«Баявымі верталётамі». Лукашэнка заявіў, што ўкраінцы самі падпальваюць свае пшанічныя палеткі
Аляксандр Лукашэнка сабраў селектарную нараду з нагоды ўборачнай кампаніі, дзе зрабіў некалькі экзатычных заяў. Спачатку ён выказаўся пра «харчовую дыверсію», а цяпер прэс-служба публікуе словы шэфа наконт таго, чаму гараць украінскія палеткі.
Паводле Лукашэнкі, сітуацыя на сусветным харчовым рынку пагаршаецца. «Кадры пшанічных палёў, падпаленых баявымі верталётамі нашых паўднёвых суседзяў, нікому не дадаюць аптымізму. Але гэта толькі вяршыня айсберга», — адзначыў Прэзідэнт.
Таксама ён дадаў, што «бяздумныя санкцыйныя абмежаванні на мінеральныя ўгнаенні, энерганосьбіты і разрыў звыклых транспартных сувязяў паставілі многія краіны на мяжу выжывання. Зіма блізка. І для тых, хто не зможа сябе пракарміць, гэта будзе халодная і галодная зіма».
Нагадаем, што нягледзячы на вайну ўкраінскія хлебаробы збіраюць ураджай збожжа. Расійцы, здараецца, скідваюць на іх бомбы і ракеты, таксама фермеры часам падрываюцца на минах.
Акрамя таго, Украіна мае праблемы з экспартам збожжа праз блакаванне расійцамі марскіх партоў у Адэсе і Мікалаеве.