«Не тое прачыталі?» Палітзняволены Леанід Судаленка не паверыў, што ва Украіне ідзе вайна
Сваякі гомельскага праваабаронцы Леаніда Судаленкі гавораць, што здароўе палітвязня ў норме. А вось з карэспандэнцыямі бяда, піша «Штодзень».
«З лістамі з волі ўсё кепска, аддаюць праз раз. Пра многія рэчы ён дазнаецца, калі яму паведамляем. Напрыклад, пра вайну ва Украіне паведамілі яму мы. Калі распавялі пра Марыупаль, ён спярша не паверыў, падумаў, што нешта мы не тое прачыталі. У цэлым ён цяпер у курсе і пра РЭП, і пра «Вясну», — распавяліродныя Леаніда Судаленкі.
Леанід Судаленка быў затрыманы 18 студзеня 2021 года па дарозе на офіс у межах крымінальнай справы, распачатай паводле арт. 342 (групавыя дзеянні, якія груба парушаюць грамадскі парадак) і быў змешчаны ў ізалятар часовага ўтрымання.
3 лістапада 2021 суддзя Сяргей Салоўскі асудзіў Леаніда Судаленку да трох гадоў пазбаўлення волі. У пачатку гэтага года Леаніда Судаленку этапавалі ў калонію №3 «Віцьба».