Класкоўскі: Ці варта выкупаць палітвязняў у рэжыму?
Палітычны аналітык Аляксандр Класкоўскі разважае пра ініцыятыву Валерыя Цапкалы выкупляць палітвязняў у Аляксандра Лукашэнкі за грошы, і адзначае: хто, як і за якія грошы будзе гэтым займацца? Як гэта аформіць юрыдычна? Дый, па вялікім рахунку, усіх не выкупіш…
Аляксандр Класкоўскі распавёў «Филину» пра тое, ці лічыць гэты сцэнар рэалістычным і ці трэба наогул гандлявацца з рэжымам.
— У сацыяльных сетках на гэтую тэму разгарэліся дыскусіі. Дамінуе думка, што весці такі гандаль з рэжымам — неэтычна. Але ёсць і іншыя меркаванні, і матывы.
Ёсць спакуса палегчыць долю хаця б некаторых з гэтых людзей, выратаваць іх ад пакутаў і фізічных, і маральных. Як вядома, умовы ўтрымання ў месцах зняволення вельмі жорсткія і суровыя ў адносінах да палітвязняў.
Рэжым мала таго, што пазбаўляе іх свабоды, дык яшчэ і імкнецца зладзіць там пекла. Мноства прыкладаў, калі банальныя крымінальнікі атрымліваюць і перадачы, і пасцельную бялізну, і на шпацыр іх выводзяць, а калі ты палітычны — то пазбаўлены нават гэтых і так абрэзаных правоў.
Ёсць спакуса такім чынам выратаваць хаця б некаторых — самых знакавых палітвязняў, якія атрымалі велізарныя тэрміны. Калі казаць пра іх, то гэта, як правіла, моцныя воляй, харызматычныя людзі.
Вядома, што Мікалай Статкевіч праз краты заяўляў, што ніякага гандлю з рэжымам быць не можа. Пазіцыю гэтых людзей таксама трэба ўлічваць.
Падчас дыскусіі па пытанні, ці варта выкупляць палітвязняў, прыводзілі гістарычны прыклад, калі ФРГ выкупляла палітычных зняволеных у ГДР. Гэтая паралель кульгае, таму што і час быў іншы. І важны момант заключаецца ў тым, што нямецкая дэмакратычная дзяржава ратавала прадстаўнікоў сваёй нацыі, якія жылі ў іншай недэмакратычнай дзяржаве, навязанай таталітарнай савецкай імперыяй. Яны сваіх, па сутнасці, людзей выкуплялі, давалі магчымасць пачаць новае жыццё.
Тут жа незразумела, хто гэтым будзе займацца. Наўрад ці за гэта возьмецца нейкая заходняя дзяржава або Еўрасаюз, ці нейкая міжнародная арганізацыя, таму што тут ужо будуць працаваць прынцыпы, меркаванні каштоўнасцяў і палітычнай этыкі.
Як вядома, ЕС абвясціў Аляксандра Лукашэнку нелегітымным пасля выбараў 2020 года — гэта значыць, выказаў пэўную палітычную ацэнку, і ўступаць у гэты гандаль — відавочнае парушэнне іх жа каштоўнасцяў і прынцыпаў. Гэты варыянт мала рэалістычны. І нават юрыдычна незразумела, як гэта можна аформіць спецыяльным радком у бюджэце Еўрасаюза на гандаль з нелегітымным рэжымам Лукашэнкі. Цяжка сабе ўявіць, каб у такіх катэгорыях заходняя дзяржава стала думаць або дзейнічаць.
Думаю, што тыя заходнія палітыкі, якія б гэта прапанавалі, трапілі б пад шквал асуджэнняў. Урэшце, і падаткаплацельшчыкі гэтых краін маглі б паставіць пытанне.
Мы бачым, што нават з дапамогай Украіне з боку Захаду не ўсё так проста. Простыя выбаршчыкі бачаць рост інфляцыі, асцерагаюцца халоднай зімы, калі Расія перакрые газ, — і яны ўжо пачынаюць ціснуць на сваіх палітыкаў. Так і ў гэтым пытанні, калі змадэляваць такую сітуацыю, могуць узнікнуць прэтэнзіі, незадаволенасць з боку заходніх падаткаплацельшчыкаў.
Уявіць сабе, што офіс Святланы Ціханоўскай або арганізацыя Паўла Латушкі гэтым зоймецца, таксама неймаверна. Таму што пазіцыя гэтых структур у адносінах да рэжыму зусім іншая. Ну, хіба што сам Валерый Цапкала — ініцыятар гэтай ідэі — мог бы паспрабаваць пагандлявацца, пусціць грошы на выкуп палітвязняў. Як некаторыя не без яхідства пры абмеркаванні заўважаюць, што ён жа сабраў у свой час паўмільёна еўра як узнагароду для таго, хто арыштуе цяперашняга кіраўніка Беларусі.
Ну, па-першае, гэта, мякка кажучы, будзе непаслядоўна з палітычнага і этычнага пункту гледжання. То збіраўся арыштоўваць Лукашэнкі, то ўступае ў гандаль з ім. Тут адно з іншым не вяжацца, і нешта падказвае, што наўрад ці сам Цапкала паспрабуе рэалізаваць сваю ідэю.
Так што незразумела, хто, як і, урэшце, за якія грошы будзе гэтым займацца. Як гэта аформіць юрыдычна?
Акрамя таго, пры абмеркаванні прагучала здагадка, што рэжым Лукашэнкі можа за гэта ўхапіцца, заламаць надмерныя кошты, таму што гэта крыніца даходаў. Проста выпускай людзей з турмы — і грабі грошы лапатай.
Прычым апетыты могуць расці, і наогул паўстане небяспека, што людзей будуць хапаць па другім крузе. Хтосьці з'едзе з краіны — хоць гэта не той выпадак, як з'язджалі ў ФРГ і там атрымлівалі стартавыя ўмовы для новага жыцця.
Як вядома, тыя, хто з'язджае з Беларусі, сутыкаюцца з цэлым шэрагам складанасцяў. У тым ліку і з прычыны санкцый супраць рэжыму, таму што ў людзей паўстаюць цяжкасці з легалізацыяй. І наогул, новае жыццё ў чужой краіне, асабліва чалавеку пасля турмы, складана пачаць.
Гэта значыць, усе з краіны не з'едуць. А калі будуць з'язджаць, гэта таксама вымыванне чалавечага капіталу, гэта рэжыму толькі і трэба. Там, я думаю, задаволеныя, што выціснулі ў эміграцыю Ціханоўскую і Латушку, і беларусаў, якія з'яўляюцца найбольш прасунутай часткай нацыі і былі маторам пераменаў і пратэстаў у 2020 годзе.
Такім чынам, рэпрэсіўная машына можа атрымаць новы стымул і пачаць працаваць з асаблівай інтэнсіўнасцю, таму што атрымліваецца, што яна становіцца здабытчыкам для краіны. Арыштавалі пад 1300 палітвязняў — яшчэ тысячу арыштуюць. Гэта мільёны, а можа, і мільярды ў бюджэт краіны.
Калі рэзюмаваць гэтыя развагі, то гэта шлях у нікуды. Па вялікім рахунку, усіх не выкупіш. Гэта будзе пастаяннае дэжавю, пастаянныя новыя пасадкі.
На гэта ніякіх грошай не хопіць, а рэжым будзе толькі мацнець.
І яшчэ адно меркаванне, якое таксама ў гэтай дыскусіі аб прапанове Цапкала выказваецца: калі ўявіць, што ідэя пачала рэалізоўвацца, Лукашэнка, хутчэй за ўсё, адчуўшы слабіну, будзе ставіць пытанне інакш, таму што для яго галоўнае — гэта аслабіць санкцыі, выйсці з міжнароднай ізаляцыі.
Гэта значыць, ён у абмен на вызваленне часткі ці ўсіх палітвязняў, хутчэй за ўсё, запатрабуе менавіта гэтага: здымайце з мяне санкцыі, забірайце свае словы пра маю нелегітымнасць, Давайце разблакуем адносіны…
Даволі відавочна, што ў цяперашняй улады няма нейкіх прынцыпаў, няма ніякіх маральных тармазоў. Таму прапанаваны сцэнар гандлю — гэта шлях у нікуды.
Паводле gazetaby.com