Марына Адамовіч: «Проста на кончыках пальцаў ты разумееш, як шмат людзей чакае пераменаў»
Жонка палітвязня Мікалая Статкевіча, Марына Адамовіч распавяла Радыё Св*бода пра самы страшны час для родных палітвязняў, пра апошняе спатканне з Міколам, і пра вынік 2020 года.
— Самы страшны час для сваякоў палітвязняў надыходзіць тады, калі прысуд уступае ў сілу і іх этапуюць у калонію або ў турму — распавядае Марына Адамовіч.
Яна тлумачыць гэта тым, што ўсе папярэднія два з лішнім гады сваякі маюць штодзённы занятак. У іх ёсць справа падтрымаць роднага. Яны бясконца збіраюць перадачкі, возяць іх, выстойваюць чэргі.
— І вось так дзень за днём праходзіць тваё жыццё, — спакойна распавядае Марына Адамовіч.
— Бывала вельмі балюча, таму што многія людзі, якія ўпершыню сутыкнуліся з гэтай сітуацыяй гвалту, іншы раз казалі, не падумаўшы: «А што ж табе? Ты ж прывыкла».
Прывыкнуць да гэтага абсалютна немагчыма, — падкрэслівае спадарыня Марына, — бо твае веды, тваё разуменне таго, як гэта можа быць, дадаюць зусім не спакою, зусім не прыемных эмоцый. Але ж пры гэтым у цябе ёсць яшчэ і іншыя веды.
Напрыклад, як можа быць цудоўна, калі нарэшце родныя вяртаюцца. Калі нарэшце атрымліваеш магчымасць яго абняць. Жыццё адразу ўзрываецца феерверкам эмоцый, і ўсе фарбы, якіх ты не бачыш гадамі, яны ашаламляльныя.
Таму я ўсім кажу: «Вы проста думайце, як гэта можа быць, і будзе цудоўна, калі яны вернуцца».
Марына Адамовіч узгадвае пра сваё апошняе спатканне з Мікалаем Статкевічам:
— Гэта было ў Гомельскім СІЗА, а этапавалі іх літаральна праз пару дзён. Ты сядзіш у такой шкляной загарадцы на вельмі вузенькай лавачцы, страшна нязручнай. Да таго ж яна стаіць бокам да таго самага вакна.
А з другога боку праз добры прагал, па якім перыядычна можа прайсці супрацоўнік, за кратамі і яшчэ за адным шклом, у рэальна металічнай клетцы — прыблізна, як мы назіралі на судзе Аўтуховіча ў Гародні — сядзіць твой блізкі, і вы можаце бачыць адзін аднаго праз гэтыя два шкла, праз краты і размаўляць толькі па тэлефоне.
І гэтыя апараты настолькі старажытныя, быццам яны з 1950-х, ці не ведаю з якіх яшчэ гадоў. Фізічна вельмі цяжка, бо ідзе гоман навокал, але, калі прыходзіць твой родны, ты больш нікога не бачыш.
Там адначасова шмат людзей, бо некаторыя прыходзяць на спатканне ўдвух і гэта можа не 8 чалавек, а 15. Але яны ўсё роўна існуюць абасоблена, кожны ў сваёй прасторы, у прасторы са сваім блізкім чалавекам.
Марына Адамовіч прызнаецца:
— Для мяне заўсёды радасна тое, што, колькі б не праходзіла часу, якія б абставіны не перашкаджалі нам бачыцца, гэта заўсёды чалавек, з якім я быццам бы развіталася 10 хвілін таму. Быццам мы толькі што раніцай пілі каву.
«Мы заўсёды ведалі, і гэта было нашай агульнай з Мікалаем мантрай, што, калі з’явіцца надзея, вы не пазнаеце беларусаў»
Жонка Мікалая Статкевіча даволі аптымістычна гаворыць не толькі пра свае спатканні з мужам, але і пра сітуацыю, у якой апынулася Беларусь пасля 2020-га. Яна адзначае:
— У гэтым горадзе практычна не засталося знаёмых, але засталася неверагодная колькасць родных.
Проста на кончыках пальцаў ты разумееш, як шмат людзей чакае пераменаў, як шмат людзей стаіць і трымае сваю дзяляначку, узрошчвае свой сад, спрабуе ўратаваць гэтыя кволыя парасткі дзеля сябе, дзеля сваіх сем’яў і дзеля таго, што яны адчулі ў 2020 годзе. Магчыма, многія ўпершыню ў жыцці.
Мы заўсёды ведалі і гэта наша агульная з Мікалаем мантра, што, калі з’явіцца надзея, вы не пазнаеце беларусаў. І большасць беларусаў самі сябе не пазналі. Яны здзівіліся, яны ўпершыню ўвогуле сябе ўбачылі, яны былі ўражаныя і, шчыра кажучы, нават захопленыя.
Я разумею гэта. Людзі проста захапіліся сабой, яны любаваліся сабой, і гэта было шчасце. І я вельмі веру, што гэта памяць, гэта ўнутранае пачуццё нікуды не дзенецца, нават пры тым, што ўсё вельмі дрэнна.
Мікалай Статкевіч быў затрыманы ў чэрвені 2020 года — яго выцягнулі з аўтамабіля па дарозе на мінскі Камароўскі рынак, дзе Статкевіч збіраўся паўдзельнічаць у перадвыбарчым пікеце Святланы Ціханоўскай.
Суд над Сяргеем Ціханоўскім, Ігарам Лосікам, Міколам Статкевічам, Уладзімірам Цыгановічам, Дзмітрыем Паповым і Арцёмам Сакавым пачаўся 24 чэрвеня 2021 года, і праходзіў у закрытым рэжыме. Адвакаты далі падпіску аб неразгалошванні, таму пра акалічнасці працэсу нічога не было вядома, як не было вядома і пра выстаўленыя артыкулы.
14 снежня 2021 года Статкевіча прысудзілі да 14 гадоў пазбаўлення волі.