама адказвае людзям у інстаграме пра візы і пра тое, калі мы пераможам».

Канферэнцыя «Новая Беларусь» усіх прымірыць?

8-9 жніўня ў Вільні была анансавана канферэнцыя «Новая Беларусь», якая мусіць сабраць усе дэмсілы ў адным месцы для дыскусіі.

«Вы казалі «збярыцеся разам і дайце голас усім» — і мы разам з партнёрамі, Каардынацыйнай Радай, BYPOL, НАУ, палітыкамі, грамадзянскімі ініцыятывамі, бізнэсамі, аналітыкамі і незалежнымі экспертамі збярэмся разам на Канферэнцыю Новай Беларусі. Мы будзем размаўляць адно з адным адкрыта, паказваць вынікі працы, спрачацца пра рэальныя планы», — анансавала Святлана Ціханоўская.

Франак Вячорка пацвердзіў, што Валер і Вераніка Цапкалы ўжо пацвердзілі свой удзел у канферэнцыі:

«Запрошаныя спадары Пракоп'еў, Латушка, Шчыгельскі. У аргкамітэт уваходзяць НАУ, Партыя «Разам», «Супраціў», «Байпол», Нацыянальная платформа і іншыя. Кожны дзень сазвоны. Усе ўдзельнічаюць, спрачаюцца. І гэта нармальна.

Увогуле, спрачацца нармальна. Свабода слова, звычайны працэс. Ведаеце, у нас так шмат год не было палітычнай дыскусіі — і вось яна нараджаецца. Галоўнае абысціся без абразаў і хамства. Пакінем гэта Лукашэнку».

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

  • Апошняе на сайце
,
Больш цікавага на «Новым Часе»: